Захаваем гісторыка-культурную спадчыну: Радзівілаўскі баль

Дзятлаўчан і гасцей горада запрашаем да ўдзелу ў першым Радзівілаўскім балі
На пачатку вясны ў Дзятлаве плануецца Радзівілаўскі баль.

Чаму такая назва, як патрапіць на яго? На гэтыя пытанні адказваюць людзі, якія маюць дачыненне да яго падрыхтоўкі і правядзення.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

—Ідэя правесці баль сыходзіць ад кіраўніка аматарскага аб’яднання “Эпатажны блюз” Анатоля Кардаша з Наваельні. Яе падтрымалі супрацоўнікі Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, нашага музея. Назвай Радзівілаўскі баль хочацца прыцягнуць увагу да гісторыка-культурнай спадчыны, якая знаходзіцца ў нашым горадзе – палаца Радзівілаў. Мабыць, праз такую ўвагу знойдзецца спонсар для аднаўлення палаца, якім валодалі Радзівілы на працягу доўгага часу. Тады і ў наша невялікае Дзятлава актыўна паедуць турысты, адпачывальнікі з “Радона”. Цікавасць да гістарычнага мінулага ёсць, толькі варта яе абудзіць.

Баль мяркуецца правесці напярэдадні жаночага свята, 7 сакавіка. Ён прысвячаецца жанчынам і жанчыне – Барбары Радзівіл. Яна жыла ў Дзятлаве, прыкладала шмат намаганняў дзеля росквіту паселішча. Радзівілы любілі гэтыя мясціны. Нездарма ж сэрца аднаго з прадстаўнікоў гэтага роду — Мікалая Фаўстына Радзівіла –знаходзіцца ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта яго другой жонкай і была Барбара, вельмі ўплывовая на той час жанчына.

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей мае намер наладзіць у фае Дзятлаўскага цэнтра культуры, дзе будзе ладзіцца баль, выставу гістарычных партрэтаў, прадаставіць гістарычную інфармацыю, сувенірную прадукцыю. А калі хтосьці захоча падрыхтаваць да балю сукенку ў стылі таго часу, то мы ахвотна пракансультуем.

Анатоль Кардаш, кіраўнік аматарскага аб’яднаная “Эпатажны блюз”:

—Вопыт правядзення баляў ёсць. У Наваельні ладзілі свой Калядны баль. Давялося пабыць на падобных мерапрыемствах у Міры. Радзівілаўскі баль – гэта не якоесьці танцавальнае спаборніцтва, гэта магчымасць адпачыць у атмасферы добрай музыкі, танцаў, спеваў, жанчыне адчуць сябе прыгожай і вабнай. На гэты баль можа прыйсці любы жадаючы. І не важна, умее танцаваць ці не, ёсць партнёр ці партнёрша для танцаў або не. Вопыт паказвае, што жаданне паспрабаваць танцаваць узнікае, калі прама ў час балю паказваюцца некалькі рухаў: і вось ужо многія становяцца на танец.

Пропуск на баль адзін – дрэс-код. Мужчыны павінны быць апрануты адпаведна: касцюм або вайсковая парадная форма, смокінг або фрак, а яшчэ гальштук або бабачка. Жанчыны на баль прыходзяць у доўгіх да падлогі сукенках, пажадана ў бальных.

Праграма балю звычайна такая: адкрывае яго танец-шэсце – паланэз; затым прапануюцца венскі вальс; разнастайныя полькі; кантрданс; кракавяк. Няхай разнастайнасць назваў не палохае. Тым больш, што да балю ёсць час і распачынаем заняткі па навучанні танцам. Першы такі занятак прызначаны на суботу, 8 лютага, на 10 гадзін. Могуць прыходзіць усе жадаючыя: і хто мае танцавальны вопыт, і хто не ўмее пакуль што танцаваць, але хоча навучыцца.

Марына Шаўчук, намеснік дырэктара Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці:

—Варта зазначыць, што праграма Радзівілаўскага балю прадугледжвае, акрамя танцаў, гульні, міні-віктарыну па гісторыі Дзятлаўшчыны, музычныя і песенныя нумары. А напрыканцы мерапрыемства мы аб’явім, хто самы ўмелы танцор, у каго самы прыгожы строй, якая пара самая вабная ці які танцор самы вясёлы і актыўны. Хочам, каб на памяць засталіся і невялічкія сувеніры.Мяркуем, што на баль будуць збірацца гадзін да пяці-шасці вечара, і ён працягнецца да дзесяці. Танцавальнай плошчы другога паверха Цэнтра культуры хопіць для ўсіх. Жадаючыя пабыць набалі могуць тэлефанаваць, удакладняць (2-11-48, 2-15-48).

Мы запрашаем да ўдзелу ў першым Радзівілаўскім балі дзятлаўчан і гасцей горада. Спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца, і ён стане традыцыйным.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian