Знакамітыя шляхецкія роды на Дзятлаўшчыне: Андрэй Казімір Завіша – уладальнік Раготна

У Беларускім дзяржаўным музеі захоўваецца партрэт аднаго з уладальнікаў мястэчка Раготна – Андрэя Казіміра Завішы (1614-1678). Увогуле, на тэрыторыі сучаснай Беларусі захавалася не так шмат партрэтаў шляхты. Вядома, што зборам партрэтаў валодалі князі Радзівілы ў Нясвіжы, Тышкевічы ў Лагойску, Патоцкія ў Росі і Высока-Літоўску, Сапегі ў Дзярэчыне і Ружанах. Шматлікія войны, рэвалюцыі, канфіскацыі бязлітасна абышліся з нашай спадчынай. Большая частка ацалелых партрэтаў сёння знаходзіцца па-за межамі краіны, у музеях жа Беларусі па колькасці захаваных партрэтаў першае месца займаюць Радзівілы, а другое – Завішы.

Партрэты Завішаў з беларускіх калекцый упершыню былі паказаны ў поўным складзе на выставе “Гістарычны партрэт Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVIII стагоддзяў, якая адбылася ў 2002-2003 гадах у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Быў выдадзены каталог выставы. Большасць партрэтаў Завішаў, паводле даследаванняў Ірыны Зварыкі, была вывезена ў Германію ў 1944 годзе , а ў Мінск вярнулася ў 1948 годзе (некаторыя работы значна пазней) рознымі шляхамі.

Партрэт Андрэя Казіміра Завішы напісаны невядомым аўтарам у XIX cтагоддзі. Памер работы 94Х67, палатно, алей. Вывезены з Мінска ў 1944 годзе, вернуты з Германіі ў 1952 годзе. На парадным партрэце – Андрэй Казімір Завіша. Хто ж ён такі і што зрабіў для нашай малой радзімы?

Андрэй Казімір Завіша – прадстаўнік шляхецкага роду Завішаў гербу «Лебедзь». Старэйшы сын Кшыштафа Завішы (каля 1600-1670), маршалка надворнага і вялікага літоўскага, кашталяна віленскага, і Катаржыны Тышкевіч.  З 1650 па 1678 год займаў пасаду пісара вялікага літоўскага. У 1655 годзе ўступіў у Тышавецкую канфедэрацыю, створаную польска-літоўскімі магнатамі для барацьбы супраць шведскай арміі.

Пахаваны ў кляштары бернардзінцаў у Мінску.

Каля 1645 году ажаніўся з Аляксандрай Агінскай, дачкой ваяводы мінскага і кашталяна троцкага князя Аляксандра Агінскага (каля 1585-1667), і Катаржыны Палубінскай. Меў ад яе дзяцей Яна Міхаіла Завішу (1658-1685), які займаў пасаду старасты мінскага, і Кшыштафа Станіслава Завішу (1660-1721), які займаў пасаду ваяводы менскага.

У сярэдзіне 17 стагоддзя Андрэй Казімір Завіша валодаў Раготнам і прыкладна з 1656 года пачаў адбудоўваць раготнаўскі храм, што належаў кальвіністам і быў разбураны. Вядома дакладна, што аднаўленне храма было завершана ў 1673 годзе, яшчэ пры жыцці Адррэя Казіміра. Новы храм асвяціў епіскап Слупскі.

Партрэт Андрэя Завішы мае карычневы фон і пяцірадковы надпіс унізе. Гэта капійны партрэт, у зборах  Нацыянальнага мастацкага музея Чурлёніса ў Каўнасе знаходзяцца аналагічныя партрэты Завішаў, а ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца партрэт Андрэя Казіміра Завішы, датаваны 1676 годам, які, верагодна, паслужыў узорам для напісання копіі. Хутчэй за ўсё, партрэт захоўваўся ў адным з маёнткаў Завішаў на Міншчыне, адкуль паступіў  ў БДМ у 1920 годзе.

   Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian