Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава: Васіль Іванавіч Пішчулін

Іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава

Васіль Іванавіч Пішчулін

Пішчулін Васіль Іванавіч (нарадзіўся ў 1917 годзе) – удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Член КПСС. З 1939 г. у Чырвонай Арміі. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 г., савецка-фінскай вайны 1939-1940 гг. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у прыгранічных баях, апынуўся ў акружэнні. Вясной 1942 года арганізаваў партызанскую групу, якая ўвайшла ў склад партызанскага атрада № 3649, што дзейнічаў у Зэльвенскім, Слонімскім і Дзятлаўскім раёнах, затым атрад увайшоў у склад Ленінскай партызанскай брыгады. У атрадзе В. І. Пішчулін адказваў за тэхнічнае ўзбраенне, аднаўляў артылерыйскія прылады, баявыя машыны, здабываў для іх гаручае. Быў камандзірам разведкі пры штабе брыгады, затым намеснікам камандзіра атрада «Непераможны».

З характарыстыкі В.І.Пішчуліна, падпісанай камандзірам Ленінскай брыгады, малодшым палітруком Шубіным і начальнікам штаба старшым лейтэнантам Пацалуевым: “Пішчулін Васіль Іванавіч у партызаны прыбыў у 1942 годзе, у перыяд, калі ў Ліпічанскай пушчы існавалі асобныя партызанскія групы. Як адзін з прыкладных партызан быў выбраны камандзірам групы. Пад яго камандваннем была арганізавана адна з першых партызанскіх засад. У час нападу на гарнізон Руда Яварская з’яўляўся камандзірам бронемашыны, сам на брані машыны ўварваўся ў стан варожай абароны і ва ўпор з гарматы знішчыў бункеры.

Таварыш Пішчулін, знаходзячыся ў партызанах, адрамантаваў дзве бронемашыны, танкетку і танк Т-34, пры дапамозе якіх партызаны праводзілі аперацыі па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў.

У час карнай экспедыцыі ў чэрвені 1944, пры прарыве блакады ў ліку першых пайшоў у атаку на варожую абарону, знішчыў бункер праціўніка і тым самым забяспечыў выхад атрада з блакіроўкі.

З’яўляючыся разведчыкам пры штабе брыгады, а затым намеснікам камандзіра атрада “Непераможны” па разведцы, да выканання сваіх абавязкаў адносіўся добрасумленна.

Станоўчыя якасці Васіля Іванавіча Пішчуліна – выключная смеласць і вынаходлівасць у баях – стварылі яму вялікую папулярнасць сярод партызан. Заслугоўвае палітычнага даверу”.

Пасля вайны  знаходзіўся на гаспадарчай рабоце ў Дзятлаўскім раёне, доўгі час працаваў электрыкам у Дзятлаўскай раённай сельгастэхніцы. Васіль Іванавіч Пішчулін мае шмат пасведчанняў аб рацыяналізатарскіх прапановах, яму прысвоена званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР. У 1959 годзе скончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1949), медалямі “За добрасумленную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” (1946), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” (1946).

Памёр у 1981 годзе.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian