ДА ГОДА МАЛОЙ РАДЗІМЫ: паўстанне Кастуся Каліноўскага ў гісторыі Дзятлаўшчыны

 Паўстанне Кастуся Каліноўскага ў гісторыі  Дзятлаўшчыны

  У верасні бягучага года больш за паўтысячы беларусаў звярнуліся ў літоўскі сейм з просьбай перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Ліст падпісалі Святлана Алексіевіч, Андрэй Горват, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда Бандарэнка і іншыя беларусы. Аднак літоўскія ўлады вырашылі правесці пахаванне ў Вільні.

  Перазахаванне адбылося 22 лістапада. Прагледзеўшы разнастайную інфармацыю ў інтэрнэце і прачытаўшы артыкулы ў газеце, захацела паглыбіцца ў тэму паўстання, знайсці факты, звязаныя з Дзятлаўшчынай, тым больш што тэма паўстання Кастуся Каліноўскага блізкая мне, урок пра Каліноўскага, надрукаваны ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў “Родным слове”, быў першай маёй публікацыяй у метадычным выданні, калі працавала настаўніцай у СШ№3 г.Дзятлава.

  Паводле гістарычнай літаратуры, у сярэдзіне 19 стагоддзя сялянства Беларусі ўсё больш выказвала незадаволенасць прыгонным правам. Павялічылася колькасць злачынстваў. Буйныя сялянскія хваляванні ўспыхнулі ў 1856 годзе ў Слонімскім павеце.

Царскі ўрад на той час асабліва быў заклапочаны становішчам у заходніх губернях. Тут антыфеадальны рух сялян зліваўся з нацыянальна-дэмакратычным рухам у Польшчы. Таму правесці рэформу трэба было асабліва хутка менавіта тут.

Аднак фіктыўная рэформа 1861 года не аблегчыла жыццё сялян. Надзеі ўрада на “ўдзячнасць сялян” не спраўдзілася. Дакументы даюць  цікавую інфармацыю пра паездку віленскага генерал-губернатара Назімава ў ліпені 1861 года. Ён выехаў з Вільні, праехаў Воранава, Ліду, Дзятлава, Слонім. Усюды выступаў перад сялянамі, казаў, што ім даравана воля, жыццё іх стане лепшым. Але ў адказ гучала незадаволенасць рэформай. Сяляне гаварылі, што памешчыкі іх па-ранейшаму прыгнятаюць. Раззлаваны генерал-губернатар загадаў біць непакорлівых палкамі.

Сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці, чакалі “сапраўднага ўказу” цара. Частка сялян па-свойму тлумачыла маніфест. Так, у красавіку 1861 года памешчыкі Слонімскага павета даносілі, што “прыходскія святары Слонімскага павета, Дзенціёльскай і суседняй Накрышскай цэркваў і яшчэ нейкі жыхар м.Дзенціёлы, салдат, талкавалі сялянам, што баршчыну можна не адрабляць, калі сяляне таго пажадаюць” (ЦДГА РБ у Гродна, ф.1, воп.6, стр.80, лл. 58, 112).

Міравы пасрэднік 4-га стану, гэта значыць Дзятлаўскага, звярнуўся на з’ездзе міравых суддзяў  Слонімскага павета з пытаннем, што рабіць, калі сяляне адмаўляюцца ад выканання павіннасцей. Ён атрымаў наступны адказ:

“… взыскивать оную с крестьян при содействии земской полиции».

Незадаволенасць ўмовамі рэформы перарасла ў масавыя хваляванні сялян па ўсёй Расіі. Каб абараніць памешчыцкую ўласнасць, былі мабілізаваны войскі, жандармерыя, урадавая адміністрацыя і духавенства. У Беларусі ў 1861-1862 гадах былі раскватараваны больш за 100 тысяч рэгулярнага войска.

Але сялянскія хваляванні гэта не спыніла. Яны ахапілі  Мінскую, Віленскую, Гродзенскую губерні. “Дрэнна ў нас,- пісаў гродзенскі памешчык В.Фрыбес у сакавіку 1861 года свайму сваяку ў Санкт-Пецярбург, – сяляне бунтуюць, адмаўляюцца спраўляць баршчыну, збіраюцца натоўпамі. Флігень-ад’ютант Нарышкін з палком і афіцэрамі раз’язджае па маёнтках, а следам некалькі соцень мужыкоў крычаць: “Не пойдзем, мы вольныя, не дазволім біць нашых”. Нарышкін не ведае, што рабіць з натоўпам, бацюшку мужыкі абазвалі п’яніцам. Жыццё памешчыкаў у небяспецы”.

Хваляванні ахапілі і Слонімскі павет. Неспакойна было ў Дзятлаве. Прыстаў Пахноўскі даносіў у Слонім земскаму спраўніку, што сяляне ў маёнтках Накрышкі і Міроўшчына памешчыка Адама Стравінскага, Янаўшчына памешчыка Незабутоўскага і іншях адмовіліся адбываць паншчыну, бо тлумачаць маніфест па-свойму.

Далей прыстаў паведамляў, што ўгаворы прыходскага свяшчэнніка ні да чаго не прывялі. 7 красавіка 1861 года слонімскі земскі спраўнік Маслаў звярнуўся ў Гродна і папрасіў дазволу падавіць хваляванні сілай.

З Гродна неўзабаве прыбыў чыноўнік па асобых даручэннях Савіцкі, а затым з’явіўся корпус жандараў. 12 красавіка корпус на чале з палкоўнікам Прасалавым пры падтрымцы дзвюх рот пяхотнага палка заняў Дзятлава. Перад гэтым у Дзятлава ўжо прысылалі салдат, але сяляне не супакойваліся. На плошчы мястэчка сабралі сялян вёсак Краглі, Пецюкі, Гернікі, Накрышкі (усяго 18 вёсак), акружылі войскам, да іх звярнуўся палкоўнік Прасолаў. Ён папярэдзіў: калі сяляне не супакояцца, то будуць пакараны. Большасць сялян, спужаўшыся пагроз, пакаялася, прызнаўшы сваю віну. Толькі сяляне дзвюх вёсак памешчыка Корсака (48 двароў) і вёскі Погіры адмовіліся падпарадкоўвацца. Таму 21 чалавек быў пакараны палкамі ад 20 да 50 удараў. Пасля гэтага ўсе сяляне згадзіліся выконваць павіннасці. Двух самых актыўных, казённага селяніна Восіпа Бамбіра і брата свяшчэнніка нагародавіцкага прыходу Казіміра Сцяпуру, адправілі ў Слонім. Бамбір вярнуўся дадому, а Сцяпуру судзілі. У Дзятлаве на два тыдні для падтрымання парадку засталіся дзве роты салдат, якія размясціліся ў палацы Радзівілаў.

Дзятлаўскія падзеі мелі вялікі рэзананс, данос гродзенскага губернатара Шпіра дайшоў да імператара Аляксандра II.

Варта адзначыць, што частка памешчыкаў ішла на ўспупкі над націскам сялян. Напрыклад, памешчык Корсак з Дзятлава быў вымушаны замяніць аканома пасля выступлення сялян. Арганізатарамі сялянскіх выступленняў у Дзятлаве былі адстаўныя салдаты, прадстаўнікі ніжэйшага духавенства, разначынцы.

У другой палове 1861 года сялянскі рух на некаторы час аслабеў, каб зноў успыхнуць з новай сілай у 1863 годзе. Вялікае паўстанне ўзначалілі К.Каліноўскі, В.Урублеўскі, Р.Ражанскі. З мэтай прапаганды сярод сялянства пачала выходзіць газета “Мужыцкая праўда”. Прапаганда вялася і сярод сялян Дзятлава. У жніўні 1862 года слонімскі земскі спраўнік Гарадоўскі даносіў губернатару  І.В.Галеру, што прыстаў знайшоў у мястэчку “Мужыцкую праўду”. У канцы красавіка- пачатку мая 1863 года ў Слонімскім павеце пачаў дзейнічаць атрад Юндзіла, які налічваў каля 300 чалавек.

У Мілавідскіх лясах сканцэнтраваліся значныя сілы паўстанцаў. Дзятлаўскі прыстаў даносіў, што з лясоў, якія прылягаюць да Навагрудка, выйшлі “інсургенты” (інсургент – удзельнік узброенага паўстання супроць урада; паўстанец) і праз вёскі Белагурна, Наваельня, мястэчка Дзятлава рушылі ў бок Мілавід. Па яго словах, “інсургенты зачытвалі маніфест паўстання, падбухторвалі сялян, заклікалі да прысягі польскаму ўраду”. Прыстаў даносіў, што колькасць паўстанцаў складала 150 чалавек. А ваенны начальнік Слоніма паведамляў у Гродна, што ў лясах пад Мілавідамі “сабралася да трох тысяч інсургентаў”. Аднак ён завысіў лік паўстанцаў, спадзеючыся, што яму дапамогуць. Пад Мілавіды прыбыў Кастусь Каліноўскі.

Некалькі разоў царскія войскі спрабавалі разбіць паўстанцаў у Мілавідскіх лясах, але гэта не ўдавалася. У Слонімскім павеце працягвалі дзейнічаць атрады інсургентаў, не аднаразова з’яўляліся яны і ў Дзятлаве. І гэта не дзіўна, бо на Дзятлаўшчыне жыла маці Валерыя Урублеўскага, паплечніка К.Каліноўскага, мела тут некалькі маёнткаў, у тым ліку Сачыўляны, валодала заводзікам па выплаўцы жалезнай руды каля вёскі Руда-Яварская.

Гістарычная даведка

  Валерый Антонавіч Урублеўскі нарадзіўся ў мястэчку Жалудок непадалёк ад Шчучына на Лідчыне. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбургскі лясны інстытуты.

  Падчас вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў членам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Праз гэта завязаў знаёмства з многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з К. Каліноўскім.

 З 1857 г. працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясной школы ў Саколцы на Гарадзеншчыне. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў яго падпольнай працы, у тым ліку ў выданні і распаўсюджванні «Мужыцкай праўды».

  Падчас паўстання кіраваў ваеннымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней — камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных», найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю. Падчас бою з казакамі 7 жніўня 1864 г. Урублеўскі быў пасечаны шаблямі, мяркуецца, што ў Слонімскім павеце.

  Трохі падлекаваўшыся, ён эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 года ў Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва працоўны ўрад Парыжскай Камуны, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У гэтым выступленні ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе…». У званні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа.

  У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Версальцы завочна прысудзілі яго да смяротнага пакарання.

 З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Вялікабрытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. У гэты ж час здароўе яго ў выніку шматлікіх раненняў моцна пахіснулася, яму з цяжкасцю ўдалося пазбегнуць ампутацыі рукі.

  Падлекаваўшыся ў бальніцы Лонданскага ўніверсітэта, Урублеўскі ўступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 г. яго абралі членам Генеральнага савета I Інтэрнацыяналу, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Ідэі Інтэрнацыяналу Урублеўскі прапаведаваў у эмігранцкай арганізацыі «Люд польскі», створанай у Лондане па яго ініцыятыве. У 1871—1872 гадах Урублеўскі быў старшынёй судовай («трацейскай») камісіі, якая разбірала канфлікты паміж членамі I Інтэрнацыянала. Падтрымліваў Маркса і Энгельса супраць Бакуніна.

  Пасля распаду I Інтэрнацыяналу і арганізацыі «Люд польскі» (1876) Урублеўскі перабраўся ў Жэневу. У 1878 годзе ён нелегальна прыязджаў у Расію (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікі, землявольцамі.

  Калі французскі ўрад аб’явіў амністыю ўдзельнікам Парыжскай камуны, у 1885 г. Урублеўскі пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцы.

  У 1901 г. французскі ўрад прызначыў яму пенсію. Апошнія гады жыцця ён правёў ва Уарвілі ((каля Парыжа) у доме былога камунара і земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў. На надмагіллі надпіс: «Гераічнаму сыну Польшчы — народ Парыжа”.

  У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

  Ацэнка дзейнасці Урублеўскага дадзена ў словах У. І. Леніна: «…Памяць Дамброўскага і Урублеўскага непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі…».

У рапартах слонімскага земскага спраўніка называюцца жыхары мястэчка Дзятлава сяляне Ігнат Грынеўскі і пісьмавадзіцель прыстава Катовіч. Уся маёмасць Катовічаў была канфіскавана, а на яго самога аб’яўлены вышук у “Гродзенскіх ведамасцях”, адпраўлена паведамленне ў Пецярбургскі дзяржаўны банк “аб вышуку маёмасці Катовіча”.

Да сярэдзіны лета 1863 года у паўстанні намеціўся спад. Восенню ўзброеная барацьба на Беларусі спынілася. К.Каліноўскі ў студзені 1864 года быў схоплены і 10 сакавіка пакараны смерцю ў Вільні.

Пасля паўстання царскі ўрад правёў змяненні ў становішчы дзяржаўных сялян, якімі і з’яўляліся дзятлаўскія сяляне пасля таго, як маёмасць Солтанаў за ўдзел ў паўстанні 1830-31 гадоў была перададзена ў расійскую казну. Іх ураўнялі ў правах з памешчыкамі і перавялі ў агульны разрад сялян-уласнікаў. Ужо ў 1877 годзе 5-8% дзятлаўскіх сялян мелі надзелы больш за 15 дзесяцін зямлі, каля 80% – ад 7 да 15 дзесяцін.  Аднак сялянская заможнасць вызначалася яшчэ і наяўнасці хатняй жывёлы, асабліва коней, кароў. Напрыклад, селянін Іван Чучэйка меў трох коней і дзвюх кароў і належаў да заможнай часткі сялян. Землі мелі таксама праваслаўная царква і касцёл.

Вось такія факты пра Дзятлаўшчыну часоў паўстання К.Каліноўскага захоўваюць дакументы. І нам трэба ведаць іх, бо гэта гісторыя нашай малой радзімы. А дэвіз паўстанцаў: “– Каго любіш? – Люблю Беларусь!” – няхай стане  дэвізам кожнага з нас.

Матэрыял падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Алена Абрамчык

       Валерый Урублеўскі

Маёнтак Стравінскіх у Міроўшчыне

Маёнтак Стравінскіх у Накрышках

Інсургенты К.Каліноўскага

Пётра Сергіевіч “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”

Кастусь Каліноўскі

Святар чытае сялянам маніфест паўстання

Сустрэча паўстанцаў з салдатамі

  

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian