Да года малой радзімы

Мемарыяльная калона ў Наваельні (было ўсяго 300 па тэрыторыі Беларусі). Адкуль яна ўзялася і што з ёй рабіць?

Самай вядомай мураванай калонай на тэрыторыі Беларусі лічыцца калона ў мястэчку Глыбокае Віцебскай вобласці. З’яўленне мемарыяльнай калоны на тэрыторыі населенага пункта Глыбокае датуецца гістарычнымі дакументамі канца XVIII стагоддзя, калі ўрад афіцыйна аб’явіў аб стварэнні Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. 3 мая 1791 года – дата, якая перавярнулася звыклае і стабільнае жыццё дзяржавы. Феадальная анархія адчула ўдар “пад дых”, з кожным днём прыходзіла разуменне, што ранейшай вострай неабходнасці ў самакіраванні няма. Цяпер дзяржава ўсё больш набывала рысы канстытуцыйнай манархіі, у выніку чаго мясцовыя жыхары здабылі шматлікія правы. У тым ліку і доўгачаканую свабоду слова і друку; з’яўляецца публічны суд, а феадальнае права адмяняецца без вяртання. З’яўленне новага адміністрацыйнага дакумента пацягнула за сабой і знікненне права так званага “ліберум вета”, якое давала магчымасць забароны далейшага абмеркавання пытання. Аж да цяперашніх дзён мемарыяльная калона ўяўляе сабой жывы напамін пра часы мінулага, каменная статуя наскрозь ахутана своеасаблівай атмасферай, а турысты і сёння могуць дакрануцца да гісторыі Беларусі.

Канстытуцыя 3 мая 1791 года стваралася 32 месяцы, а дзейнічала няпоўных 12, амаль да другога падзелу краіны – Рэчы Паспалітай. Яна лічыцца першай еўрапейскай канстытуцыяй сучаснага ўзору. У гонар яе прыняцця ў апошняе дзесяцігоддзе XVIII стагоддзя па ўсёй Рэспубліцы Двух Народаў ўсталявалі пад 300 мемарыяльных калон. Як правіла, яны з’яўляліся ва ўладаннях прыхільнікаў апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

На землях Вялікага Княства Літоўскага, цяперашняй беларускай тэрыторыі, захаваліся адзінкавыя калоны. Адбіліся і забароны ў Расійскай імперыі XIX стагоддзя на ўсё, якое адносіцца да падзеленай Рэчы Паспалітай, і дзве разбуральныя сусветныя вайны стагоддзя мінулага. Сабраць звесткі пра беларускія калоны ў гонар Канстытуцыі 3 мая ўзялася Альжбета Іневска, дыпламат, другі сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі, якая цікавіцца мінулым.

З тэмай яна сутыкнулася ў 2004-м годзе, падчас першага тэрміну працы ў нашай краіне: даведалася пра калону ў Глыбокім. А калі ў 2015-м зноў прыехала ў Беларусь, першай знаходкай стала калона ў Лявонпалі на Міёршчыне. Альжбета Іневска расказвае:

  • Яна адна з самых прыгожых і высокіх – амаль 10-метровая, да таго ж выдатна захавалася. Усталявалі яе на мяжы першага падзелу Рэчы Паспалітай. А ўжо ў міжваеннай Польшчы замест даўно знятага герба на яе змясцілі сімвал часоў прэзідэнта Пілсудскага. Вялікі, каб яго бачылі з савецкага боку Заходняй Дзвіны. У Петрыкаве захаваліся абедзве калоны, але адна пацярпела ў часы трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

У пошуку Альжбеце Інеўскай дапамагалі камандзіроўкі і аповяды людзей. Нярэдка калоны аказваліся наводшыбе сучасных вёсак. Напрыклад, у Пясках цяперашняга Бярозаўскага раёна яе ўсталявалі на краі лесу, дзе любіла адпачываць Саламея, жонка ўладальніка маёнтка Якуба Францішка Пуслоўскага. Кажуць, пасля смерці жонкі ён моцна здаў, а знайшлі яго нежывое цела недалёка ад калоны. Але часцей шляхцічы ўсталёўвалі іх за добры кіламетр ад сядзібы, каб паказаць сваю палітычную пазіцыю і, напэўна, пахваліцца перад гасцямі. Праўда, час усё расставіў на свае месцы. У Шніпках на Шчучыншчыне на сумны выгляд калоны паўплывала яе размяшчэнне ў нізіне.

Іневска не разлічвала на прамыя пацверджанні сувязі калон з Канстытуцыяй 3 мая ў архівах і старых выданнях. Бо на рубяжы XVIII — XIX стагоддзяў калоны маглі стаць прычынай непрыемнасцяў. За ўстаноўку калоны ў Фашчаўцы (цяпер — Шклоўскі раён) членаў ордэна езуітаў, ініцыятараў устаноўкі, катавалі. А за такі помнік у Дзятлаве і за ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі больш за год правёў у смаленскай турме надворны маршалак Станіслаў Солтан.

– Напрыклад, калону ў Пясках (цяпер – Мастоўскі раён) Аляксандр Сапега паставіў і ў гонар стрыечнага брата Казіміра Нестара Сапегі – аднаго з аўтараў Канстытуцыі 3 мая. А камандуючы войскамі ВКЛ Мікалай Радзівіл узвёў калону непадалёк ад маёнтка ў Жырмунах (цяперашняя Воранаўшчына) у падзяку за ўзнагароду – ордэн Белага арла, – распавядае Альжбета Іневска.

Дзве калоны ў Алексічах (адна захавалася да нашых дзён) і ў Дзярэчыне Аляксандр Міхал Сапега паставіў не толькі ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, але, так выйшла, і ў памяць аб сваёй асабістай трагедыі.

У многіх мемарыяльных знакаў дзіўная гісторыя. Калону ў Скоках пад Брэстам маглі не дабудаваць. Грошы скончыліся, а фундатар Юльян Урсын-Нямцэвіч, будучы ад’ютант Тадэвуша Касцюшкі, апынуўся ў эміграцыі. Трохпавярховую калону-капліцу ў Бездзежы (Драгічынскі раён) ўзводзілі па праекце аднаго з Радзівілаў герба Трубы ў памяць пра бітву ў гэтых месцах панскіх канфедэратаў – праціўнікаў караля Панятоўскага. Але падзеі 3 мая 1791-га рэзка змянілі падаплёку ўстаноўкі манумента, па сутнасці, праславіўшы манарха.

У Петрыкаве, цяпер райцэнтры на Гомельшчыне, на адлегласьці некалькіх мэтраў размясцілі адразу дзве калоны. Гэта быў сімвал блізкасці Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. Сярод іх былі і канструктыўныя адрозненні. Але яны не кідаюцца ў вочы: да часу трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай адна з калон пацярпела пры ўваходзе ў горад рускіх салдат. А ў Магілёўцах і Палонску на Пружаншчыне калоны стаялі на адлегласці 15 кіламетраў адна ад адной на ўскраінах маёнткаў братоў Быхаўцоў. Кажуць, падчас паўстання 1863 года збудаванні сталі арыенцірамі для паўстанцаў. За гэта яны атрымалі назву калон Каліноўскага, які кіраваў паўстаннем, або калон Траўгута – па прозвішчы кіраўніка, які змагаўся тут са сваім атрадам.

Даўжэй за ўсё давялося Альжбеце шукаць калону ў Наваельні непадалёк ад Дзятлава. Калі ўжо амаль страціла надзею, ёй сустрэўся малады чалавек, які падзарабляў там гідам. Ён і расказаў, як літаральна пару дзён таму вадзіў па гэтых месцах сям’ю пецярбуржцаў. Дык вось, іх дзядуля распавядаў: у Наваельні стаяла калона ў гонар Канстытуцыі (а яшчэ – у гонар ўладальніка гэтых зямель Антонія Тызенгаўза). Праўда, цяпер яе стан – жаласны. А пра мінулае нагадвае толькі нямецкая маляваная паштоўка.

Апошняя знаходка – калона ў Дзярэчыне на Зельвеншчыне. Пра яе Эльжбета даведалася, калі каталог ўжо быў надрукаваны:

– Ва ўладаннях Аляксандра Міхала Сапегі было дзве калоны. Адну, не вельмі стройную, усталявалі без праекта ў Алексічах – на ўездзе ў маёнтак. Другую спраектаваў у Дзярэчыне, мабыць, той жа архітэктар, што і стварыў палац. Пра яе было вядома яшчэ ў 1930-х, але, напэўна, згубілі знак у гады Другой сусветнай вайны. З калонамі звязана і асабістая трагедыя Сапегі. Аляксандр Міхал не надта падтрымліваў Канстытуцыю, а яшчэ больш – караля. Так, калі Панятоўскі пасягаў на трон, магнат трымаўся яго супернікаў Радзівілаў. А затым Сапега (тады гэта лічылася нармальным) дазволіў сваёй жонцы стаць фаварыткай караля. Але, вядома, ён не разлічваў, што тая народзіць ад манарха дваіх дзяцей.

Многія калоны пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ратавалі ад знішчэння мясцовыя жыхары: казалі, што яны ўзведзена ў гонар нейкага святога, бывала, што ставілі яго скульптуру на верх збудавання. Так, у Выстычах Брэсцкага раёна з’явілася постаць Панны Марыі.

Аднак вернемся да калоны ў Наваельні. Яна, як бачым, у вельмі дрэнным стане. Разбураецца. Можа, варта падумаць, як яе аднавіць? Паглядзеўшы вокам гаспадара, можна сказаць упэўнена, што і сродкаў тут не так шмат трэба. Але што за кропка турыстычнага маршруту па Дзятлаўшчыне атрымаецца! Які гістарычны пласт можна падняць, ведучы экскурсію! Ці не так, паважаныя сябры?..

   Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

 

 

 

Читайте также: