Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна: землякі, якімі мы ганарымся

Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна: землякі, якімі мы ганарымся
СВЯТЛАНА САЛОДКАЯ: ЧЫСТАЯ МЕЛОДЫЯ НАРОДНАЙ ДУШЫ
Ансамбль “Свята” ведае кожны беларус. Цудоўныя народныя песні ў выкананні прафесіяналаў гучаць, як дзіўныя чары, заварожваюць, захапляюць, клічуць у нязведаныя далі. У ансамблі сапраўды сабраліся людзі неардынарныя, самаадданыя, сапраўдныя рупліўцы на ніве роднай культуры. Сярод іх – Святлана Аляксандраўна Салодкая. Яе па праву можна назваць душой ансамбля. Імя гэтай спявачкі, лаўрэата шматлікіх прэмій, народнай артысткі Беларусі не сыходзіць з канцэртных афіш як у рэспубліцы, так і за яе межамі.
Я пазнаёмілася са Святланай спачатку завочна. У музеі сказалі, што ёсць такая зямлячка, спявае ў ансамблі “Бяседа”. Пачала шукаць, выйшла на самога Леаніда Захлеўнага (ужо і не памятаю, хто даў яго нумар мабільнага). Кампазітар мне адказаў, што Святлана ніколі ў “Бяседзе” не спявала, параіў шукаць яе ў творчым калектыве ансамбля “Свята”. І вось Святлана Аляксандраўна ўжо на сувязі. Прыемна пагаманілі, дамовіліся, што яна перадасць ці прывязе пры зручным выпадку матэрыялы пра ансамбль і пра сябе асабіста ў музей. Мне ж хацелася атрымаць для музея сцэнічны касцюм Святланы Аляксандраўны. Яна паабяцала знайсці нешта такое ў сваім гардэробе.
І сустрэча наша адбылася праз некалькі месяцаў, летам 2018 года, на свяце горада, калі Дзятлава адзначала 520-годдзе. Святлану Салодкую запрасілі быць ганаровым госцем горада. Яна прыехала раніцай у Цэнтр культуры. Мы ўжо стаялі з выставай у фае. Перад прыездам тэлефанавала мне, мы дамовіліся сустрэцца. Заходзіць, пытаецца Абрамчык Алену. Павіталіся, пачалі размову. Святлана Аляксандраўна прывезла шмат чаго для музея: дыскі з песнямі, фотаздымкі, матэрыялы газет і часопісаў, толькі касцюма не знайшла, аднак цверда запэўніла, што касцюм будзе праз некаторы час.
А потым мы слухалі спявачку на плошчы. Мне давялося суправаджаць Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага, сядзець побач з ім на першым радзе і не толькі захапляцца звонкім голасам Святлана, але і бачыць кожны рух яе твару, калі жанчына пела, звярталася да публікі. А потым са сцэны яна выйшла “ў людзі”, арганізавала яшчэ і скокі. Некалькі хвілін – і пары кружылі полечку. Настрой найцудоўнейшы нягледзячы на тое, што надвор’е тады, у пачатку ліпеня, раптам сапсавалася на некалькі дзён.
Нарадзілася Святлана Аляксандраўна ў в.Дудзічы Дзятлаўскага раёна. Жыццё з самага пачатку не пеставала яе. Бацька – інвалід Вялікай Айчыннай вайны, памёр, калі дзяўчынцы было ўсяго два гады. Засталася маці з пяццю дзецьмі: дзвюма дочкамі і трыма сынамі. Святланка вучылася ў школе, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзенасці. Вывучыла шмат народных песень, спявала іх, адчуваючы неверагодную асалоду. Спяваць жа з малога ўзросту навучыла мама – Тамара Іванаўна, якая сама была актыўнай удзельніцай усіх вясковых святаў, абрадаў, вячорак. Гэта песенная народнае багацце Дзятлаўшчыны Святлана пранесла праз усё сваё жыццё.
Пасля школы паступіла ў Баранавіцкае музычнае вучылішча, якое скончыла ў 1978 годзе і была накіравана ў Дзяржаўны народны хор імя Г.Цітовіча. З таго часу і звязала сваё прафесійнае жыццё з народнай песняй, прапагандуе яе на ўвесь свет.
– Песенны пласт нашага народа, бадай, самы багаты ў свеце, – лічыць Святлана Аляксандраўна. – Прапагандаваць нашу культуру трэба найперш праз песню, бо слова разам з мелодыяй, нават калі слухач не валодае мовай, даходзіць да сэрца.
У 1984 годзе пры Белдзяржфілармоніі быў створаны ансамбль “Свята”, у яго запрасілі працаваць Святлану Салодкую. Ездзячы на гастролі па Беларусі, Святлана збірала народныя песні, запісвала ад бабуль, назапашвала на магнітафонныя касеты. Найбольш яе цікавілі сямейна-абрадавыя і каляндарна-абрадавыя песні, менавіта гэты песенны матэрыял спявачка адаптавала ў сваім калектыве. Ансамбль “Свята” сёння – гэта высокапрафесійны калектыў, унікальны ў сваім родзе, актыўны прапагандыст дасягненняў культуры нашага народа, нашай роднай Беларусі і нашай малой радзімы – Дзятлаўшчыны.
Ды і назва ансамбля мае сімвалічны сэнс – “Свята”, святкаваць, адпачываць. З’яўленне калектыву на ніве нашай культуры таксама можна лічыць сапраўдным святам, бо канцэпцыя яго творчасці наступная: нагадаць сапраўдныя беларускія песні і танцы, адрадзіць старажытныя народныя традыцыі беларусаў.
Ансамбль – пастаянны ўдзельнік фестываляў мастацтваў “Беларуская музычная восень”, “Мінская вясна”, “Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва”, “Майстры мастацтваў – працаўнікам вёскі”, “Славянскі базар”. Канцэрты калектыву гучаць не толькі на знакамітых музычных пляцоўках, але і ў сельскіх клубах, на палетках, дзе працуюць камбайны.
Багатая таксама і біяграфія замежных гастроляў калектыву: Карэя, Югаславія, Канада, Індыя, Эфіопія, Польшча, Германія, Аўстрыя. А ў выкананні нашай зямлячкі гучаць то горкія, трагічныя, то вясёлыя, гарэзлівыя песні. Песні як наша жыццё – сапраўдныя дыяменты народнай душы і мудрасці.
Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian