Эпізод сёлетніх падарожжаў: сустрэча з Ліпічанскай пушчай

Вясной гэтага года да мяне звярнулася даўняя сяброўка з Ізраіля Тамара Барадач з просьбай – знайсці месца ў Ліпічанскай пушчы, дзе размяшчаўся сямейны партызанскі лагер. Напісала ў Фейсбуку, што чацвёртага ліпеня ў Дзятлава прыедзе вялікая сям’я Мінухін з Ізраіля і іншых краін. Пазбіраюцца ўсе разам на некалькі дзён, каб пабыць на зямлі продкаў, пахадзіць па тых мясцінах, дзе лёс памамог некаторым з сям’і выратавацца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выратаваліся тады Шлёма і Калман Мінухін, жылі ў сямейным Ленінскім партызанскім атрадзе, які ўзначальваў Валянцін Біцько. Пасля таго, як ім удалося збегчы перад пагромам з гета, хаваліся ў атрадзе Арлянскі, якім кіраваў Вахонін. Па іх успамінах, атрад базаваўся за 16 км ад Дзятлава, недалёка ад Шчары, а потым трапілі ў яўрэйскі партызанскі атрад непадалёку ад Руды Яварскай.

Сям’я ўжо прыязджала ў Дзятлава некалькі гадоў таму, але былі тады толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення і некаторыя іх дзеці. Зараз ехала каля дваццаці чалавек, розныя пакаленні, у тым ліку ўнукі і праўнукі. Адказна. Тым больш мы заўсёды рады такім гасцям, з павагай ставімся да таго, як яны мэтанакіравана берагуць памяць, выхоўваюць на ёй многія пакаленні сваіх атожылкаў, збіраюцца з усяго свету, каб на непрацяглы час адчуць сябе зноў адным цэлым, абмяняцца думкамі, пачуццямі, энергетыкамі…

Што быў у гады вайны такі лагер, я ведала і раней, але дзе ён знаходзіўся не мела ніякага ўяўлення, не давялося туды ні разу наведацца. Аднак лічыла, што і для сябе самой трэба яго знайсці, паехаць туды: бо як гэта – працаваць, хоць і няшмат часу, усяго каля двух гадоў, у краязнаўчым музеі і не ўбачыць такое знакавае месца. Пачала шукаць таго, хто змог бы паказаць. Такі чалавек знайшоўся: ім аказаўся Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч. Некалі, працуючы фізруком у дзятлаўскіх школах, ён шмат разоў арганізоўваў у тых месцах паходы і спартыўныя лагеры, праводзіў “Зарніцы”, спаборніцтвы па турыстычным арыенціраванні.

І вось у адзін з цёплых чэрвеньскіх дзянькоў мы, я, захавальнік музея Ірына Станіславаўна Якаўчык, дырэктар музея Вольга Мікалаеўна Цюшляева, Валерый Міхайлавіч з дачкой Таццянай, коцімся на аўто гаспадара ў Ліпічанскую пушчу. Вырашылі заехаць і на месцы трагедый вёсак Дзятлаўскага раёна: да помнікаў ў Вялікай Волі, Трахімавічах, пабылі і ў былым доме адпачынку калгаснікаў, дзе яшчэ захаваўся помнік партызанам атрада Арлянскі. Але ў той дзень лагера атрада Ленінскі мы не знайшлі. Валерый Міхайлавіч, здаецца, помніў месца, хоць не быў там гадоў дваццаць, і арыенціры ўсе сыходзіліся – а лагера няма. Кружылі, кружылі па лесе, ды нічога не знайшлі. Так, расчараваныя, і паехалі дахаты кружным шляхам, праз Казлоўшчыну. Па дарозе спыніліся ў Падвялікім, распыталі ў мясцовых: тыя сказалі, што зямлянкі там ёсць, настаўнікі з Казлоўшчынскай школы вазілі нядаўна дзяцей, але ніхто не ўзяўся паказаць, дзе дакладна.

Аднак мы былі б не мы, каб так лёгка здаліся на міласць лёсу. Ды і абяцанне, дадзенае Тамары Барадач, трэба было выканаць. Валерый Міхайлавіч паабяцаў, што, калі паедзе з сынам на рыбалку на Шчару, абавязкова знойдзе лагер. Час яшчэ ёсць.

Патэлефанаваў тыдні праз два: знайшоў лагер. Аказалася, мы кружылі зусім побач, метраў за дзвесце. Там і помнік стаіць, і адна зямлянка цэлая. Праўда, яна не аўтэнтычная, зроблена ў савецкі час спецыяльна для сустрэч ветэранаў, аднак нагадвае былую зямлянку камандзіра атрада, і дзякуючы ёй можна мець уяўленне, як жылі ў атрадзе.

Сям’я Мінухін завітала ў Дзятлава 5 ліпеня. Спачатку наведалі музей гімназіі №1, дзе настаўніца гісторыі Радомская Алена Вікенцьеўна і яе вучні расказалі пра музей, пра Халакост на Дзятлаўшчыне. Размова перарасла ў дыялог паміж гімназістамі і гасцямі. І адкрыўся цікавы факт: самая старэйшая прадстаўніца сям’і Мінухін была ў тыя дні немаўляткам, яе бацькі хавалі ў “маліне” – выкапанай уручную яме-схованцы, якая ў час пагромаў ратавала ад смерці. І вось аднойчы, калі сядзелі ўсе ў яме, маленькая заплакала. Маці заціснула ёй роцік, каб не знайшлі і не расстралялі астатніх. Дзіця ледзь не задыхнулася. Пашчасціла, што паліцаі надоўга ў доме не затрымаліся, рушылі далей. Потым дзяўчынка разам з бацькамі апынулася ў лесе, расла ў лагеры, у зямлянцы. Яна зараз, амаль васьмідзесяцігадовая бабуля, была сярод прысутных. І ўспомніла яшчэ адзін факт: выжыла яна дзякуючы цёплай хустцы-тарноўцы, якую дала адна вясковая жанчына, калі ўбачыла, што немаўля няма ў што закруціць.

З гімназіі паехалі на месцы расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ў Курпешскі лес і на яўрэйскія могілкі, а потым, ужо пасля  палудня, забралі Валерыя Міхайлавіча з дачкой і накіраваліся ў Ліпічанскую пушчу. Гэтым разам знайшлі лагер адразу. Арыенцірам служыў помнік Ленінскаму партызанскаму атраду. І зямлянку камандзіскую знайшлі, і мноства ўзгоркаў, дзе некалі знаходзіліся сямейныя зямлянкі, але з часам абсунуліся, перакрыцці пагнілі, і зямлянкі ператварыліся ў невялікія ўзгорачкі.

Госці доўга хадзілі па лесе, зайшлі ў камандзірскую зямлянку, дзе Тамара Барадач гаварыла з маладымі пра памяць, пра тое, што давялося перажыць тады іх блізкім, якім коштам яны выжылі ў гады вайны і як трэба сёння цаніць і берагчы жыццё і сваіх родных. З усімі на іўрыце доўга гутарыла і бабуля, сабраўшы свае “галінкі” вакол сябе. Гаварыла, нешта паказвала, а яны ўважліва слухалі. Ці разумелі тыя, хто пра вайну ведае так няшмат, аб чым яна казала? Напэўна, разумелі, бо ў яўрэйскіх семьях галоўнае – памяць і кроўная еднасць. Гэта закладаецца з малаком маці. Памяць пакаленняў… Як не хапае яе ў нашых, беларускіх, сем’ях і як яна нам таксама патрэбна. Патрэбна як паветра… Як хлеб…

Назад ехалі прыцішаныя, супакоеныя. Мы – задаволеныя тым, што выканалі абяцанне, яны – што ступілі на зямлю свайго роду, знайшлі свае карані. Развіталіся цёпла. Выйшлі з буса і доўга махалі, усміхаючыся адзін аднаму, на развітанне. Шчаслівай вам дарогі, гістарычныя суседзі, прыязджайце да нас яшчэ.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian