Каштоўны экспанат: ложак часоў Першай сусветнай вайны

Каштоўны экспанат

Ложак часоў Першай сусветнай вайны

Такі металічны складны ложак з’явіўся нядаўна ў нашым музеі дзякуючы Жэню Латушка, жыхару Дзятлаўшчыны. Ён знайшоў яго выпадкова, зацікавіўся, пачаў даследаваць, ці не нямецкай ён вытворчасці. Кляйма не знайшоў, але працягваў шукаць у інтэрнэце. Даведаўся, што падобны ложак з’явіўся ў экспазіцыі Пастаўскага музея і ілюструе падзеі Першай сусветнай вайны. Женя змясціў фотаздымак ложка на “Куфры”, спадзеючыся, што хтосьці з калекцыянераў зацікавіцца і патлумачыць паходжанне ложка. А потым вырашыў сдаць экспанат у музей, бо дома яго захоўваць няма дзе.

Вялікі дзякуй яму за ўвагу да гісторыі нашага краю. Няшмат знойдзецца людзей, што падумаюць пра музей, а не проста выкінуць цікавую рэч на сметнік.

А ўвогуле ложак – дзіўнае вынаходства!

Што тычыцца жалезных ложкаў, то іх прынцып канструкцыі застаецца нязменным на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Па версіі гісторыкаў, упершыню ложкі з металу былі выраблены ў эпоху жалезнага веку (каля 1000 года да нашай эры – 500 года нашай эры). Яны ўяўлялі сабой жалезную платформу без спінак, якая стаіць на некалькіх апорах. Як правіла, апор было шэсць (па краях і пасярэдзіне), і былі яны да 0,5 метра ў вышыню. Платформа мела прамавугольную форму і складалася з вонкавай рамы, а таксама прутоў, «сатканых» паміж сабой крыж-накрыж. Так, напрыклад, выглядалі этрускія, старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія металічныя ложкі. Спалі на такіх прадметах мэблі пераважна заможныя грамадзяне і кіраўнікі дзяржаў, так як метал у той час каштаваў дорага, а ложкі вырабляліся ўручную.

З часам ложкі набывалі ўсё больш складаную канструкцыю, іх пачалі ўпрыгожваць каштоўнымі камянямі і слановай косткю. У эпоху Сярэднявечча ў модзе былі раскошныя і вытанчаныя ложкі. Лічылася, што чым вышэй ложак знаходзіцца ад падлогі, тым ён лепшы. Тлумачылася гэта даволі проста: чым ніжэй ложак, тым халадней на ім было спаць. У выніку на іх ўзбіраліся па лесвіцы.

Таксама ў перыяд сярэднявечча з’явіўся ложак з металічнай спінкай, якая размяшчалася каля падгалоўя. Спінка служыла ўпрыгожваннем каркаса. Яе выкоўвалі з некалькіх металічных прутоў, злучаючы іх у выглядзе розных мудрагелістых ўзораў. Спінка ўзвышалася над каркасам на вышыню да аднаго (а часам і больш) метра і мацавалася да яго пад уздзеяннем высокіх тэмператур.

Пазней ложкі пачалі вырабляць са сталёвых сплаваў. Яны былі ў выглядзе ўсё той жа сплеценай з прутоў платформы, усталяванай на апоры, але мелі ўжо дзве спінкі (у нагах і каля падгалоўя). Каркас ложка і раму платформы адлівалі, а спінкі злучалі з апорамі, колькасць якіх была паменшана да чатырох. Такія ложкі былі больш практычнымі і даўгавечнымі за ранейшыя, менш былі схільныя да карозіі. У такім выглядзе яны праіснавалі да пачатку ХХ стагоддзя.

Ідэальным узорам металічнага паходнага ложка з’яўляецца складны ложак імператара Напалеона, які паўжыцця правёў у шматлікіх падарожжах. Толькі сталь вытрымлівала бясконцыя зборкі-разборкі, пераезды і ўздзеянне асяроддзя – дажджы, маразы, спякоту і дынамічныя нагрузкі.

У XVIII стагоддзі адрознівалі два віды ложкаў – французскія і польскія. Першыя былі з аднаго спінкай і ставіліся пасярэдзіне спальні. Другія мелі дзве спінкі і размяшчаліся ў нішы сцяны. Да канца XVIII стагоддзя пачалі з’яўляцца ложкі з больш простым дызайнам, адпаведна, больш даступныя.

У сярэдзіне XIX стагоддзя француз Дэлагль вынайшаў спружынную сетку. З гэтага часу на працягу яшчэ 100 гадоў для вырабу ложкаў выкарыстоўвалі металічныя трубы для каркаса, на які нацягвалі спружынную сетку.

Мода на жалезныя ложкі прыходзіла і сыходзіла шмат разоў. У старой Еўропе металічныя ложкі прыжыліся дзякуючы таму, што ў іх не было дзе хавацца клапам. Гэта была гігіенічная мэбля. Мода на металічныя ложкі ўзрасла ў Еўропе пачатку 20 стагоддзя, у эпоху з’яўлення авіяцыі і аўтамабіляў. Але ў другой палове стагоддзя драўляны ложак зноў заняў свае пазіцыі.

Па ўсім відаць, што ложак, які з’явіўся ў фондах нашага музея, польскі, складны, ім карысталіся шмат, збіралі, разбіралі, перавозілі. Аднак, на нашу ўдачу, захаваўся ён у добрым стане.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Ложак, які перадаў у музей Жэня Латушка

 

 

Ложак з экспазіцыі Пастаўскага музея

 

Ложак часоў Першай сусветнай вайны (з інтэрнэта)

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian