Сёння, 25 ліпеня, – Дзень пажарнай службы

З гісторыі пажарнай службы на Дзятлаўшчыне

Дзятлава, як і іншыя мястэчкі, збудаваныя пераважна з дрэва, вельмі часта гарэла. Так, пажары здараліся ў 1789, 1806, 1850, 1868, 1874, 1881, 1882, 1894 і 1897 гадах. Пажар 1874 г. знішчыў яўрэйскую сінагогу, 211 жылых дамоў і 119 надворных пабудоў, страта склала да 134500 рублёў.

Прычынай пажараў бывалі і падпалы. Так, з 7 па 21 красавіка 1844 г. у Дзятлава было восем пажараў у выніку падпалаў: у ноч з 7 на 8 красавіка, г.зн. з пятніцы на суботу, загарэўся хлеў яўрэя Вольфа Больсіна, у наступную ноч — хлеў яўрэя Вольфа Разважского, затым хлеў Лейзера Герцоўскага, хлеў селяніна Міхайлы Чучэйкі, хлеў сялянкі ўдавы Ганны Граеўскай. Па падазрэнні ў падпалах былі арыштаваныя трое з ніжніх чыноў конна-артылерыйскай лёгкай № 5 батарэі, якая кватаравала ў мястэчку, а таксама адзін селянін м.Дятлова Пётр Бурдун, яшчэ над некаторымі асобамі (пяццю ніжнімі чынамі і двума грамадзянскімі асобамі, у тым ліку над Беркам Лейзеравічам) устаноўлены нагляд.

У ноч з 19 на 20 кастрычніка 1844 г. адбыўся пажар у касцельным завулку — згарэлі стайня і свіран яўрэя Абрама Моўшавіча Левіна, страта склала  423 руб. 75 кап. Яўрэі Дзятлава ў колькасці 35-ці чалавек падалі прашэнне, у якім з-за спусташэння грамадства ад пажараў хадайнічалі аб прадастаўленні льгот у выплаце падаткаў і грашовай дапамозе для адбудовы знішчаных пажарам дамоў. Рашэнне губернскіх уладаў было наступным: адпусціць для дзевяці сямействаў, у якіх вынішчаны і жылыя памяшканні, з лясных дач па 50 каранёў, астатнім — па 30. Аднак усё ж гэта зроблена не было, так як «бліжэйшыя да м. Дзятлава лесы не ў стане задавальняць патрэбы ў лясным матэрыяле нават казённых сялян «.

Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэты час (прамых дакументальных сведчанняў пакуль не знойдзена) у Дзятлаве была пабудавана пажарная каланча і створана пажарная каманда. Яна складалася ў асноўным з мужчын-яўрэяў, якім кагал плаціў за працу пэўную суму грошай.

Дзе знаходзілася каланча? Як сведчыць відавочца — Ч.І.Ермаловіч, жыхар горада, які нарадзіўся да Вялікай Айчыннай вайны, яна была ў цэнтры горада, там рэгулярна дзяжурыў пажарны і, калі заўважаў пажар, званіў у звон. Пажарныя выязджалі на месца на конях, запрэжаных у спецыяльна абсталяваныя калёсы.

Пажарная каманда існавала і ў часы Польскай Рэспублікі.

18 сакавіка 1921 года падпісаны Рыжскі мірны дагавор, у адпаведнасці з якім Заходняя Беларусь (Гродзенская, заходнія паветы Мінскай і ўсходнія паветы Віленскай губерні (тэрыторыя агульнай плошчай 113 000 кв. км з насельніцтвам каля 4 млн. чалавек) адышла да Польшчы. Па прынятым адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні тут былі ўтвораны Беластоцкае, Наваградскае, Палескае і Віленскае ваяводствы.

8-9 верасня 1921 г. у Варшаве адбыўся I агульнадзяржаўны з’езд дэлегатаў пажарнай аховы Польшчы, на якім быў утвораны Галоўны Саюз Пажарнай Аховы Рэчы Паспалітай Польскай (з 1933 г. — Саюз Пажарнай Аховы). На тэрыторыі ваяводстваў былі створаны: Навагрудскі Саюз з цэнтрам у Баранавічах — 4 сакавіка 1923 г., Віленскі Саюз (акрамя Віленшчыны ахопліваў тэрыторыі цяперашніх Ашмянскага, Браслаўскага, Маладзечанскага і Пастаўскага раёнаў Рэспублікі Беларусь) — 27 мая 1923 г., Палескі Саюз з цэнтрам у Пінску, 14 лютага 1926 г.- Беластоцкі Саюз, пад «юрысдыкцыю» якога падпадала частка сучаснай Гродзенскай вобласці — 9 чэрвеня 1923 г. Дзятлава ўваходзіла ў Навагрудскі саюз пажарнай аховы. Гэтая сістэма праіснавала да 1939 года.

На базе былой польскай пажарнай каманды ў 1945 годзе была створана пажарная каманда ў Дзятлаве. Яна была забяспечана канём, з пажарнага абсталявання мелася ручная пажарная помпа, мотапомпа. У 1948 годзе каманда атрымала баявы пажарны аўтамабіль ГАЗ-АА, у пярэдняй частцы якога была ўсталявана помпа маркі ПВД-10. Службу на варце пажарнай бяспекі ў гэты час неслі 29 чалавек.

Першапачаткова пажарная каманда размяшчалася ў драўляным аднапавярховым будынку. У 1951-1952 гадах пад дэпо на два пажарныя аўтамабілі была пераабсталявана былая яўрэйская сінагога. У гэтым будынку пажарнае дэпо знаходзіцца і цяпер.

З цягам часу на ўзбраенне пажарнай каманды паступала новая, больш магутная пажарная тэхніка.

У 1960 году пажарная каманда г. Дзятлава налічвала 11 чалавек. У 1966 году згодна з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 3 жніўня 1966 года фарміраванне было пераназвана ў прафесійную пажарную частку. У яе штаце ў 1973 годзе было 12 чалавек: адзін начальнік часткі, чатыры начальнікі варты, пяць вадзіцеляў. На ўзбраенні меліся аўтацыстэрна ПМЗ-63 і аўтацыстэрна АЦ-20 (66), мотапомпа М-800, мотапомпа М-600, грузавы аўтамабіль ГАЗ-51, матацыкл К-750.

У 1976 году штат дзятлаўскай пажарнай часткі складаў 16 чалавек, у 1982-м — 20.

У тыя гады начальнікамі частак пажарнай аховы былі: у г. п. Казлоўшчына С.Г. Дзянісік, у г. п. Наваельня — В. Ф. Сушчэвіч, у Дзятлаве — І.К. Баковіч.

Начальнікам гарнізона пажарнай аховы быў А.С. Урублеўскі. У 1983 годзе ён пайшоў на заслужаны адпачынак. Да 2006 года раённую пажарную службу ўзначальваў С. В. Малышчык.

У 1994 годзе была праведзена ваенізацыя пажарнай службы, і ў Дзятлаўскім раёне ўжо налічваліся 2 пажарныя часці – ў Дзятлаве і Наваельні (цяпер тут размешчаны пост), пасады ва Казлоўшчыне, Раготна, Падвялікае, Лапушна. Праз некалькі гадоў пост у вёсцы Лапушна быў скарочаны.

З 1999 года пачынае свой адлік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Цяпер Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях налічвае 70 чалавек (68 атэставаных і двае грамадзянскіх). Узначальвае аддзел Казушчык Сяргей Сяргеевіч, маёр унутранай службы.

Матэрыял падрыхтаваны старшым навуковым супрацоўнікам музея Абрамчык А.Р.

Читайте также: