Паважаныя сябры! З новым, 2020 годам! Няхай ён будзе шчодрым на прыемнасці і здзяйсненні!

А ў нас для дзятлаўчан ёсць прыемная навіна. Перад самым святам у музеі прайшоў конкурс макетаў будучага помніка Канстанціну Іванавічу Астрожскаму. Кампетэнтная камісія, у якую ўваходзілі спецыялісты Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прафесійныя скульптары, гісторыкі з НАН Беларусі, прадстаўнікі мясцовай улады выбіралі з 12 прадстаўленых конкурсных работ.

Выбар аказаўся не такім простым, абмеркаванні доўжыліся каля чатырох гадзін. Былі і спрэчкі, былі і эмоцыі. Хацелася выбраць годныя варыянты, вартыя знаходзіцца на цэнтральнай плошчы горада, насупраць знакамітага касцёла Сапегаў, які стаў адной з візітных картак горада. Па першае, помнік павінен радаваць вока кожнага дзятлаўчаніна, суадносіцца з асобай Канстанціна Іванавіча Астрожкага, з яго выявай на партрэце, звыклай і агульнавядомай. Па-другое, ён будзе размяшчацца на абмежаванай прасторы, стаяць у тым месцы, якое выбралі мы з вамі агульным галасаваннем на сайце раённай газеты “Перамога”, злева ад дуба, тварам да касцёла, таму не павінен быць агромністым, такой “глыбай”, як кажуць у народзе. Наш гарадок маленькі, цёплы, кампактны, такім бачыцца і помнік. Ды і сродкі не будуць беспамернымі, нам, дзятлаўчанам, усім давядзецца прычыніцца да яго ўстаноўкі сваімі добраахвотнымі ахвяраваннямі. І апошняе: ён ставіцца на дзесяцігоддзі, а можа, нават на стагоддзі, таму важнае значэнне адводзіцца матэрыялу, з якога будзе зроблены.

Згодна з правіламі конкурсу, закрытым галасаваннем камісія выбірала тры макеты, якія могуць стаць будучым помнікам. Тры, таму што хтосьці з аўтараў можа не пагадзіцца з заўвагамі (а заўвагі і рэкамендацыі былі зроблены па кожным макеце) і адмовіцца ад вырабу помніка. Чыйсьці макет можа аказацца занадта дарагім, і тады ад яго адмовіцца горад, бо не зможа знайсці столькі сродкаў на выраб і ўстаноўку. І зрэшты, хтосцьці з аўтараў не зможа ажыццявіць свой праект на нейкіх асабістых прычынах: усе мы людзі, і тое, хто сёння здаецца звыклым і пасільным, заўтра можа стаць праблемай.

Сёння хачу прадставіць вашай увазе тры макеты, якія былі выбраны камісіяй.

На першым месцы работа Лука Паўла Іванавіча (архітэктар Мацкевіч Ала Мар’янаўна).

На другім месцы работа Кандрацьева Дзяніса Уладзіміравіча (архітэктар Лашчэўская Юлія Сяргееўна).

На трэцім месцы праца творчага калектыва ў складзе Сарокіна Аляксея Міхайлавіча, Шацілы Алеся Пятровіча, Багаткінай Ганны Юр’еўны.

Спадзяёмся, што час і лёс расставяць усё па сваіх месцах і ў Дзятлаве будзе стаяць той помнік, якому і наканавана стаяць тут доўгія гады і радаваць нас і нашых нашчадкаў.

Матэрыял падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Алена Абрамчык

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian