Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна: Дзятлаўшчына літаратурная

Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна

Дзятлаўшчына літаратурная

Сёння хочацца нагадаць дзятлаўчанам, што наша зямля вельмі багатая на таленты, у тым ліку і на майстроў слова. Сярод іх не толькі вядомыя на ўсю краіну, але і тыя, хто піша для сябе, для блізкіх, сяброў, зрэдчас друкуецца ў раённай ці іншага кшталту газеце ды і не задумваецца, што будзе з яго вершамі далей. Піша таму, што піша душа.

Такія людзі калісьці даўно, аж у 1966 годзе, пры рэдакцыі раённай газеты “Перамога” арганізавалі літаратурнае аб’яднанне “Пралескі”. Работай аб’яднання кіраваў урач санаторыя Наваельня Яўген Аляксеевіч Мацвееў. Чалавек незвычайнага таленту, натура тонкая, адчувальная, ён у вольны ад працы час вёў драматычны гурток, выразаў рэчы з дрэва, пісаў вершы, удзельнічаў у фестывалях, выставах, выступаў на радыё і тэлебачанні.

У аб’яднанне тады ўваходзілі Мікола Грышан, настаўнік з вёскі Раготна, Алена Малько, выхавальніца дзіцячага садка №1, Вера Ігнатаўна Хрышчановіч, сельскі кінамеханік, якая аддала гэтай працы больш за 30 гадоў, Леанарда Юргілевіч, карэспандэнт раённай газеты “Перамога”, майстра малой апавядальнай формы – невялікай, часта гумарыстычнай замалёйкі, Георгій Міхайлавіч Шундрык, настаўнік Дзятлаўскай школы №2.

Члены паэтычнага аб’яднання рэгулярна збіраліся, дзяліліся творчымі набыткамі, раіліся. Але пасля смерці кіраўніка, Яўгена Мацвеева, сустрэчы сталі рэдкімі, і хутка аб’яднанне перастала існаваць. Былі спробы яго адрадзіць, аднак яны не заўсёды заканчваліся паспяхова. Некалькі гадоў таму паэты зрэдку збіраліся ў Цэнтры культуры проста пагаварыць, успомніць мінулае, а часам і пачытаць новы верш. Пра гэта даведалася ваша пакорная служка і вырашыла прапанаваць збірацца пры музеі, аднавіць аб’яднанне. Усе згадзіліся. І вось ужо два гады ў сценах музея праходзяць сустрэчы. Яны не такія частыя, многія з паэтаў ужо немаладыя, хварэюць, але такія цёплыя гэтыя сустрэчы. Хочацца прыгадаць апошнюю, прысвечаную Дню маці. На ёй не толькі чыталіся вершы пра маму, але і гучалі да слёз шчымлівыя ўспаміны пра маці, эпізоды з жыцця.

Сёння паседжанні “Пралесак” наведваюць Раіса Лакіза, Леанарда Юргілевіч, Міхаіл Лук’янчык, Лідзія Нічыпар, Вера Хрышчановіч, Георгій Шундрык, Ірына Касянкова, Марыя Кароль. Па ініцыятыве Сяргея Чыгрына, краязнаўцы са Слоніма, была сабрана анталогія “Дзятлаўшчына літаратурная”, у яе павінна было ўвайсці да дзесяці вершаў кожнага беларускамоўнага паэта Дзятлаўшчыны, па сутнасці, усіх гурткоўцаў: і тых, хто пісаў раней, і сённяшніх. Работа была зроблена вялікія, усе вершы адрэдагаваны. Але на выданне анталогіі пакуль няма сродкаў, затое раз на год будзе выходзіць літаратурны альманах, дзе змогуць друкавацца і паэты, і празаікі, і драматургі. Тое, што ўдалося сабраць, складзе першы нумар альманаха. У яго яшчэ няма назвы, мы думаем над ёй. Аднак упэўнены, што ў назве знойдуць увасабленне матывы Дзятлаўшчыны.

А сёння хочацца прадставіць вашай увазе некаторыя вершы членаў нашага аб’яднання.

Алена Абрамчык, кіраўнік аб’яднання, старшы навуковы супрацоўнік музея                                                                                         Георгій Шундрык

                У час паседжання аб’яднання, кастрычнік 2019                                           Марыя Кароль                                                                                      Раіса Лакіза                                                                                                                                       Міхаіл Лук’янчык                                                        У цэнтры – Лідзія Нічыпар

Ірына Касянкова

 

 

Ірына Касянкова

Быццам срэбны ручай вясною,

Жыватворнаю поіш вадою.

Маё сэрца заўжды замірае,

Калі музыка слоў тваіх грае.

 

Пра цябе нам спяваў Купала,

Душу Коласу ты сагравала,

Багдановічу зоркай свяціла.

Свае лёгкія белыя крылы

Караткевічу ты падарыла.

 

Ты – усіх думак маіх лагода,

Памяць продкаў майго народа

І калыска маёй Радзімы,

Скарб бясцэнны,навек адзіны.

 

Ты – матулі пяшчотная песня,

Радасць птушак усіх напрадвесні.

Тваё кожнае люба мне слова,

Беларуская родная мова!

Вера Хрышчановіч

Да якой мне крыніцы прыпасці,

Дзе б вадзіцы жывой хлебануць,

Каб ад смагі самой не ўпасці,

І другі з мяне мог зачарпнуць.

Я хачу к свайму берагу плысці

Ды па бурным цячэнні вады –

Цяжкавата ў людзі мне выйсці,

Пакідаючы ўнукам сляды.

 

Міхаіл Лук’янчык

Я жыву на зямлі

Для радні, для сям’і.

Я жыву на зямлі,

Каб запомніць змаглі.

А надзея мая –

Радасць і дабрыня.

Сэнс у тым, каб тварыць

І жыццё харашыць.

Бацька, маці жылі,

Усё адолець змаглі,

Я іх сын, й я змагу,

Гэты свет зберагу.

Жонка, дзеці мае,

Людзі добрыя ўсе,

Я люблю вас, цаню,

І душу аддаю.

 

 

Лідзія Нічыпар

Родны кут

Усё пачыналася вось тут,

Дзе верас сіні палыхае.

Мая радзіма, родны кут,

Цябе мне вельмі не хапае.

 

Я ў снах прыходжу да цябе

І бачу дзіўныя малюнкі:

Дзяцінства, росы на траве

Блішчаць, зіхцяць, нібы карункі.

 

Тут сосны стромкія стаяць

І пахнуць водарам смалістым,

А з-пад зямлі крынічка б’е

Слязою чыстай і празрыстай.

 

Ўсё пачыналася вось тут,

Мясцін я гэтых не забуду.

Мая радзіма, родны кут,

З табой заўжды душою буду.

 

Георгій Шундрык

Дзятлава – наша сталіца

Дзятлава! Горад пад небам

Гэтым прасветлым стаіш,

Быў табе гімнам i гербам

Долі нялёгкае крыж.

 

У поце i горы вякамі

Ты будаваўся i рос:

Продкамі i землякамі

Ткаўся няпросты твой лес.

 

Моц Радзівілаў, Сапегаў

Колісь знайшла сюды шлях.

Тут Дварчанін юны бегаў,

Быў сам Дамейка ў гасцях.

 

Зведваў чужынцаў ты здзекі,

Сеяўшых смерць i прымус

I выграбаўшых засекі, –

Вытрымаў усё беларус.

 

Дзятлава — наша сталіца,

Любай радзімы малой.

Бог даў мне тут нарадзіцца,

Тут мой адчай i спакой.

 

Тут непрацінлівы вецер

I ў задуменні зіма;

А разумнейшых на свеце

Дзетак, напэўна, няма.

 

Тут i ў будні, i ў святы

Сэрца прыемна трымціць:

Міла шчабечуць дзяўчаты,

Матчына мова гучыць.

 

Свята не раз у нас будзе,

Лепшы наблізім мы час.

Дзякуй вам, добрыя людзі,

Што тут жыву сярод вас!

 

Алена Абрамчык

Танга кружыць над соннай зямлёй,

Танга-казка, прывід, завіруха.

То ўзлятае да неба, то зноў

Мчыцца кругам, знішчаючы скруху.

 

Гукі музыкі ў сэрцы звіняць,

І трывожаць, і рвуцца, і вабяць.

Што хацела мне танга сказаць,

Чым струну майго нерву расслабіць?

 

О, нацягнуты, зычны мой нерв,

Не дрыжы, супакойся, не трэба.

Мой каханы, вада ты  і хлеб,

Нас узносяць пачуцці да неба.

 

Танга! Танга! Чароўны матыў!

Цела просіцца ў далеч палёту.

Над зямлёю пушынкай паплыў,

На дзівосамі дзіўнага свету.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian