Педагагічны гонар Дзятлаўшчыны: казка са шчаслівым канцом

Раіса Уладзіміраўна Лакіза – настаўніца рускай мовы і літаратуры Раклевіцкай школы. Яе працоўная дзейнасць на ніве адукацыі адзначана адной з высокіх педагагічных узнагарод – нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Жыла на свеце дзяўчынка Рая. Жыла ў вёсцы, недалёка ад Нясвіжа, сярод непаўторнай беларускай прыроды. І была яна ў бацькоў адзіным дзіцём. Познім, жаданым, любімым. Для таты асабліва, бо мама была строгая, вяла рэй, трымала і сямейнікаў, і гаспадарку пад сваім пастаянным кантролем. І Рая яе трошачкі пабойвалася, але вельмі любіла і слухалася. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі мама прала, тата чытаў сваёй каханай кнігі. Розныя, часцей рускую і беларускую класіку – Пушкіна, Гогаля, Якуба Коласа. Чытаў, каменціраваў; дачушка таксама слухала і, яшчэ не спасцігшы грамату, убірала ў сябе дзіўныя радкі вялікіх твораў, нават некаторыя завучвала на памяць.

Такім мог бы быць пачатак казкі пра цудоўнага чалавека, незвычайную жанчыну з добрым сэрцам і чулай душой – Раісу Уладзіміраўну Лакіза. Не прынцэсу, а вясковую дзяўчынку, прывычную да любой фізічнай работы, якая ніколі не старалася схавацца за нечую спіну, адсядзецца, адмаўчацца, а заўсёды (такі запавет пакінулі бацькі) старалася абараніць чалавека, падставіць плячо, падтрымаць. Вось так, як сёлета летам, калі ў бальніцы доўга ляжала яе даўняя сяброўка Марыя Іванаўна Шоцік. Раіса Уладзіміраўна амаль штодня ездзіла да яе на веласіпедзе, вазіла ежу, бо хворая не магла купіць у бальнічным буфеце тое, чаго часам хацелася, забірала рэчы хворай і даводзіла да ладу, ды і проста падтрымлівала чалавека ў цяжкую для яго хвіліну – словам, усмешкай, сваёй жыццёвай мудрасцю, энергіяй.

Казка яе жыцця доўгая, з узлётамі і падзеннямі, з радасцю і горам, як і ў кожнага з нас.

Вельмі рана вылецела з-пад бацькоўскага крыла, пайшла вучыцца. Скончыла філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута, прыехала па размеркаванні ў вёску Явар Дзятлаўскага раёна, у праслаўленую тады школу, адну са старэйшых у раёне. І кватэра знайшлася, і прынялі цёпла, з душой, і работа падабалася – выкладала рускую мову і літаратуру. І каханне сваё, першае, сапраўднае, сустрэла тут: амаль адразу пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Лёнем Лакізам, а неўзабаве і замуж за яго пайшла.

Жылося, як успамінае Раіса Уладзіміраўна, небагата. Вясковая хата, дзе размяшчалася ў адным пакоі, перагароджаным занасескай, уся сям’я, карова-карміцелька ў хляве, агарод. Але тыя  шэсць першых гадоў замужжа запомніліся на ўсё жыццё як самыя светлыя, нават зорныя, самыя шчаслівыя. І звычайная вясковая работа ў полі, і паходы па грыбы ці ягады ў лес, і сямейныя вячэры каля вогнішча на надворку. Цёплым, шчырым словам успамінае свякроў, звычайную вясковую мудрую і чулую жанчыну, якая стала другой маці, дапамагала гадаваць сыноў – спачатку Вадзіма, потым Алега. Свякроў старалася берагчы нявестку, шкадавала і паважала, бо іх Раечка вельмі хутка заваявала аўтарытэт у школе, яе хвалілі і дзеці, і вяскоўцы за добрасумленнасць і адданасць прафесіі, а яшчэ за дабрыню і ўменне знайсці агульную мову з кожным вучнем, з кожным чалавекам.

Такой яна засталася на ўсё жыццё. Эмацыянальнай, адчувальнай да чужога гора, шчырай, з гумарам, стойкай і вынослівай па жыцці. Давялося змяніць шмат школ: Раготна, Хвінявічы, гімназія №1, школа ДАЦ “Баравічок”, а вось зараз – Раклевіцкая школа. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, завучам. Шмат гадоў была інспектарам  Дзятлаўскага аддзела адукацыі, курыравала не толькі рускую мову і літаратуру, але і вядомыя толькі па школьных гадах прадметы – біялогію, працоўнае навучанне. Спраўлялася. Пісала разам з настаўнікамі праекты, рэалізоўвала іх, ездзіла на семінары і канферэнцыі, прывозіла граматы і ўзнагароды.

Быў яшчэ адзін цікавы факт у біяграфіі Раісы Уладзіміраўны: шэсць гадоў узначальвала Хвінявіцкі сельскі савет.  Сябравала з вяскоўцамі, старалася дапамагчы, адстойвала іх інтарэсы ў розных інстанцыях. Пры гэтым вяла прапагандысцкую работу, ездзіла з лекцыямі ў розныя куткі Дзятлаўшчыны, не лічачыся ні з сіламі, ні з часам. Таму у яе так шмат сяброў у раёне, таму з ёй хочуць бачыцца не толькі калегі, але і былыя вучні. Прызначаюць сустрэчы, просяць прыехаць, бываюць у яе дома.

Лёс не пашкадаваў яе. Рана страціла мужа, пражылі разам толькі каля дваццаці гадоў – у сорак засталася ўдавой, з двума сынамі-школьнікамі. Трэба выводзіць у людзі, даваць адукацыю. І вывела, і накіравала, і падтрымала. Кожнаму б так. Шмат працавала, садзіла кожны год бульбу, здавала, каб на атрыманыя грошы купіць хлопцам адзенне, радавалася, калі выглядамі хораша, апраналі новыя модныя рэчы. Ганарылася сынамі. Ды і было чым ганарыцца. І сёння ёсць чым. Раіса Уладзіміраўна – шчаслівая маці, яна купаецца ў сыноўняй любові і павазе. Вадзім Леанідавіч Лакіза – старэйшы сын, гонар усяго Дзятлаўскага раёна, вучоны-гісторык, першаадкрывальнік стаянак першабытных людзей ў нашым раёне на рацэ Шчары, намеснік дырэктара на навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь.

Алег Леанідавіч Лакіза – малодшы сын, настаўнік гісторыі. Ён побач з маці кожны дзень, заходзіць, тэлефануе, дапамагае пры неабходнасці зрабіць мужчынскую работу у кватэры, возіць па патрэбах на машыне, дастаўляе прадукты. І па-сапраўднаму сябруе з мамай: чытаюць і абмяркоўваюць кнігі, вядуць размовы пра гісторыю, літаратуру, прагледжаныя фільмы ды ,і ўвогуле, пра жыццё.

Раіса Уладзіміраўна – паэт. Паэт у душы, паэт па жыцці, паэт па сутнасці сваей. Калі мы збіраемся ў музеі на паседжанні літаратурнага аб’яднання “Пралескі”, цэнтральная асоба ў іх заўсёды яна. І патэлефануе ўсім, і гарбатку арганізуе, і настрой створыць. А галоўнае – прыйдзе з новым вершам, глыбокім, вынашаным, з самой душы, з патаемных яе куточкаў. А не так даўно пачала пісаць па-беларуску, друкавацца ў газеце, дзяліцца сваімі творамі з сябрамі ў інтэрнэце.

Раіса Уладзіміраўна – мая шчырая і даўняя сяброўка. Наколькі даўняя, ужо і сама не памятаю. Яшчэ з тых часоў, калі яна была інспектарам у РАА, а я працавала ў СШ№3 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, давала адкрытыя ўрокі. На адзін такі ўрок трапіла інспектар – па творы Я.Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”. Мая сяброўка ўспамінае яго і сёння. Доўгі, двухгадзінны ўрок у маім любімым класе 1999 года выпуску. А потым была гімназія, смерць яе мамы, іншыя жыццёвыя нягоды. Людзі застаюцца сябрамі, калі патрэбны адзін аднаму, калі блізкія духоўна, абагачаюць адзін аднаго. Напэўна, на гэтым і трымаецца сапраўднае сяброўства – на агульнасці і рознасці.

Калі характарызаваць Раісу Уладзіміраўну як прафесіянала, то асноўнай яе рысай можна назваць адданасць прафесіі. Пяцьдзясят гадоў у школе. І сёння расказвае з захапленнем пра вучняў Раклевіцкай школы, пра ўрокі, пра дадатковыя заняткі. Падрабязна характарызуе кожнага вучня, якога за два месяцы ўжо палюбіла і хоча навучыць, аддаць часцінку сваёй душы.

“Гэта шчасце, калі чалавек запатрабаваны, патрэбны людзям,” – кажу ёй. І яна згаджаецца.

Казка яе жыцця не скончылася. Яна ўсё яшчэ расказваецца. І няхай будзе тая казка са шчаслівым канцом, працягнецца чатырма яе ўнукамі, яе атожылкамі.

Алена Абрамчык

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian