Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна: жыццё, аддадзенае працы на зямлі

Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна

Жыццё, аддадзенае працы на зямлі

Неяк аднаго разу ў музей завітаў Аляксандр Кот, жыхар г.п. Наваельня, з прапановай паехаць у Барышына да Ляшэвіча Сямёна Сяргеевіча, уладальніка некалькіх дзяржаўных узнагарод за шматгадовую і добрасумленную працу ў калгасе “Гвардыя”, ветэрана працы. Са слоў наведвальніка зразумелі, што Сямён Сяргеевіч жыве адзінока, хварэе. Чаму ж не падтрымаць чалавека маральна, не паехаць і не запісаць успаміны пра калгаснае жыццё? Падзякавалі наведвальніку, паабяцалі пры зручным выпадку патэлефанаваць і наведацца ў Барышына.

Праз некалькі дзён набрала нумар Аляксандра і дамовілася пра паездку.

Дарога да Барышына здалася даволі доўгай. Магчыма, таму, што ехалі надвячоркам, ужо шарэла, і па гравейцы рухаліся павольна. Увесь час размаўлялі пра Сямёна Сяргеевіча, увогуле пра жыццё ў калгасах, успаміналі нейкія факты часоў Савецкага Саюза.

Калі машына завярнула ў завулак, Аляксандр папярэдзіў: “Толькі не пужайцеся, умовы жыцця не самыя лепшыя”. Выйшлі з машыны, пакрочылі да хаткі. Каб зайсці ўсярэдзіну, трэба было добра прыгнуцца: дзверы вельмі нізкія, праход вузенькі. Зайшлі. Павіталіся. Гаспадар сядзеў на невысокім ложку справа. Злева размяшчалася печка, за ёю ложак для начнога адпачынку. Пасярод хаты стаяла некалькі крэслаў, у куце на тумбе – тэлевізар, над ім ікона. Стала не было, і мы селі на тыя два крэслы, якія нам прапанаваў гаспадар. Аляксандра ён добра ведаў. Я назвала сваё імя і сказала, дзе працую. У хаце была суседка, як аказалася, прыстарэлая нямая жанчына, мітуслівая і гаваркая. Толькі гаворку яе немагчыма было зразумець. Яна ўвесь час нешта імкнулася давесці, цалавала мяне і Аляксандра. Можна было разабраць з яе вуснаў толькі імя – Саша. Гаспадар строга паглядзеў на суседку і прыклаў палец да вуснаў – загадаў маўчаць. І яна прыціхла, села каля мяне на табурэтку.

А яшчэ у хаце  быў сын, які наведаў бацьку, прывёз неабходнае ды і развітаўся з намі.

Гаворка пайшла адразу неяк лёгка. Сама я з вёскі, добра памятаю сваё калгаснае дзяцінства і юнацтва, таму была для Сямёна Сяргеевіча субяседнікам не з іншай планеты.

Сямён Ляшэвіч пачаў сваю працоўную дзейнасць у пачатку 60-х гадоў. Вёў улік працадзён у калгасе  “Радзіма” (зараз ААТ “Граніт-Агра”). Старшынёй калгаса быў тады Юдэнка Канстанцін Львовіч. Праз некаторы час старшыня прапанаваў Сямёну пасаду брыгадзіра, паслаў на месячныя курсы ў Навагрудак. Брыгаду Сямён прыняў у вёсцы Кузьмічы. Тады ў кожнай вёсцы была брыгада, і вёскі спаборнічалі паміж сабой. Кузьмічы былі вёскай не апошняй у ваколіцы. Меўся свой ФАП, магазін, сельскі савет, дзесяцігодка.

Рабілі ўсё ўручную, праца была вельмі цяжкая. Тэхнікі мала, асноўная цяглавая сіла – коні. Ды і коні валіліся з ног. Былі моманты, калі брыгадзір выносіў ім прысуд – да вясны не дажывуць, падуць ад голаду. Калі заканчвалася сена, кармілі сечкай з саломы. Але як толькі з’яўлялася першая траўка, коней выганялі на выпас і праз месяц яны прыходзілі ў нейкую больш-менш прыстойную форму. Выплату на трудадні праводзілі ў канцы года. Хоць адпрацаваць у калгасе трэба было каля 30 дзён на месяц, плацілі толькі за 10 дзён. Ды і плата была смешная – 500 грамаў зерня на працадзень і 5 капеек грашыма. Больш-менш прыстойна на тыя часы пачалі плаціць толькі ў 1964 годзе, калі брыгадзіру ўпершыню далі 100 рублёў зарплаты.

Сямён Сяргеевіч успамінае адзін выпадак  тых гадоў. Калі Канстанцін Львовіч Юдэнка, былы старшыня калгаса, пачаў працаваць старшынёй Новаяльнянскага сельскага савета, то адносіны фуражыра з брыгады Кузьмічы да яго сям’і змяніліся. Мякка кажучы, пахаладнелі. І вось аднойчы цешча Юдэнкі прыйшла да брыгадзіра Сямёна Ляшэвіча з просьбай. Не было чым карміць карову, а сям’я без яе не магла абысціся, хацелі датрымаць як-небудзь да вясны. Сямен выклікаў фуражыра і настойліва папрасіў даваць жанчыне сечку, якую рэзалі для коней, некалькі мяшкоў у дзень. Зяць жа падымаў калгас, хіба можна так няўдзячна ставіцца да людзей. Сямён добра ведаў, што значыць карова для вясковага чалавека – апірышча і карміцелька. Калі ёсць карова, сям’я выжыве пры любых абставінах. Таму даглядалі кароўку, як маглі.  Шукалі траву, каб нажаць хоць кошык дзе-небудзь па канавах ці на ўзлеску, усімі праўдамі і няпраўдамі назапашвалі сена на зіму. Аднак часта таго сена неставала, даводзілася  да вясны абыходзіцца  самолай, пазычаць у сваякоў ці купляць, у каго былі грошы. А яшчэ Сямён Ляшэвіч быў выхаваны бацькам-святаром у паслухмянстве і адказнасці за людзей. Калі ты пастаўлены кіраўніком, то абавязаны клапаціцца пра людзей, бо любая ўлада – ад Бога. А гэта двайная адказнасць.

Тэхнікі на той час у калгасах не было, усе трактары стаялі ў сельгастэхніцы ў вёсцы Міроўшчына, адтуль іх размяркоўвалі на часовую дапамогу ў калгасы. Прышлюць трактар – і працую ён і ўдзень, і ўночы. Брыгадзір уставаў у чатыры гадзіны раніцы, ішоў на поле праверыць, колькі трактарыст узараў за ноч. Бывала такое, што трактарыст засынаў за рулём. Але неяк абыходзілася без трагедый. Бог мілаваў.

Калгасныя ўраджаі былі вельмі нізкія – толькі 5-6 цэнтнераў з гектара. Калі ў 1965 годзе брыгада Ляшэвіча атрымала 10 цэнтнераў, брыгадзіра ўпершыню пахвалілі.

У сярэдзіне 60-х стала трохі лягчэй. Тэхніку размяркоўвалі па брыгадах, ёй распараджаўся брыгадзір, пачалі выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, выраслі ўраджаі.

Сямён Ляшэвіч адпрацаваў загадчыкам участка 45 гадоў, аж да 2007 года. За добрасумленную працу быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, партрэт Сямёна Сяргеевіча ў пачатку 2000-х вісеў на дошцы гонару Дзятлаўскага раёна. Годнае жыццё сумленнага і адданага працаўніка, шчырага чалавека.

Пасля сустрэчы з гаспадаром на душы было неяк светла і хораша. Напэўна, таму, што сам Сямён Сяргеевіч вельмі светлы і чысты чалавек, шчыра верыць у Бога і гэтым жыве.

Праз некаторы час пацікавілася ў Аляксандра, як жыве Сямён Сяргеевіч. У адказ пачула, што адчувае сябе нядрэнна, робіць рамонт у хаце.  Хай дае яму Бог здароўе і даўгалецце.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian