Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава: Георгій Паўлавіч Русін

Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава

Георгій Паўлавіч Русін

На краі Ліпічанскай пушчы, на левым беразе ракі Нёман, сярод пясчаных выспаў прыгожа раскінулася лясная вёсачка Карытніца. Тут ў 1893 ў сялянскай сям’і нарадзіўся Георгій Паўлавіч Русін. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў цяжкай працы і беднасці. Нягледзячы на ​​гэта, хлопчык рана праявіў жаданне вучыцца, шмат чытаў, і настаўнікі адразу заўважылі яго здольнасць да навукі. Ён выдатна скончыў трохкласнае народнае вучылішча, а потым – і Дзятлаўскую, так званую “другакласную”, настаўніцкую школу.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я Русіных падалася ў бежанцы, эвакуіравалася ў Паволжа. Там і атрымаў  Георгій Паўлавіч прафесію настаўніка. Да 1920 года працаваў выхавальнікам у дзіцячым доме горада Самары. Падчас грамадзянскай вайны ў Паволжы пачаўся голад. Сям’я Русіных вырашыла вярнуцца на Беларусь, спадзеючыся на дапамогу радні і сяброў. У той час Заходняя Беларусь, у тым ліку і Дзятлаўшчына, уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі, вялася паланізацыя насельніцтва, у школах абавязковае навучанне вялося на польскай мове, таму польскія ўлады не дазволілі Георгію Паўлавічу настаўнічаць на Дзятлаўшчыне. Два гады ён працуе на бацькавай гаспадарцы.

У 1922 г. атрымаў дазвол паступіць на настаўніцкія курсы ў Кракаве. За год авалодаў польскай мовай, здаў экзамены па гісторыі і геаграфіі Польшчы, атрымаў дыплом настаўніка пачатковай школы.

З 1923 Г.П.Русін ужо кіруе Карытніцкой пачатковай школай. Ён ніяк не можа змірыцца з парадкамі, якія насаджаюць польскія ўлады. Свае погляды Русін іншы раз выказваў на ўроках, у гутарках з сялянамі. Асабліва цікавіліся людзі тым, што дала рэвалюцыя рабочым Савецкай Расіі. Такія паводзіны настаўніка не засталіся без ўвагі падпольшчыкаў-камуністаў, яны пачалі запрашаць Русіна на свае паседжанні, заахвочваць да падпольнай барацьбы. У 1927 годзе ён быў прыняты ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Чуткі пра дзейнасць Русіна дайшлі да польскіх органаў бяспекі. У 1929 годзе яго вызваляюць ад працы ў школе. Давялося зноў здабываць хлеб на невялікім бацькоўскім надзеле. Праз некаторы час ён уладкоўваецца лесарубам, а затым – бракёрам на купецкіх лесанарыхтоўках. Паліцыя ўважліва сачыла за паводзінамі былога настаўніка. Яго не раз арыштоўвалі, наладжвалі ў хаце вобыскі, выклікалі на допыты, але доказаў падпольнай дзейнасці знайсці не змаглі.

З вялікім спадзяваннем на перамены да лепшага сустрэў Георгій Паўлавіч прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 гада. Русін зноў пачаў загадваць Карытніцкой школай. У 1940 годзе яго, як вопытнага педагога, прызначаюць інспектарам Шчучынскага раённага аддзела народнай адукацыі. Але нядоўга давялося займацца любімай справай. Пачалася вайна.

У 1941 годзе Г.П.Русіна накіравалі ў Накрышскую сямігодку выкладаць матэматыку і геаграфію. Аднак ён не мог прымірыцца з акупацыйным фашысцкім рэжымам і тымі патрабаваннямі, якія паставіла новая ўлада перад школай і настаўнікамі.

Увесну 1942 года Георгій Паўлавіч стаў сувязным першых партызанскіх атрадаў. Народныя мсціўцы далі яму заданне пераехаць у Дзятлаве, уладкавацца ў школе і збіраць звесткі пра акупацыйныя органы ўлады і гарнізон, што размяшчаўся ў мястэчку. З гэтым заданнем Русін спраўляўся выдатна. Таму і прызначылі яго старшынёй Дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

У падпольнай працы Георгію Паўлавічу дапамагала дачка Надзя, якая працавала сакратаром-машыністкай у раённай управе. Рызыкуючы жыццём, яна рабіла дадатковыя копіі найважнейшых дакументаў, а бацька перадаваў падпольнаму райкаму партыі.

У раёне гарэлі масты, склады сена і збожжа, падрываліся нямецкія машыны. Раззлаваныя фашысты пачалі ліхаманкавыя пошукі тых, хто мог гэта арганізаваць. 30 красавіка распачаліся арышты. Арыштавалі Г. П. Русіна, Б.В. Гульніцкага, які працаваў раённым аграномам, Аляксандра Хадаркевіча – загадчыка гаспадаркі Дзятлаўскай бальніцы, Івана Каско – загадчыка дарожнага аддзела, Фёдара Паўловіча – настаўніка Хвінявіцкай школы, Міхаіла Архіпцава – бухгалтара раённага ўпраўлення, настаўніка Пятра Гурскага і іншых.

Цэлы месяц вялося следства, арыштаваных дапытвалі, катавалі, але жаданых звестак фашысты не атрымалі. Ноччу 1 чэрвеня 1944 года іх расстралялі. У лагер смерці кінулі жонку Русіна Серафіму Мікалаеўну і дачку Надзю, але знішчыць іх не паспелі:  9 ліпеня прыйшло вызваленне.

Пасля вайны астанкі закатаваных былі перанесены і пахаваны на Дзятлаўскіх могілках. У 1968 г. на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў-падпольшчыкаў.

  Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian