Дзятлаўшчына ў 70 — 80 -я гады

З пачаткам 70-х гадоў змяншаецца колькасць школьнікаў і школ. З 10532 у 1969-1970 навучальным годзе да 7759 чалавек у 1978-1979 навучальным годзе зменшылася колькасць вучняў і са 100 у 1969-70 да 69 у 1978-79 навучальным годзе – колькасць школ. Амаль на 200 чалавек зменшылася колькасць настаўнікаў.

У 70-я гады колькасць клубных устаноў у раёне дасягнула 50. І такой засталася да 90-х. У клубах працавалі 59 чалавек. На канец 1980 года найбольшага ліку дасягнула і колькасць масавых бібліятэк— 62. Яны мелі 588,5 тысяч экзэмпляраў кніг і часопісаў. Чытачоў абслугоўвалі 79 бібліятэкараў. У 1972 годзе адчынена Казлоўшчынская, а у 1976 годзе –

Новаяльнянская музычныя школы. У найбольшай колькасці да 1980 года былі і гурткі, калектывы мастацкай самадзейнасці – усяго 378.

У 80-х гадах зменшылася колькасць вучняў і школ. Школ засталося 39, вучняў – 5293, ім выкладалі 540 настаўнікаў. Але павялічылася колькасць дзіцячых дашкольных устаноў. У 1986 годзе іх мелася 21, у садах даглядалі 1565 дзяцей.

80-я гады захавалі ў раёне ранейшую колькасць клубных устаноў – 50, але колькасць работнікаў у іх зменшылася да 74 у 1989 годзе. А вось лік бібліятэчных работнікаў на названага года павялічыўся, склаў 82, хоць зменшылася да 55 колькасць масавых бібліятэк, якія мелі 700,1 тысяч экзэмпляраў кніг і часопісаў.

У 1988 годзе пачала працаваць музычная школа у калгасе “Расія”, а ў наступным годзе – яшчэ дзве, у калгасах “Гвардыя” і “1-е Мая”. Колькасць гурткоў і калектываў мастацкай самадзейнасці ў 1990 годзе зменшылася да 303.

Фізкультурнікамі на Дзятлаўшчыне ў 1980-я гады лічыліся 14565 чалавек. Мелася 47 штатных фізкультурных работнікаў і спартыўных збудаванняў на 6773 месцы. У 1980 годзе чэмпіёнамі рэспублікі па хакею на прыз “Залатая шайба” стала каманда першай дзятлаўскай школы. Каманда “Матор” з Дзятлаўскага раёна завалодала кубкам Гродзенскай вобласці па футболу. А выхаванцы Дзятлаўскай ДЮСШ браты Аляксандр і Уладзімір Лябецкія з 1986 года выступалі за футбольныя каманды майстроў.

У 1991-92 навучальным годзе ў раёне мелася 37 школ, з іх 18 сярэдніх, 8 няпоўных сярэдніх і 11 пачатковых. У школах навучаліся 5298 чалавек, выкладалі 580 настаўнікаў. Дашкольных устаноў стала 23. Але колькасць дзяцей у іх паменшылася з 1739 у 1988 годзе да 1682 – у 1991 годзе. Ва ўсіх школах раёна ў 1991-92 навучальным годзе першакласнікаў вучылі па-беларуску. З 1317 дзецьмі (56 груп) у дзіцячых садах працавалі таксама па-беларуску.

Читайте также: