Да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі: сямнаццатага верасня – не проста дата ў календары

Восемдзясят гадоў таму адбылася значная для таго часу падзея: Беларусь нарэшце аб’ядналася ў адну краіну, у адну дзяржаву – Беларускую Савецкую Сацыялістычную рэспубліку.

З-пад улады Польскай Рэспублікі ( існавала з 1918 па 1939 гады) выйшла і Дзятлаўшчына. Шмат чаго здарылася за васямнаццаць гадоў польскай акупацыі (1921-1939), шмат якія асобы і падзеі чырвонай ніткай запісаны на скрыжалях гісторыі нашай малой радзімы.

Наша тэрыторыя адышла да Польскай Рэспублікі ў выніку Рыжскага мірнага дагавору 1921 г.

Гістарычная даведка

 Канчаткова межы Польскай Рэспублікі на ўсходзе былі ўсталяваны ў 1923 г., калі ў яе склад ўвайшла тэрыторыя Сярэдняй Літвы з Вільняй. Уся тэрыторыя Польшчы падзялялася на ваяводствы, паветы і гміны. Паняцце “Заходняя Беларусь” уключае ў сябе тэрыторыю 4 ваяводстваў: Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага з насельніцтвам 3,5 млн. чалавек у 1921 г., 5 млн. – у 1935 г. Усяго Заходняя Беларусь ахоплівала 24% тэрыторыі Польскай Рэспублікі і 13% яе насельніцтва. Афіцыйна з боку ўлад гэтыя землі атрымалі назву “паўночна-ўсходнія крэсы (ускраіны)”. Насельніцтва Заходняй Беларусі паводле свайго складу было шматнацыянальным: беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы і інш. Згодна з афіцыйнымі польскімі дадзенымі, каля паловы яго складалі палякі, паколькі падчас перапісаў атаясамліваліся каталіцызм і польскасць. 

На той час землі Заходняй Беларусі ў эканамічных адносінах ўяўлялі з сябе слабаразвітую аграрную правінцыю ў складзе Польшчы. У 1920-1930-я гг. каля 80% насельніцтва Заходняй Беларусі, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне, займалася сельскай гаспадаркай. У выніку ваенных дзеянняў у 1915 – 1920 гг. значна скараціліся пасяўныя плошчы, аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі, пагалоўе жывёлы. У структуры землеўладання пераважалі буйныя ўладанні з плошчай звыш 100 га (55% на 1921 г.). На тэрыторыі нашага раёна таксама былі такія ўладанні: Міроўшчына (Стравінскія), Янаўшчына (Бохвіц-Радваны) і іншыя. Большасць сялянскіх гаспадарак з’яўляліся малазямельнымі.

Таксама Заходняя Беларусь была адным з найбольш прамыслова адсталых рэгіёнаў Польшчы. Удзельная вага прамысловасці Заходняй Беларусі ў агульнай структуры польскай індустрыі складала 3-4%. Большасць прадпрыемстваў на Дзятлаўшчыне за гэты час перайшла ад ранейшых уладальнікаў – мясцовай шляхты – у рукі яўрэяў. Вядома, напрыклад, што лесапільня, якая знаходзілася ў Дзятлаве, належала купцу Каплінскаму.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі адбывалася паступовае развіццё пачатковай адукацыі. У 1937/38 навучальным годзе тут налічвалася 4421 пачатковых школ з 546 тыс. навучэнцаў. Былі пачатковыя школкі і ў розных вёсках нашага раёна. Часта навучанне вялося ў звычайнай вясковай хаце, настаўнікі былі як мясцовыя, так і польскія, таму што асноўным накірункам адукацыйнай палітыкі польскіх уладаў з’яўлялася паланізацыя школы. Гэта суправаджалася дыскрымінацыяй беларускіх навучальных устаноў. Калі ў сярэдзіне 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічала 77 беларускіх школ і 4 гімназіі (у Вільні, Радашковічах, Клецку, Навагрудку), то ў 1938 г. не засталося ніводнай. У Дзятлаве таксама была польская школа.

Супраць такой палітыкі ўладаў актыўна выступалі члены КПЗБ (Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі) і Беларускай сялянска-рабочай грамады. Сярод барацьбітоў за правы народа, за вяртанне беларускім дзеткам школ на роднай мове – наш зямляк Ігнат Дварчанін. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць ён у 1930 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 год турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай у 1932 г. прыехаў у Менск. Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі. Аднак у час рэпрэсій 30-х гадоў  быў арыштаваны і расстраляны як вораг народа.

Цікавы факт

Вядома, што адным з падпольшчыкаў Заходняй Беларусі быў беларускі паэт Максім Танк. Ён часта вазіў падпольную літаратуру ў розныя мястэчкі Заходняй Беларусі. Аднойчы быў і ў Дзятлаве. З успамінаў паэта вядома, што прыехаў ён восеньскім днём на цягніку з Баранавіч да Дварца, пеша прыйшоў у Дзятлава, начаваў тут. Яго высачыла мясцовая паліцыя, спрабавала арыштаваць, маючы асобыя прыкметы: хлопец быў у форме чыгуначніка. Аднак Яўгена Скурко (сапраўднае прозвішча М.Танка) папярэдзілі, яму ўдалося па лясных дарогах дайсці да Дварца і сесці на цягнік.

Верасень 1939 года прынёс насельніцтву Заходняй Беларусі кардынальныя змены ва ўсіх сферах жыцця. Новая савецкая адміністрацыя вельмі талерантна ставілася да мясцовых жыхароў, польскія чыноўнікі і службоўцы ніжэйшага рангу засталіся на сваіх пасадах, функцыі дзяржаўнай міліцыі выконвала рабочая міліцыя. Ва ўсіх дзяржаўных установах беларуская, польская, руская і яўрэйская мовы лічыліся раўнапраўнымі. Была ўведзена ўсеагульная адукацыя для дзяцей і моладзі.

У снежні 1939- студзені 1940 г. былі нацыялізаваны фабрыкі, заводы, банкі і сістэма гандлю. Панская зямля была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. Правялі нацыяналізацыю жылых памяшканняў. У якасці грашовай адзінкі  рубель замяніў злоты. Пасля выбараў у дзяржаўных установах пачалі пераважаць беларусы, рускія і яўрэі. Польскіх служачых і настаўнікаў звальнялі, са школьных праграмаў выключылі вывучэнне гісторыі Польшчы. З дзяржаўных будынкаў знялі шыльды з польскімі надпісамі.

У лютым-ліпені 1940 года пачалася рэарганізацыя ўлады на ўзор Усходняй Беларусі. У кастрычніку 1939 года быў скліканы Народны сход Заходняй Беларусі. Дэлегатамі ад Дзятдаўшчыны сталі І.І.Губко, К.А. Тарасюк, Б.Б.Малахоўскі, М.Е.Герус, Ю.М.Жамойдзік і інш. На сходзе было прынята рашэнне аб аб’яднанні Беларусі ў адзіную дзяржаву. Стала праводзіцца калектывізацыя. У 1939 годзе  паспелі арганізаваць  толькі некалькі калгасаў: у в.Ліжэйкі – калгас імя Сталіна, у вёсках Гірычы, Труханавічы і былым панскім маёнтку Міроўшчына – калгас імя Варашылава. У 1940 годзе былі створаны 8 калгасаў, у 1941 – 3.  Выдаваліся пашпарты. Пачаўся абмен насельніцтвам: палякі перасяляліся ў Польшчу, беларусы – на тэрыторыю БССР. Усталявалася граніца з немцамі, якія захапілі Польшчу. Мірнае жыццё пайшло сваім ходам, аднак неўзабаве яго перапыніць вайна.

Сямнаццатага верасня 1939 года. Пра гэту дату ў нашым гарадку заўсёды будзе нагадваць цэнтральная плошча – плошча 17 Верасня.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также: