Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна: чалавек з гарачым сэрцам

Гады два таму напісала ў раённую газету артыкул “Гісторыя жыве побач з намі”, у якім звярнулася да жыхароў Дзятлаўшчыны з просьбай прыносіць старыя і непатрэбныя рэчы ў музей. Магчыма, такія прадметы якраз тое, што так неабходна “храму гісторыі” для стварэння новай экспазіцыі. Адгукнуліся многія. Адным з такіх неабыякавых людзей аказаўся Грышук Уладзімір Аляксандравіч. Ён завітаў у музей некалькі месяцаў таму, нагадаўшы пра артыкул, прапанаваў цікавыя матэрыялы, а таксама ўспаміны пра камсамольскае жыццё на Дзятлаўшчыне перыяду яго маладосці. Мы былі вельмі ўзрадаваныя такому госцю. Па-першае, у яго галаве шмат цікавай інфармацыі пра мінулае нашай малой радзімы, і гэту інфармацыю трэба абавязкова пакласці на паперу, каб не згубілася ў вірах часу, бо што ёсць цікавейшае за гісторыю праз лёс чалавека. А па-другое, ён аказаўся вельмі цікавым чалавекам, ардэнаносцам.

Уражанне ад сустрэчы з Уладзімірам Аляксандравічам склалася самае светлае: актыўны, валявы, неабыякавы чалавек, гатовы патраціць свой час на паездкі з Казлоўшчыны ў Дзятлава дзеля нашай музейнай справы. Іншыя сказалі б: навошта гэта мне? Не, паважаныя, трэба. І добра, што не зніклі на зямлі такія людзі, людзі з гарачым сэрцам. А яшчэ ўразіла глыбіня выкладу матэрыялу і абсалютная граматнасць нашага героя.

Уладзімір Аляксандравіч Грыцук нарадзіўся 19 марта 1949 года ў вёсцы Скрундзі Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1967 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы і прафесійна-тэхнічнага вучылішча №13 г.Севастопаля, працаваў на суднабудаўнічым заводзе імя Сярго Арджанікідзе ў горадзе Севастопалі слесарам-судазборшчыкам.

Адтуль у 1963 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў у Малдавіі, у горадзе Кішынёве, у асобным спецыяльным вайсковым батальёне міліцыі па ахове грамадскага парадку.  Прымаў удзел у выратаванні і эвакуацыі насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей некаторых гарадоў Малдавіі ў час паводкавых сітуацый. У 1970 годзе за затрыманне трох асабліва небяспечных злачынцаў, якія збеглі з калоніі строгага рэжыму, фотаздымак Грышука У.А. на фоне знамені часці загадам камандзіра за мужнасць і смеласць  быў навечна занесены ў кнігу гонару і баявой славы, сам герой быў узнагароджаны каштоўным падарункам – электрабрытвай  “Нява” і знакам “За адзнаку ў службе II ступені”.

Пасля заканчэння ваеннай кафедры ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе стажыроўку праходзіў у танкавым батальёне г.Нова-Барысава на пасадзе зампаліта камандзіра часці. Вайсковую службу скончыў у званні старшага лейтэнанта.

Пасля дэмабілізацыі з 1970 па 1976 гады працаваў у калгасе “Слава працы” імя 50-годдзя камсамола Беларусі ў якасці загадчыка вытворчага участкаа, агранома, галоўнага агранома і адначасова ўзначальваў камсамольскую арганізацыю гаспадаркі, у складзе якой было больш за 120 членаў камсамола.

У 1975 годзе пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці агранамія і Мінскай вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі быў накіраваны на працу ў Дзятлаўскі райкам КПБ інструктарам арганізацыйнага аддзела.

У сакавіку 1981 года быў выбраны і працаваў на працягу шасці гадоў старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік” Дзятлаўскага раёна. Калгас выйшаў у перадавікі, атрымліваў высокія ўраджаі зернавых. З 1987 па 1995 працаваў выкладчыкам Казлоўшчынскага ПТВ-191.

З ліпеня 1995 года па студзень 2000 знаходзіўся на пасадзе старшыні Казлоўшчынскага пасялковага Савета дэпутатаў. Са студзеня 2000 на працягу двух гадоў працаваў старшынёй калгаса “Слава працы” імя 50-годдзя камсамола Беларусі. А з верасня 2002 года па лістапад 2014 года – у УА “Казлоўшчынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй” у якасці выкладчыка, метадыста, намесніка дырэктара па курсавой падрыхтоўцы. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам мясцовага і раённага Савета дэпутатаў.

Зараз Уладзімір Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, мае званне “Ветэран працы”, яго працоўны шлях і грамадская дзейнасць адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі дзяржаўных і грамадскіх органаў улады: ордэнам Працоўнай Славы III ступені, юбілейным медалём “За воінскую доблесць” да 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна, ганаровым знакам ЦК ВЛКСМ “Залаты колас”, нагрудным знакам адзнакі ЦК КПБ “Вернасць”, знакам ЦК КПСС Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года”.

Слаўны шлях чалавека, які і сёння ў страі, хоча прыносіць карысць людзям і сваёй роднай зямлі. Нам бы усім так.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian