Да 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна: як гэта было?

Агульны выгляд Дзятлава 

Старая школа

Як гэта было

15 студзеня 1940 года быў утвораны Дзятлаўскі раён, які ўвайшоў у склад Баранавіцкай вобласці, але напярэдадні адбылося шмат лёсавызначальных падзей, якія і адыгралі сваю ролю ў яго стварэнні.

Першага верасня 1939 года фашыстская Германія напала на Польшчу – пачалася Першая сусветная вайна. А 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу. Яна хутка прасоўвалася на захад. У той жа дзень на беластоцкім напрамку часці Чырвонай Арміі фарсіравалі раку Нёман і занялі Стоўбцы, Нясвіж, Мір, Карэлічы, Баранавічы. 18 верасня былі вызвалены Навагрудак, Дзятлава, Слонім, Ваўкавыск. Да 25 верасня Чырвоная Армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь.

Мясцовыя памешчыкі, польскія чыноўнікі, паліцэйскія, баючыся новай улады, ратаваліся, як маглі, уцякалі на захад, пакінуўшы маёнткі і сваю маёмасць.

У другой палове дня 17 верасня ў Засецці, Явары, Раготне, Вензаўцы і іншых населеных пунктах урачыста сустракалі Чырвоную Армію. Паводле ўспамінаў жыхаркі в.Белякі Любові Белавус, у вёсцы была зроблена трыумфальная арка для сустрэчы вайскоўцаў, дзеці залазілі на гарышча і праз акенца назіралі, як по вуліцы ідуць танкі. Каля аркі стаялі людзі з прывітальнымі лозунгамі.  Чырвонаармейцаў сустракалі традыцыйным хлебам-соллю, частавалі яблыкамі, малаком.

Новую ўладу ў Дзятлаве чакалі. Так, у верасні быў створаны ўзброены атрад, які захапіў пошту, тэлефонны вузел, гміну, пастарунак, раззброіў паліцэйскіх, асаднікаў.

Гістарычная даведка

  Асаднікі — польскія каланісты, у т.л. былыя ваенныя, якім урад міжваеннай Польшчы паводле спецыяльнага закону 1920 г. выдзяляў землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

  У польскай, чэшскай, славацкай, украінскай, верхненелужыцкай мовах «асада» азначае пасяленне, сядзібу, калонію.

  На Беларусі вядомае паняцце «асадных» або «чыншавых сялян». Гэта званне за ваенныя заслугі, зямлю і шляхецкія званні атрымлівалі нават татары, але ўсё роўна не яны засталіся для беларусаў, як «асаднікі».

 У міжванны час на Заходняй Беларусі асаднікі — адметны феномен XX стагоддзя. Гэта ваенныя і грамадзянскія каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з цэнтральных раёнаў краіны ў заходнюю Беларусь і Украіну.

  «Асадніцтва» пачалося на аснове закона ад снежня 1920 годзе аб надзяленні зямлёй салдат, якія асабліва вызначыліся  ў вайне супраць бальшавікоў. Асаднікаў надзялялі ўчасткамі зямлі па некалькі дзесяткаў гектараў і пасялялі пераважна ўздоўж савецка-польскай мяжы. Асаднікі мелі зброю і аб’ядноўваліся ў «Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін», выконвалі паліцэйскія, адміністрацыйныя і антыдыверсійныя функцыі. Усяго  у Заходняй Беларусі было каля 9-ці тысяч гаспадарак асаднікаў. Мэта гэтай акцыі — змяніць этнічны склад насельніцтва ў памежных раёнах, паланізаваць мясцовых беларусаў, адгарадзіцца ад Савецкага Саюза надзейнай сцяной карэнных палякаў.

У сярэдзіне 1920-х маёнткі асаднікаў паліліся беларускімі сялянамі.

Па пытаннях арганізацыі дзяржаўнага ладу ў кастрычніку 1939 года быў скліканы Народны сход Заходняй Беларусі. Дэпутатамі ў Народны сход ад Дзятлаўшчыны былі выбраны І.І.Губко, К.А.Тарасюк, Б.Б.Малахоўскі, М.Е.Герус, Ю.М.Жамойдзік і інш. На сходзе была выказана думка за ўстанаўленне савецкай улады.

У Дзятлаве было створана часовае ўпраўленне, камітэт, які ўзначаліў Браніслаў Іванавіч Ленка. Камітэт займаўся пытаннямі палітычнага, культурнага і гаспадарчага жыцця. Камітэты прысутнічалі на падзеле панскай зямлі, раздавалі бедным кароў і свіней.

На Дзятлаўшчыне 41 памешчык меў больш за 33 тысячы гектараў зямлі, 50 асаднікаў валодалі 1670 гектарамі. Зямлю раздзялілі паміж парабкамі, беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі. Была праведзена нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў. На Дзятлаўшчыне мелася 5 паравых лесапільных заводаў, 3 электрастанцыі, 33 млыны, 5 цагельных, 5 кафельных, вапнавы, вінакурны, спіртавы заводы, швейная арцель.

Аднаўлялася работа школ, пошты, аптэк, бальніц. За 6 месяцаў савецкай улады ў Дзятлаве адчынілася бальніца на 35 ложкаў, зубалячэбная амбулаторыя, у в.Накрышкі – бальніца на 25 ложкаў, у г.п.Наваельня – урачэбны і зубалячэбны пункты. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Дзятлаўскім раёне працавалі ўжо 4 бальніцы на 230 ложкаў. Адчыніліся школы на беларускай мове, бібліятэкі. За першыя паўгода новай улады было адчынена 25 новых школ. Вясной 1940 года іх налічвалася 76.

У студзені 1940 года адбыўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Сельская мясцовасць была падзелена на сельсаветы, старшынямі якіх сталі былыя падпольшчыкі, члены КПЗ(б). Ствараліся першыя калгасы, у сакавіку 1940 года ў Жукоўшчыне была створана МТС.

Матэрыял падрыхтаваны старшым навуковым супрацоўнікам музея А.Абрамчык

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian