Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: іх імёнамі названы вуліцы горада Дзятлава (Іосіф Філідовіч)

Іосіф Юр’евіч Філідовіч нарадзіўся ў вёсцы Шаршні Дзятлаўскага раёна. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўключыўся ў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, дапамагаў чырвонаармейцам, якія трапілі ў акружэнне.

Іосіф Юр’евіч Філідовіч падчас Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным Ленінскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны, у тым ліку і ў Дзятлаўскім раёне. Ратуючы партызанскі шпіталь, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта XVII стагоддзя Івана Сусаніна.

Падзеі разгарнуліся восенню 1942 году. Гэта быў змрочны і цяжкі час.  Жорстка і бязлітасна ўкаранялі фашысты новы парадак: палілі вёскі, вешалі і расстрэльвалі людзей. У раёне актыўна разгортваўся партызанскі рух. Народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Дзярэчыне, Казлоўшчыне, Накрышках, Жалудку і іншых буйных населеных пунктах. Смелыя, дзёрзкія напады на варожыя аб’екты ўстрывожылі акупантаў. Было зразумела, што фашысты рыхтуюцца правесці буйную карную аперацыю. На бліжэйшых станцыях аператыўна разгружаліся варожыя войскі, якія рухаліся на фронт, усчаліся вобыскі, арышты, допыты, расстрэлы. Гітлераўцы мелі намер падчас блакады знішчыць у Ліпічанскай пушчы усе партызанскія фарміраванні. Партызаны ж вялі жорсткія баі, супраціўляліся.

Параненых станавілася ўсё больш, ім патрабавалася тэрміновая дапамога. Камандзіры атрадаў пачалі шукаць выйсце. Зімой у палатку іх не пакладзеш. Пакінуць на хутары ці ў вёсцы – занадта вялікая рызыка. Розныя былі прапановы, але сышліся на адным: нягледзячы ні на што арганізаваць пастаянны партызанскі шпіталь. Неабходна было тэрмінова адшукаць для гэтага надзейнае месца ў глыбіні лясоў. Пушча вялікая, але знайсці сховішча аказалася не так проста.

На дапамогу партызанам прыйшоў сувязны з вёскі Пушча Ліпічанская Іосіф Юр’евіч Філідовіч, які ведаў адзін востраў сярод самога непраходнага балота. Фашысты туды ніколі не змаглі б дабрацца. На выспе абсталявалі шпіталь: выкапалі зямлянкі, пабудавалі пякарню, лазню, склады. Усе аб’екты былі ў  выглядзе пячор – гэта своеасаблівая маскіроўка, каб нельга было заўважыць з самалёта. Праз некалькі дзён партызанскі шпіталь пачаў дзейнічаць. Параненых і хворых транспартавалі на спецыяльных насілках санітары.

Рабілі ўсё з энтузіязмам, шчыра верылі, што змогуць уратаваць сваіх сяброў. Да пачатку блакады на востраў паступіла каля пяцідзесяці параненых партызан. Іосіф Юр’евіч, яго сын Іван ці ўнук Фёдар прывозілі параненых па  знаёмай толькі ім адным сцежцы праз балота. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Сцежку пільна засыпалі ігліцай, загадзя прыбраўшы кладкі.

У снежні 1942 г. пачалася першая блакада пушчы. Фашысцкія самалёты бязлітасна бамбілі партызанскую зону. Карнікі, прачэсваючы лясныя масівы, спадзяваліся на лёгкую здабычу, але не ўлічылі самую “дробязь” – баявыя і маральныя якасці народных мсціўцаў, а таксама асаблівасць мясцовасці.

Партызаны смела адбівалі атакі ворага, хаця і мелі страты. Акружыць і захапіць народных мсціўцаў акупантам так і не ўдалося. Але ў шпіталі заставаліся некалькі дзесяткаў хворых і параненых. Што рабіць з імі? Камбрыг загадаў лёгка параненых адправіць у атрады, а астатнім падкарадкоўвацца самай строгай дысцыпліне, нічым сябе не выдаваць. Так і зрабілі. Размаўлялі толькі шэптам, ежу часова не гатавалі, карысталіся сухой пайкай. Адчуваючы  страшэнную небяспеку, І. Ю. Філідовіч адправіў старэйшага сына Івана і ўнука Леаніда за Нёман. Два малодшыя сыны Канстанцін і Мікалай як сышлі ў сорак першым на фронт,так і прапалі без вестак. На хутары засталіся дзед, нявестка і дванаццацігадовы ўнук Федзя, якія даглядалі хворых. Карнікі лютавалі ў наваколлі, разам з жыхарамі спалілі вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахiмавiчы, Гарадкі, шматлікія хутары.

На хутары Іосіфа Юр’евіча чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары.

Моцны грукат ботаў у дзверы прымусіў здрыгануцца Іосіфа Юр’евіча. У чорных бліскучых плашчах, у стальных касках, уварваліся фашысты ў хату. Хутар акружылі каля паўсотні карнікаў. Звыш трохсот накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх траіх – старога, жанчыну і хлопчыка – выгналі з хаты. Афіцэр загадаў паставіць іх да сцяны. Так і стаялі некалькі хвілін. Было ясна: Філідовіча нехта выдаў.

– Выбірай, стары: або ты пакажаш, дзе шпіталь, або ім смерць, – сказаў перакладчык. Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накіравалі аўтаматы на нявестку і ўнука. Хлопчык шчыльна прыціснуўся да маці.

– Білі мяне моцна, – расказваў Фёдар, унук Філідовіча. –  Два месяцы на спіну не мог легчы. Затым ўзялі пятлю, накінулі на шыю і, сагнуўшы бярозу, канец вяроўкі прывязалі да верхавіны. Зноў білі. І так некалькі разоў імітавалі павешанне. І ўсё гэта  бачыў дзед.

– Праз цябе, бальшавіцкая сволач, забіваем хлапчука, – сказаў старому перакладчык, – ратуй, пакуль не позна.

– Адпусціце яго, – ціха сказаў Іосіф Юр’евіч, – ён жа нічога не ведае. Я правяду вас у шпіталь. Акінуўшы развітальным позіркам хату, І. Ю. Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў (а было іх  каля 300 чалавек) у лес.

Ішоў не спяшаючыся, цвёрда і ўпэўнена, як ідуць сапраўдныя людзі па сваёй роднай зямлі, уважліва ўслухоўваючыся ў зімовую цішыню гэтых касматых, казачных елак і соснаў, такіх спакойных і магутных. Праз некалькі гадзін афіцэр занепакоіўся.

І калі перакладчык зноў спытаў  пра шпіталь, Іосіф Юр’евіч, цяжка пераводзячы дыханне, спакойна, быццам нічога не здарылася, стрымана адказаў: – Ужо зусім блізка, трохі засталося ісці. Толькі падымемся вунь на той пагорак.

Неўзабаве некалькі фашыстаў-коннікаў падаліся наперад, думаючы, напэўна, самі разведаць дарогу. Але Іосіф Юр’евіч, быццам прадчуваючы, ужо паспеў звярнуць на ўчастак, дзе пачыналася самая страшная, небяспечная дрыгва. Кані, не прайшоўшы і сарака метраў, пачалі правальвацца ў багну.

– Стой! – закрычаў на ўсё горла азвярэлы афіцэр і падбег ушчыльную да Філідовіч. – Дзе шпіталь, кажы!

Размахнуўшыся, ён што было сілы ўдарыў правадніка па твары. У вачах на імгненне пацямнела, пасыпаліся іскры, але ў галаве было ясна. Філідовіч, моцны ад прыроды чалавек, утрымаўся на нагах.

– У шпіталь дарогі няма … – скажаў нарэшце Філідовіч. Грымнулі стрэлы. Ён не скончыў.

Пачало цямнець. Карны атрад доўга блукаў, усё глыбей і глыбей заходзячы ў лясны гушчар. Коні і фашысцкія падводы з мінамётамі пачалі правальвацца ў балота. Гітлераўцы зразумелі: Філідовіч прывёў іх сюды на немінучую смерць.

Сурова шумелі дрэвы, бязлітасна білі сваімі галінамі па тварах карнікаў калючыя кусты, снег замятаў сляды. А выбрацца з балота без правадыра, ды яшчэ ноччу, было немагчыма. Слаўнага партызанскага сувязнога больш ніхто не бачыў жывога.

Вясной 1943 года, калі растаў снег, яго цела знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы – дзве агнястрэльныя раны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ліпічанскі Сусанін коштам свайго жыцця выратаваў дзясяткі параненых партызан, медыкаў, абслугоўваючы персанал. Шпіталь жыў да ліпеня 1944 гада, да самага прыходу Савецкай Арміі. Праз яго прайшло каля 500 цяжкапараненых партызан.

Праз дзесяцігоддзі многія былыя партызаны сабраліся ў раённым цэнтры Дзятлава на адкрыццё помніка Іосіфу Юр’евічу Філідовічу. А іх дзеці і ўнукі ўскладаюць да манумента букеты жывых цюльпанаў і сёння. На пастаменце словы: «Іосіф Юр’евіч Філідовіч, жыхар вёскі Пушча Ліпічанская. У снежні 1942, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна».

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian