Гісторыя побач з намі

АКАЎЦЫ? Хто яны такія і як склаўся іх лёс?

 

Не так даўно трапіла ў рукі кніга Яўгена Сямашкі “Армія Краёва на Беларусі”. Цікавае даследаванне гісторыка ахоплівае перыяд з 30-х па 50-я гады, аналізуюцца перадумовы і прычыны палітычнай сітуацыі, калі Армія Краёва выступіла супраць Савецкай Арміі, а пасля вайны ўзніклі бандфарміраванні, што бадзяліся па лясах Заходняй Беларусі і бязжаласна абыходзіліся з мірным насельніцтвам.

Захацелася даведацца, ці былі сярод вайскоўцаў Арміі Краёвай нашы землякі, дзятлаўчане. Дапамог у гэтым спіс рэпрэсіраваных і рэабілітаваных Дзятлаўскага раёна, які быў прадастаўлены музею падчас стварэння кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”. У спісе пададзены прозвішчы ўсіх рэпрэсіраваных землякоў, часткова таксама ўказаны прычыны рэпрэсій, а таксама год, калі чалавек быў рэабілітаваны.

Але спачатку некалькі слоў пра Армію Краёву.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 14 тыс. чалавек польскай Арміі Краёвай (АК – акаўцаў). Хто ж такія акаўцы?

Пасля таго, як Гітлер у 1939 годзе захапіў Польшчу, кіраўніцтва Польшчы аказалася ў эміграцыі ў Лондане. Там жа аказаліся і польскія буржуазныя партыі, якія дзейнічалі ў падполлі, афіцэрства і каталіцкае духавенства. Яны  расцэньвалі дзеянні СССР і Германіі як несправядлівыя і агрэсіўныя і ставілі сваёй мэтай падняць народ на ўсеагульнае паўстанне, аднавіць Польскую дзяржаву і вярнуць ёй тэрыторыі ў межах да 1 верасня 1939 г., у тым ліку тэрыторыі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Літвы (Віленскага краю).

Ужо з восені 1939 г. на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі дзейнічалі польскія антысавецкія падпольныя арганізацыі, якія накоплівалі зброю, распаўсюджвалі антысавецкую літаратуру, выступалі за аднаўленне “Другой Рэчы Паспалітай” (1918–1939) і разлічвалі на дапамогу ўрадаў Англіі і ЗША.

У лістападзе 1939 г. быў створаны нелегальны “Саюз узброенай барацьбы”, дзейнасць яго распаўсюджвалася і на тэрыторыі былых “усходніх крэсаў”.

Пасля нападу Германіі на СССР “Саюзу узброенай барацьбы” прадпісвалася не ўступаць у актыўныя баявыя дзеянні, а засяроджваць намаганні на падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, на разведцы, сабатажы і дыверсіях. 30 ліпеня 1941 г. у Лондане было падпісана пагадненне аб нармалізацыі адносін паміж урадамі СССР і Польшчы. У 1941–1942 гг. эмігранцкі польскі ўрад у Лондане пашырае супрацоўніцтва з СССР. Быў падпісаны шэраг пагадненняў, у тым ліку аб фарміраванні на тэрыторыі СССР польскай арміі. У Маскве былі створаны Саюз польскіх патрыётаў і польскія ўзброеныя сілы на чале з З. Берлінгам.

У лютым 1942 г. на базе “Саюза ўзброенай барацьбы” і іншых сіл па загаду польскага кіраўніцтва ў Лондане была створана Армія Краёва – падпольнае ваеннае фарміраванне знішчанай Польскай дзяржавы, якое дзейнічала як на тэрыторыі ўласнай Польшчы, так і ў Заходняй Беларусі, Заходняй Украіне і Літве. Галоўнай задачай фарміравання з’яўлялася барацьба за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах 1 верасня 1939 г. з уключэннем у яе склад Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Віленскага краю Літвы.

Цэнтр камандавання Арміяй Краёвай знаходзіўся ў Варшаве, падпарадкоўваўся ўраду У. Сікорскага ў Лондане. Мясцовае насельніцтва заходніх абласцей Беларусі савецкіх партызан называла “чырвонымі”, удзельнікаў Арміі Краёвай – “белымі” альбо легіянерамі, польскіх партызан, якія падпарадкоўваліся камандаванню Войска Польскага і Чырвонай Арміі, – “зялёнымі” партызанамі. Акрамя шматлікіх сутычак, адкрытай барацьбы з савецкімі партызанамі ў 1941 г. – пачатку 1943 г. польскія ваенныя фарміраванні не вялі, іншы раз нават сябравалі з беларускімі партызанамі, ратавалі палонных, раненых.

Пасля разрыву адносін паміж СССР і Польшчай у красавіку 1943 г. становішча змянілася. Армія Краёва прытрымлівалася лозунга “двух ворагаў” і вяла барацьбу на два фронты – супраць немцаў і супраць бальшавікоў. Армія Краёва адкрыта ставіцца на пазіцыі антысаветызму, антысемітызму, савецкіх партызан называе жыдоўска-бальшавіцкімі бандытамі і грабежнікамі, ваюе з імі. З восені 1943 г. і да лета 1944 г. толькі ў Навагрудскай акрузе фарміраванні акаўцаў правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан. Толькі легіянеры стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай забілі 6000 партызан і мірных жыхароў Беларусі.

Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі фарміраванні Арміі Краёвай спрабавалі процістаяць аднаўленню савецкай улады ў яе заходніх абласцях.

З мэтай спынення супраціўлення Арміі Краёвай у верасні 1944 г. паміж урадам Беларусі і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення было заключана пагадненне аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з Польшчы ў Беларусь і польскага насельніцтва з Беларусі ў Польшчу. Да 1 мая 1945 г. з Польшчы ў Беларусь прыбылі 25 123 чалавекі, а з Беларусі ў Польшчу – 35 704.

У студзені 1945 г. Армія Краёва была афіцыйна распушчана. Бандытызм акаўцаў у Беларусі працягваўся аж да пачатку 50-х гадоў, пакуль яны не былі вылаўлены савецкімі сілавымі структурамі і аддадзены пад суд.

Такім чынам, у пасляваенны час адзіным спосабам існавання акаўцаў быў прымітыўны бандытызм, густа афарбаваны нянавісцю да савецкай улады. Армія Краёва была створана кіруючымі коламі Польшчы для абароны палітычных інтарэсаў гэтай дзяржавы.

Сярод нашых землякоў, што служылі ў Арміі Краёвай, жывых, мяркуючы па спісах, не засталося нікога. Або загінулі, або былі расстраляны адразу ж пасля таго, як трапілі ў рукі уладаў (гэта тэма цэлага даследавання з папярэдняй працай у архівах); рэпрэсіраваны пасля Вялікай Айчыннай вайны былі  члены сем’яў акаўцаў, вось іх імёны:

Ваніслаўчык Ніна Сцяпанаўна з вёскі Рагіні (1928 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіравана ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Ваніслаўчык Соф’я Сцяпанаўна з вёскі Рагіні (1932 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіравана ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Ваніслаўчык Юзэфа Міхайлаўна з вёскі Рагіні (1884 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіравана ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Ваніслаўчык Сцяпан Андрэевіч з вёскі Рагіні (1872 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіраваны ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Герус Канстанцін Паўлавіч з вёскі Каменка (1886 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіраваны ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Герус Фёкла Фамінічна з вёскі Каменка (1888 года нараджэння), член сям’і ўдзельніка бандгрупы АК, рэпрэсіравана ў 1946 годзе, вызвалена ў 1951, рэабілітавана ў 1994 годзе пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Шэсць чалавек. Дзеці, жонкі, бацькі… Як склаўся іх лёс, зараз цяжка сказаць: у вёсках не засталося сведкаў, а знайсці сваякоў – тое самае, што знайсці іголку ў стозе сена. Аднак можна меркаваць, што склаўся ён нялёгка і няпрста нават пры ўмове, што яны вярнуліся пасля высылкі ў родныя вёскі.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также: