А “Паланэз Агінскага” здымаўся ў Дзятлаве…

             

kinopoisk.ru

«Паланэз Агінскага» — фільм рэжысёра Льва Голуба, зняты на кінастудыі Беларусьфільм у 1971 годзе.

Гэта гісторыя пра маленькага скрыпача, які стаў сіратой у першы дзень вайны. Бадзяючыся па вёсках Заходняй Беларусі ў пошуках ежы, ён трапляе ў партызанскі атрад. Адцягваючы ўвагу салдат фашысцкага пікету ігрой на скрыпцы, юны Васіль забяспечвае прыкрыццё сапёрнай групе, якая мініруе чыгуначны мост.

На наступную аперацыю па падрыве ваеннага эшалона адпраўляецца ўжо сам Вася разам з адным з партызанаў атрада. Пасля ўдалага выбуху складоў сябра арыштоўвае патруль, а Васіль здолеў схавацца ў каталіцкім касцёле. Гэтым касцёлам і быў наш дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцца Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Здымкі праходзілі амаль тыдзень. Местачкоўцы з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца на плошчы, размаўлялі з акцёрамі, частавалі дзятлаўскімі ласункамі.

Яшчэ адным героем фільма стаў арган, што стаіць на хорах і сёння, праўда, ў нерабочым стане, чакае  свайго часу, каб загучаць ва ўсе трубы на ўрачыстых богаслужэннях. У касцёле Васіль пазнаёміўся ​​з польскім арганістам Франакам, які і расказаў яму пра арган і выратаваў хлопчыка.

Праз некалькі гадоў пасля заканчэння вайны, на фестывалі маладых выканаўцаў у Польшчы, Васіль сустракае дзядзьку Франака.

Каманда, якая здымала фільм, складалася з вядомых людзей таго часу: аўтар сцэнарыя Кастусь Губарэвіч, рэжысёр-пастаноўшчык Леў Голуб, аператар-пастаноўшчык Рыгор Масальскі, кампазітар Генрых Вагнер, мастак-пастаноўшчык Вячаслаў Кубараў.

Фільм атрымаў шырокую вядомасць. Яму было прысуджана шмат прызоў: галоўны прыз ЦК ВЛКСМ «Алая гвоздика» «за стварэнне фільма, які садзейнічае вырашэнню праблемы героіка-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі» на Усесаюзным кінафестывалі дзіцячых фільмаў (Масква, 1971), прыз III Міжнароднага кінафестывалю фільмаў для дзяцей у межах VII Маскоўскага міжнароднага кінафестываля(1971), прыз Міністэрства асветы СССР «За найлепшы фільм для дзяцей», прыз-сюрпрыз (жоўты мяч з аўтографамі Льва Яшына і іншых вядомых футбалістаў) ад дзіцячага журы «За найлепшае выкананне дзіцячай ролі» — Ілью Цукеру.

Аўтар сцэнарыя Кастусь Губарэвіч атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР 1972 года ў галіне кінематаграфіі. Рэжысёр Л. Голуб — за фільмы «Дзяўчынка шукае тату», «Анюціна дарога», «Паланэз Агінскага» таксама атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР 1972 года. І яшчэ адным лаўрэатам гэтай прэміі стаў аператар Г. Масальскі. Фільм сабраў цэлы россып узнагарод.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian