Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава: Барыс Булат

  Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава

   Булат Барыс Адамавіч нарадзіўся 24 ліпеня 1912 года ў горадзе Туле. Бацька быў беззямельным селянінам, батрачыў у памешчыка, пазней ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны. У першыя дні Кастрычніцкай рэвалюцыі разам са сваім палком перайшоў на бок Чырвонай Арміі і прыняў удзел у разгроме дзянікінскіх і врангелеўскіх войск. Пасля ранення ў 1921 годзе быў дэмабілізаваныі як інвалід грамадзянскай, працаваў у арцелі інвалідаў г.Тулы пекарам, а потым загадчыкам пякарні.  Маці – дачка тульскага рабочага-чыгуначніка, хатняя гаспадыня.

У 1929 годзе Барыс Булат скончыў сямігодку і пайшоў працаваць на Тульскую кандытарскую фабрыку. Праз год ужо працаваў майстрам-карамельшчыкам.

У 1932 годзе быў прызваны ў дзеючую армію, і ў лютым 1933 года апынуўся ў горадзе Полацку ў вучэбным батальёне 13-га стралковага палка. Восенню таго ж года па рашэнні мандатнай камісіі быў залічаны курсантам Крамлёўскага ваеннага вучылішча імя УЦВК РСФСР у г.Маскве.

У снежні 1936 года скончыў вучылішча з прысваеннем звання лейтэнант і атрымаў прызначэнне ў горад Нова-Барысаў у якасці камандзіра ўзвода 5-й танкавай механізаванай брыгады. Пазней быў пераведзены ў 5-ты асобны вучэбны аўтабатальён у якасці камандзіра вучэбнай роты. Адначасова вучыўся на вячэрнім факультэце ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзе.

Другая сусветная вайна пачалася для Барыса Булата ў вёсцы Боцькі Бельскага раёна Беластоцкай вобласці, дзе размяшчалася 31-я танкавая дывізія 13-га мехкорпуса 10-й арміі, у якой ён служыў на той час.

22 чэрвеня 1941 года ў першыя хвіліны вайны 31-й танкавай дывізіі, якая знаходзілася на стадыі фарміравання, мела толькі 12 вучэбных танкаў “Т-26” давялося сустрэцца з ворагам. Для Барыса Адамавіча вайна пачалася няўдала: ужо на пяты дзень быў цяжка паранены  і страціў кісць правай рукі. У пачатку ліпеня знаходзіўся ў Дзярэчыне Гродзенскай вобласці на лячэнні, адкуль фашысты 14 жніўня 1941 года ўсіх параненых вывезлі ў лагер ваеннапалонных у Слонім. 12 верасня, у час перавозкі ваеннапалонных на захад, разам з групай таварышаў-танкістаў здзейсніў уцёкі з цягніка, да красавіка 1942 года хаваўся ад немцаў і паліцаяў у лясах каля вёсак Бердавічы, Казловічы, Ягнешчыцы Слонімскага раёна. Адначасова займаўся зборам зброі і падрыхтоўкай арганізацыі партызанскага атрада.

Першы атрад пад кіраўніцтвам Булата быў арганізаваны ў красавіку 1942 года ў лясах каля вёскі Голя Зельвенскага раёна, ён складаўся з 27 чалавек.  Пазней атрад перамясціўся ў Ліпічанскую пушчу.  У маі таго ж года была наладжана сувязь з іншымі атрадамі, а ў чэрвені на сходзе ўсіх партызанскіх груп ён быў выбраны камандзірам аб’яднанага атрада пад назвай “Атрад №3649”. У атрад уваходзіла 10 груп агульным лікам каля 600 чалавек, не лічачы 500 чалавек так званай сямейнай групы, якая была пастаянным рэзервам папаўнення асабістага састава партызанскіх груп. Кожнай групе з мэтай кансперацыі быў прысвоены нумар (напрыклад, групе Пішчуліна – №21).

Пасля разгрому гарнізона ў м.Дзярэчын  9 жніўня 1942 года была ўстаноўлена сувязь з групай Віктара Панчанкі, якая дзейнічала у раёне Наваельні, групай Аляксандра Конанава, што дзейнічала каля вёскі Дакудава Лідскага раёна.  Групы ўвайшлі ў склад  фарміравання “Атрад №3649”, але дыслакацыю групы не змянілі, а працягвалі сувязь з асноўным атрадам праз сувязных.

У снежні 1942 года згодна з загадам камандзіра асобага злучэння партызанскіх атрадаў Кеймаха (партызанская мянушка Дзіма) камандзірам аб’яднанага атрада прызначаецца Ф.М.Сінічкін як старэйшы па званні, а Б.А.Булат прызначаецца начальнікам штаба ўжо Ленінскай партызанскай брыгады. Гэта адбылося якраз напярэдадні трагічных падзей снежня 1942 года ў Ліпічанскай пушчы. Немцы канцэнтравалі сілы ў Слоніме, Баранавічах, Лідзе, Навагрудку і іншых раёнах з мэтай правядзення аблавы на партызанскія атрады Ліпічанскай пушчы. Аднак спадзяванні фашыстаў не спраўдзіліся. Ужо ў канцы лютага-пачатку сакавіка 1943 года была наладжана сувязь з Масквой, да Ленінскай партызанскай брыгады далучыліся некаторыя атрады, што дзейнічалі пад Навагрудкам (атрад Грознага пад камандваннем Мічурына, атрад Золатава пад камандваннем Чумачэнкаі, атрад Стралкова і атрад Маркава).

У канцы красавіка-пачатку мая 1943 года з-пад лініі фронту ў партызанскую зону Ленінскай брыгады прыбылі ўпаўнаважаны ЦК КПБ і сакратар Шчучынскага міжрайцэнтра Сцяпан Пятровіч Пупеня, і ў чэрвені 1943 года на базе Ленінскай брыгады былі арганізаваны 3 брыгады: Ленінская брыгада (камандзір Б.А.Булат, камісар Макараў; Кіраўская брыгада (камандзір Ф.М.Сінічкін); Першамайская брыгада (камардзір Барыс Качурын).

У канцы верасня 1943 года згодна з загадам упаўнаважанага ЦК КПБ па Баранавіцкай вобласці В.Е.Чарнышова Барыс Булат быў прызначаны начальнікам аператыўнага аддзела Баранавіцкага падпольнага абкома, а ў канцы кастрычніка таго ж года быў камандзіраваны ў Лідскі міжрайцэнтр для аказання дапамогі ў фарміраванні новай партызанскай брыгады з самастойных атрадаў імя Чкалава, імя Неўскага, “Сібірак”, “Бальшавік”, “Мсціўца”, якія дыслацыраваліся ў гэтым раёне. Камандзіры атрадаў не адразу згадзіліся на аб’яднанне ў брыгаду, Барысу Булату давялося прыводзіць грунтоўныя агрументы, адстойваць неабходнасць сумеснай барацьбы. Так, у кастрычніку 1943 года ў Лідскім міжрайцэнтры ўзнікла брыгада “Наперад”, камандзірам якой быў прызначаны Б.А.Булат. Перад камандваннем новай брыгады паўстаялі важныя задачы: актывізацыя дыверсій на камунікацыях гітлераўцаў і праз баявыя сумесныя дзеянні аб’яднанне брыгады ў адзінае зладжанае фарміраванне, здольнае вырашаць важныя стратэгічныя задачы.

Брыгада правяла шмат баявых аперацый, сярод іх разгром белапольскай групіроўкі непадалёку ад Іўя, якая ўзаемадзейнічала з мясцовай паліцыяй, знішчэнне варожага эшалона з боепрыпасамі каля станцыі Юрацішкі, праведзенне аперацыя “рэйкавая вайна” ў раёне той жа станцыі; сумесна з брыгадай  імя Дзяржынскага знішчаны значны варожы гарнізон у вёсцы Лугамовічы Іўеўскага раёна. Гарнізон складаўся са здраднікаў, якія служылі ў смаленскім СД і ў 1944 годзе, перад наступленнем нашых войскаў, збеглі на захад.

У пачатку чэрвеня 1944 года  Б.А.Булат перадаў камандванне брыгады “Наперад”свайму намесніку Фёдару Гаўрылавічу Камарову, а сам 9 чэрвеня з партызанскага аэрадрома падняўся ў паветра на самалёце і пераляцеў лінію фронту. Так для яго скончылася партызанская вайна ў тыле ворага на захадзе Беларусі.

Пасля вызвалення Мінска да красавіка 1946 года працаваў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. Цяжка захварэў, год правёў у шпіталі. З красавіка 1947 года па красавік 1951 года працаваў намеснікам дырэктара Мінскага мотавелазавода. З красавіка 1951 года згодна з рашэннем партыйных органаў пераведзены на пасаду дырэктара кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. У сакавіку 1955 года накіраваны на вучобу ў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, якую скончыў у 1956 годзе і вярнуўся на пасаду дырэктара фабрыкі “Камунарка”. З мая 1958 года працаваў намеснікам дырэктара Мінскага халадзільніка №3, у сакавіку 1966 года перавёўся на працу ў Белмясарыбгандаль на пасаду начальніка гандлёвага аддзела, дзе і працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак.

Барыс Адамавіч Булат – актыўны грамадскі дзеяч. Пачынаючы з 1946 года неаднаразова выбіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога савета.

З 1951 па 1966 гады быў членам Мінскага гарадскога камітэта КПСС і членам Кастрычніцкага раённага камітэта КПСС горада Мінска (у партыю ўступіў 1 красавіка 1941 года).

У жніўні 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Б.Булату прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём За баявыя заслугі, медалямі 1-й і 2-й ступені Партызану Вялікай Айчыннай вайны. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння (з 1946 года), саюзнага значэння (з 1968 года).

Матэрыял падрыхтавала  Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік   музея

(паводле аўтабіяграфіі Б.Булата)

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian