Новыя вандроўкі – новыя факты

Новыя вандроўкі – новыя факты

Яшчэ летам, на адным з мерапрыемстваў музея, мясцовы мастак з Наваельні Анатоль Аляксандравіч Кардаш расказаў пра месца ў лесе недалёка ад пасёлка, куды, па сведчаннях яго бацькоў ды і іншых жыхароў Наваельні, у гады Вялікай Айчыннай вайны прывозілі на цягніках яўрэяў з розных куткоў Беларусі, прымалі ў лесе, а потым расстрэльвалі ў розных месцах ваколіцы. На месцах расстрэлу ў савецкі час былі пастаўлены памятныя знакі, у тым ліку і каля вёскі Коцькі.

Пра тое месца пачула ад Анатоля Аляксандравіча ўпершыню, таму захацелася паехаць, паглядзець, магчыма, можна будзе знайсці які-небудзь архіўны матэрыял пра тыя падзеі. Па тых жа расказах мясцовых сведкаў выходзіла, што ў лесе быў выкапаны глыбокі роў, які акаляў плошчы лесу прыкладна 200 на 200 метраў. Пляцоўка была абнесена агароджай з калючым дротам, на чатырох кутах стаялі вышкі з вартавымі. Людзі знаходзіліся проста пад адкрытым небам, хутчэй за ўсё, іх нават не кармілі. Проста сядзелі на сырой зямлі і чакалі свайго часу – часу смерці. Потым іх сарціравалі, мертвых вывозілі, а астатніх гналі да месца расстрэлу.

І вось сёння нарэшце  мы едзем туды. Анатоль Аляксандравіч добра ведае дарогу, быў там не аднойчы ў грыбах, яго таксама хвалююць факты зверстваў фашыстаў у гады вайны. Выходзім з машыны, пераабуваемся ў боты і куруем ў лес. Месца часовага лагера ад дарогі Наваельна-Дварэц знаходзіцца зусім блізка, метраў за 500, напэўна. Падыходзім. Сапраўды, роў яшчэ захаваўся, відаць і ўзвышэнні, на якіх стаялі вартавыя вышкі. Абыходзім вакол, лічым крокі. Пляцоўка была немалая. Колькі ж тут трымалі тых гаротнікаў? Суткі, двое, тыдзень? Што ім абяцалі фашысты? Напэўна, падманвалі, хто хутка павязуць у іншае месца, дадуць жытло, работу? Яны ж ніколі не казалі праўду, вуаліравалі свае зверствы перыфразамі, абязанкамі-цацанкамі. Жудасна. Анатоль Аляксандравіч кажа, што у сярэдзіне гэтага загона не растуць грыбы. Побач растуць, па рве нават растуць, а ў загоне – не. Магчыма, там пахаваны людзі, тыя, хто паміраў ад голаду і хваробаў, не дачакаўшыся расстрэлу.

Едзем да абеліска ў Коцьках. Агароджы, якая стаяла раней, няма, яна састарэла і яе знеслі, абеліск падфарбаваны, на ім таблічка на рускай мове і іўрыце: пахавана ў брацкай магіле 10 тысяч чалавек. Гэта самае вялікае яўрэйскае пахаванне па дзятлаўскай зямлі. Насыпу на магіле амаль не відаць, яна больш падобная на роў. Дык вось яно – месца  зверстваў нацыстаў часоў Другой сусветнай. Жудаснае месца побач з вёскай Коцькі, у якой некалі стаяў паліцэйскі гарнізон.

Колькі часу прайшло, а вайна нагадвае пра сябе зноў і зноў новымі і новымі фактамі. Добра, што есць каму яшчэ расказаць і паказаць, бо нішто і ніхто не павінен быць забыты.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

          

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian