Праца прыносіла плён (Дзятлаўшчына ў 60-я гады)

     Восьмую пяцігодку (1966-1970) сельская гаспадарка раёна пачынала ў складзе 20 калгасаў і 4 саўгасаў. Машына-трактарны парк гаспадарак у 1966 годзе налічваў 287 аўтамабіляў, 389 трактароў, 100 збожжавых камбайнаў, 289 сеялак.

За апошнюю пяцігодку ўраджайнасць збожжа ў раёне ўзрасла на 9,4 ц/га і ў 1970 атрыманы самы вялікі для Дзятлаўшчыны ўраджай.

Павялічылася і прадуктыўнасць грамадскай жывёлагадоўлі. Надой ад каровы з 1811 у 1966 годзе дасягнуў 2025 кг малака ў 1970 годзе. Вытворчасць мяса склала 75,3 цэнтнера ў разліку на 100 га сельгасугоддзяў. Грамадскі статак у 1966 годзе налічваў 23640 галоў рагатай жывёлы, з іх ліку 9996 кароў, мелася 13960 свіней.

Развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі дало магчымасць істотна палепшыць становішча народнай адукацыі.

У 60-я гады павялічылася колькасцть вучняў і школ. У 1961-62 навучальным годзе дзейнічалі 104 школы, у іх вучылася 8800 дзяцей, выкладалі 604 настаўнікі. 53 з 70 пачатковых школ працавалі ў адну змену, было створана 14 школ рабочай моладзі.

У сярэдзіне 60-х гадоў Беларусь узяла курс на ўсеагульную васьмігадовую і сярэднюю адукацыю. У 1967-68 навучальным годзе у раёне дзейнічалі 112 школ (73 пачатковыя, 23 васьмігодкі і 16 сярэдніх), у іх вучылася 10356 вучняў, выкладалі 729 настаўнікаў. 14 школ мелі прышкольныя інтэрнаты, у 12 былі адчынены сталовыя альбо буфеты. Колькасць двухзменных школ зменшылася да 29. У раёне працавалі заслужаныя настаўнікі БССР – М.Ф.Петрыкевіч, Ж М.В.Навіцкая, Г.Г.Квашніна.

У сярэдзіне 60-х гадоў раён меў 32 клубныя ўстановы, у іх працавалі 40 штатных работнікаў. У 1965 годзе адчынена Дзятлаўская музычная школа. Колькасць гурткоў і калектываў мастацкай самадзейнасці ў 1968 годзе склала 241. На канец 1970 года мелася 59 масавых бібліятэк з фондам 396,6 тысяч экзэмпляраў кніг і часопісаў. Чытачоў абслугоўвалі 72 бібліятэчныя работнікі.

На канец 60-х гадоў у раёне было 11592 фізкультурнікі, 32 штатныя фізкультурныя работнікі, спартыўныя збудаванні змяшчалі 4449 чалавек.

У 1968 годзе прызёрам Алімпійскіх гульняў у Мехіка стаў дзятлаўчанін Міхаіл Жалабоўскі – чэмпіён СССР па бегу на 5 тысяч метраў.

Колькасць медыцынскіх устаноў з 1946 па 1967 год павялічылася ў 2 разы без уліку фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У сярэдзіне 60-х гадоў насельніцтва раёна атрымлівала медыцынскую дапамогу ў 8 бальніцах (400 ложкаў), 2-х урачэбных амбулаторыях, 2-х пунктах здароўя, 26-ці фельчарска-акушэрскіх пунктах, 7-мі аптэках. У 1966 годзе адчынены дзіцячы санаторый “Ластаўка” на 50 ложкаў, паліклініка ў г.п.Наваельня, пашырана да 50 ложкаў Новаяльнянская гарпасялковая бальніца, пабудавана амбулаторыя пры Доме адпачынку “Рэчанька”. У медустановах раёна працавалі 39 урачоў і 275 работнікаў сярэдняй медыцынскай адукацыі.

За 8-ю пяцігодку здадзена ў эксплуатацыю 45 дамоў, 4 клубы, 12 лазняў, 10 майстэрань бытавога абслугоўвання, 2 гасцініцы, 10 бібліятэк, 25 магазінаў, 4 сталовыя, газіфікаваны 1712 кватэры. У 1968 годзе ў Дзятлаве адчынены Музей народнай славы.

За гады 10-й пяцігодкі аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў параўнанні з 1975 годам (апошнім годам 9-й пяцігодкі) у 3 разы, ці на 24 млн. рублёў. Прадуктыўнасць працы павялічылася ў 2 разы. Датэрмінова выканалі вытворчыя пяцігадовыя заданні калектывы хлебакамбіната, масласырзавода, лясгаса.

Будаўнікі раёна асвоілі больш за 22 млн. рублёў капіталаўкладанняў. Уведзены ў эксплуатацыю Новаяльнянскі свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў, збожжасховішча на 8500 тон, шэраг жывёлагадоўчых ферм, іншых аб’ектаў.

40 млн. рублёў капіталаўкладанняў выкарыстана на развіццё сельскай гаспадаркі. Аб’ём ад валавай вытворчасці склаў больш за 120 млн. рублёў, што на 6.9% больш, чым у 9-й пяцігодцы. Сярэднегадовы продаж мяса за пяцігодку склаў 8625 тон, малака – 26769 тон, збожжа – 11355 тон.

За 10-ю пяцігодку ўзведзена школьных будынкаў на 944 месцы, вучэбны корпус СПТВ №15 на 720 навучэнцаў, паліклініка ў райцэнтры.

Читайте также: