Да 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна: пасляваенная Дзятлаўшчына

Пасляваенная Дзятлаўшчына

У 1946-48 гадах пачаўся рух за стварэнне калгасаў. Першым на тэрыторыі былога Казлоўшчынскага раёна ў Яварскім сельсавеце ў снежні 1946 года створаны калгас “Новае жыццё”. У лютым 1948 года ўзнік першы калгас і на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна (Засецкі сельсавет), яму далі назву “Перамога” (цяпер “Русь-Агра”). Да 1 студзеня 1949 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна існавалі тры калгасы, яны аб’ядналі 116 сялянскіх гаспадарак.

Да верасня 1949 года колкасць калгасаў павялічылася, іх стала 18.

Стварэнне калгасаў, іншыя новаўвядзенні ў вёсках сутыкнуліся з супраціўленнем часткі мясцовага насельніцтва, асабліва тых, якія затаілі крыўду на савецкую ўладу. Ад рук бандытаў загінула шмат актывістаў.

1950 год стаў пераломным у разгортванні калгаснага руху. Калі на пачатку года пасяўная плошча калгасаў складала 8150 гектараў, то ў канцы яго ўжо 27100 гектараў. Калгасы аб’яднналі 6529 сельскіх гаспадарак, ці 81% ад усёй іх колькасці.

Вялікую дапамогу калгасам аказвалі МТС. Да створанай у 1944 годзе Дзятлаўскай МТС (знаходзілася ў вёсцы Міроўшчына) у 1956 годзе дадалася Казлоўшчынская МТС, у 1952 годзе – Новаяльнянская, у 1953 годзе – Раготнаўская. Пастаянна павялічваўся трактарны парк МТС. У канцы 1952 года Дзятлаўская МТС мела 29 трактароў, Новаяльнянская – 24.

Самааддана працавалі работнікі машынна-трактарных станцый. Спаборніцтва ў Дзятлаўскай МТС узначальвала брыгада У.М.Малчанава. Лепшымі трактарыстамі з’яўляліся Б.М.Руткоўскі, В.В.Бельскі. Актывіствмі калгаснага руху з’яўляліся І.І.Белы, У.Л. Бяляк, У.В.Варган, Р.С. Кандзіранда,

Г.Я Савань, Ф.М.Шумскі.

Паступова ўмацоўвалася ў 50-я гады вытворча-тэхнічная база прамысловасці раёна. Пачалося будаўніцтва Дварэцкага льнозавода, які ўведзены ў строй дзеючых у 1953 годзе. Затым пабудаваны Вялікашастакоўскі цагельны завод, Стралянскі вапнавы завод, хлебазаводы ў Дзятлаве і Наваельні, Боркаўскі крухмальны завод і Парэцкі спіртзавод. Пачалі дзейнічаць майстэрні па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, міжрайбаза сельгастэхнікі ў Наваельні, Дзятлаўскі вінзавод, перасоўная механізаваная калона №52, міжкалгасная будаўнічая арганізацыя.

З 50-х гадоў у раёне пачалося паскоранае будаўніцтва гідраэлектрастанцый мясцовага значэння. Восенню 1953 года дала ток самая магутная сярод электрастанцый падобнага роду ў вобласці Новаяльнянская ГЭС на 220 кілават у гадзіну. Яна дазволіла электрафікаваць 4 самыя буйныя калгасы. У 1955 годзе пачала працаваць Новаяльнянская ГЭС магутнасцю 210 кілават у гадзіну. У 1960 годзе завяршылася будаўніцтва Гезгалаўскай ГЭС магутнасцю 550 кілават у гадзіну, раслічанай на электрафікацыю 13 узбуйненых калгасаў.

У ліпені 1947 года адкрылася Дзятлаўская раённая бібліятэка. Яе арганізатарам стаў У.С.Квяткоўскі. Ён напісаў аб’яву і папрасіў дзятлаўчан прыносіць кнігі. Жыхары пасёлка сабралі 1500 кніг. Падаравалі кнігі Баранавіцкая абласная і Рэспубліканская бібліятэкі. Да канца 1948 года кніжны фонд раённай бібліятэкі склаў 3000 экзэмпляраў. Першымі чытачамі сталі дзеці і моладзь.

У 1948 годзе раён меў 13 клубаў і 14 клубных работнікаў.

У 1952-53 навучальным годзе ў раёне працавалі 62 школы, 58 з іх – пачатковыя. У школах выкладалі 111 настаўнікаў, вучыліся 2424 вучні. Усе школы месціліся ў прыстасаваных памяшканнях, 39 з 58 пачатковых школ працавалі ў дзве змены. Ва ўсіх школах выкладалі па-беларуску.

Матэрыял падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Абрамчык

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian