Да 75-годдзя Гродзенскай вобласці

Дзятлаўшчына ў 90-я гады

У 90-я гады раён працягвае спецыялізавацца на вытворчасці мяса, малака, ільну, бульбы, зернебабовых культур. Нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з агульным спадам эканомікі краіны, у 90-я гады намецілася тэндэнцыя да стабілізацыі вытворчасці як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці, будаўніцтве.

Сельскую гаспадарку раёна прадстаўлялі 14 калгасаў і 3 таварыствы, працавалі Новаяльнянскае і Міроўшчынскае аб’яднанні “Сельгастэхніка”. Ураджайнасць зернавых у 1996 годзе склала па раёне 26,8 ц/га, што больш чым у 1995 годзе. Лепшымі былі калгасы “Расія” – 43,6 ц/га, “1-е Мая”, “Парэчча”, “Гвардыя”, дзе ўраджайнасць склала звыш 30 ц/га. Стабілізаваліся надоі і колькасць статку ў жывёлагадоўлі.

Вынікі былі дасягнуты за кошт паляпшэння агульнай культуры землекарыстання, укаранення інтэнсіўных тэхналогій, павышэння прафесійнага майстэрства працаўнікоў сяла.

Асноўны напрамак развіцця прамысловасці – перапрацоўка. З 11 прадпрыемстваў – 6 займаліся перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі: ільнозавод, крухмальны, спіртзавод, віна-гарэлачны завод. У 90-я гады ў раёне пабудаваны заводы металавырабаў і інвентарных будынкаў. Дзейнічалі два прадпрыемствы па вырабу мэблі: цэх аб’яднання “Гроднамэбля” і Казлоўшчынская мэблевая фабрыка.

Распад СССР, атрыманне незалежнасці, спробы стабілізаваць эканоміку  —

гэтыя фактары наклалі адбітак на работу прадпрыемстваў. Стабільна працавала Дзятлаўская аграпрамтэхніка, сырзавод, лясгас, спіртзавод, віна-гарэлачны завод, дзе быў прырост аб’емаў прадукцыі. Разам з тым недахоп сыравіны, сродкаў, адсутнасць стабільных  і надзейных рынкаў збыту гатовай прадукцыі  з’явіліся прычынай спаду вытворчасці некаторых прадпрыемстваў. На рэалізацыю прадукцыі ўплывалі таксама такія формы, як зніжэнне плацежаздольнасці насельніцтва, канкурэнцыя з боку прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.

У такіх умовах важную ролю іграла своечасовая пераарыентацыя прадпрыемстваў на асваенне новых відаў прадукцыі, павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці. У гэтым напрамку добра працавалі сырзавод, завод інвентарных будынкаў, віна-гарэлачны завод, лясгас, мэблевая фабрыка. Яны ўкаранілі сучасныя тэхналагічныя лініі, расшырылі асартымент прадукцыі, актыўна шукалі новыя рынкі збыту. У раёне таксама праводзілася пэўная работа па рэфарміраванні дзяржаўнай уласнасці і прыватызацыі. Былі ператвораны ў камерцыйныя прадпрыемствы адкрытага тыпу Дзятлаўскі сырзавод, Боркаўскі крухмальны завод, Дварэцкі льнозавод, Новаяльнянскі міжрайаграпрамснаб. Дзейнічалі 15 камерцыйных структур і 358 асоб, якія займаліся індывідуальнай працоўнай дзейнасцю.

Наладжвалася будаўніцтва жылля. Выдзяляліся субсідыі і матэрыялы для індывідуальных заказчыкаў, аказвалася бязвыплатная дапамога найбольш бедным сем’ям. У 1996 годзе здадзена ў эксплуатацыю 97 кватэр, на чарзе была дабудова 110-кватэрнага дома, дома для ветэранаў вайны і працы на 60 кватэр.

Працягвалася работа па газіфікацыі гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў. За 1996 год здадзена ў эксплуатацыю 6,4 км газавых ліній. Палепшыўся стан дарожнай сеткі раёна. Працягласць аўтамабільных дарог склала 352,8 км. Дзейнічала 16 мясцовых маршрутаў. Была распрацавана праграма добраўпарадкавання Дзятлава, гарадскіх пасёлкаў і вёсак.

Бытавыя паслугі насельніцтву аказвалі 24 комплексна-прыёмныя пункты, у тым ліку 4 дамы быту, цэх рытуальных паслуг і пральня.

На тэрыторыі раёна размяшчалася 157 магазінаў, 20 кіёскаў, працавалі 3 аўтамагазіны. Аб’яднанне прадпрыемстваў грамадскага харчавання налічвала 35 кропак.

  Працяг будзе

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian