Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава: Мікалай Рыгоравіч Вахонін

Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава

 

Вахонін Мікалай Рыгоравіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Малая Уладзіміраўка Бешкарагаеўскага раёна Паўладарскай вобласці ў сям’і селяніна. Пасля заканчэння сямігадовай школы працаваў сталяром у калгасе, потым сталяром на будаўніцтве цукровага завода, адкуль яго прызвалі на тэміновую службу ў Чырвоную Армію. Пасля вяртання са службы ў арміі працаваў сталяром у райспажыўсаюзе.

У маі 1941 года быў прызваны ў войска на зборы і перападрыхтоўку, тут яго і захапіла вайна. Служыў недалёка ад Беластока. У ноч на 22 чэрвеня з аўтаматам стаяў на варце каля склада гаручага. Ледзь толькі пачало світаць, узнялася перастрэлка, над ваеннай часцю закружылі варожыя самалёты, пачалі скідаць бомбы. Было прыкладна каля дзесяці гадзін раніцы, калі Вахонін убачыў, што за паваротам ідуць чорныя танкі з крыжамі, паспеў яшчэ кінуць гранату ў той бок, дзе размяшчалася ўкапаная цыстэрна з гаручым, узарваў яе  і ўцёк.

Неўзабаве далучыўся да байцам, якія таксама трапілі ў акружэнне. З баямі, стрымліваючы фашыстаў на рачных рубяжах, адыходзілі на ўсход. Прынялі бой каля Ваўкавыска, потым на рацэ Шчара, затым каля в. Каменка, што непадалёку ад Дзятлава. Тут Вахоніна параніла ў руку, і ён, знемагаючы ад страты крыві і моцнага болю, дайшоў да хутара каля в. Хвінявічы Дзятлаўскага раёна. Тут, на хутары, ён знайшоў дапамогу і ратунак.

Вясной 1942 гады немцы пачалі забіраць усіх ваеннаслужачых, якія аказаліся ў акружэнні і засталіся ў вёсках, на рэгістрацыю ў лагер ваеннапалонных. Мікалай Рыгоравіч і яшчэ некалькі байцоў не пайшлі на рэгістрацыю. Пачуўшы заклік партыі аб арганізацыі партызанскай барацьбы ў тыле ворага па радыё, якое прынёс настаўнік Рамашэўскі з Накрышак, яны вырашылі стварыць партызанскі атрад. Была праведзена першая баявая аперацыя – у вёсцы Орля група спаліла лесапільню і мост. У гонар гэтай удалай аперацыі вырашылі назваць атрад «Арлянскім».

У пачатку верасня 1942 года Вахоніна Н. Г. абралі камандзірам атрада. Партызаны пачалі граміць маслазаводы, валасныя ўправы, паліцэйскія ўчасткі. Неўзабаве атрад Вахоніна аб’яднаўся з групай Пішчуліна Васіля Іванавіча.

Партызанскі рух пашыраўся, атрады раслі. Пазней разрозненыя фарміраванні аб’ядналіся ў Ленінскую брыгаду. Атрад «Арлянскі» быў перайменаваны ў атрад «Барацьба».

З кастрычніка 1942 гады была наладжана цесная сувязь з дзятлаўскімі падпольшчыкамі, якія перадавалі ў атрад каштоўныя звесткі, медыкаменты, паперу для зводак, стужкі для пішучай машынкі, патроны, гаручае для браневіка, харчаванне для параненых.

У канцы 1943 года, пасля таго, як Г. П. Русін пераехаў у Дзятлаве, быў створаны падпольны антыфашысцкі камітэт. Пасля ранення Вахоніна Н. Г. камандзірам атрада стаў Смірноў, а потым Глазкоў І. М. Атрад правеў шмат баёў, дыверсій на чыгунцы, падрыўнікі пусцілі пад адхон дзясяткі варожых эшалонаў.

Зімой 1942 года Вахонін, акрыяўшы пасля ранення, заняў пасаду намесніка камандзіра па разведцы. Шмат смелых і паспяховых аперацый правялі дзятлаўскія падпольшчыкі: узарвалі бранявік ў дзятлаўскай жандармерыі, спалілі склад збожжа, арганізавалі зімой 1943 года разам з партызанамі вываз інструментаў і медыкаментаў са шпіталя ў Дзятлаве. На барацьбу з партызанамі, якія размяшчаліся ў Ліпічанскай пушчы, з г. Лепеля прыбыла дывізія «СС», якая складалася з былых паліцаяў, белагвардзейцаў, бандытаў. Яны захапілі пад свае гарнізоны амаль усе вёскі. Але партызаны мужна супраціўляліся, ставілі на дарогах міны, падрыўнікі пускалі пад адхон варожыя эшалоны.

За ўмелае кіраўніцтва партызанскай барацьбой М.Р.Вахонін быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, медалём «Партызану Айчыннай вайны I ступені».

Пасля вайны, з 1945 па 1947 гады, працаваў загадчыкам падсобнай гаспадаркі Аблстройтрэста ў г. Баранавічы, з сакавіка 1947 да 1957 г. – загадчыкам гаспадаркі пры Парэцкім спіртзаводзе. У 1958 году захварэў і 17 лістапада пасля цяжкай аперацыі памёр. Пахаваны на могілках у вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна.

   Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian