Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: легендарныя “Кацюшы” вызвалялі Дзятлаўшчыну

Легендарныя “Кацюшы” вызвалялі Дзятлаўшчыну

Па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі каля падножжа мемарыяльнага комплекса “Курган Славы” будзе ўстаноўлена баявая машына “Кацюша”. Гэта падарунак ФПБ да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Звярнулася па дапамогу да земляка з Масквы, авіятара Аляксандра Іванавіча Бажкова, якія мае магчымасць працаваць у архівах. Хацелася даведацца, ці прымалі ўдзел “Кацюшы” ў вызваленні нашага раёна. Зямляк прыслаў цікавыя матэрыялы. Але спачатку некалькі слоў пра самі рэактыўныя ўстаноўкі.

«Кацюша» – неафіцыйная, народная назва бясствольных сістэм палявой рэактыўнай артылерыі (у першую чаргу – БМ-13, а пасля таксама БМ-8, БМ-31). Назва можа быць звязана з індэксам «Да» на корпусе мінамётнай устаноўкі, якая выпускалася заводам імя Камінтэрна. А франтавікі любілі даваць мянушкі зброі. Напрыклад, гаўбіцу М-30 празвалі «Матушкай», гармату-гаўбіцу МЛ-20 – «Ямелькам». Ды і БМ-13 спачатку часам называлі «Раісай Сяргееўнай», такім чынам расшыфроўваючы скарачэнне РС (рэактыўны снарад).

Акрамя двух асноўных, існуе таксама мноства іншых, менш вядомых версій паходжання мянушкі – ад вельмі рэалістычных да тых, якія маюць чыста легендарны характар: у савецкіх войсках існавала легенда, быццам мянушку «Кацюша» адрымала ад імя дзяўчыны-партызанкі, якая праславілася знішчэннем значнай колькасці гітлераўцаў.

Такія ўстаноўкі актыўна выкарыстоўваліся Чырвонай Арміяй падчас Другой сусветнай вайны. Былі створаны 21 верасня 1938 года. Акт пра пачатак серыйнай вытворчасці пасля іспытаў быў падпісаны 21 чэрвеня 1941 года, а ўжо 14 ліпеня капітан Флёраў зрабіў першы залп па чыгуначным вузле Орша і пераправе праз рэчку Оршыца, а таксама ў горадзе Рудня.  Вось тут і вынікае трэцяя версія назвы зброі: па назве песні Блантара на словы Ісакоўскага «Кацюша», якая набыла папулярнасць перад самай вайной. Стралялі ўстаноўкі з высокай крутой горы – асацыяцыя з высокім стромым берагам у песні тут жа ўзнікла ў байцоў. Да нядаўняга часу быў жывы былы сяржант штабной роты 217-га асобнага батальёна сувязі 144-й стралковай дывізіі 20-й арміі Андрэй Сапронаў, пасля вайны – ваенны гісторык, які і даў ёй гэтае імя. Чырвонаармеец Кашырын, прыбыўшы з ім разам пасля абстрэлу Рудні на батарэю, здзіўлена ўсклікнуў: «Вось гэта песенька!» «Кацюша», – адказаў Андрэй Сапронаў (з успамінаў А. Сапронова ў газеце «Расія» № 23 ад 21-27 чэрвеня 2001 года і ў «Парламенцкай газеце» № 80 ад 5 мая 2005 году). Праз вузел сувязі штабной роты навіна пра цудоўную зброю па імені «Кацюша» на працягу сутак стала здабыткам ўсёй 20-й арміі, а праз яе – камандавання  і ўсёй краіны. 13 ліпеня 2012 года ветэрану і «хроснаму бацьку» «Кацюшы» споўніўся 91 год, а 26 лютага 2013 года яго не стала. На пісьмовым стале ён пакінуў сваю апошнюю працу – раздзел пра першы залп «Катюш» да шматтомнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая рыхтавалася да друку.

Дальнасць стральбы легендарнай устаноўкі складала прыкладна 8 кіламетраў. Вельмі эфектыўная зброя супраць вялікай колькасці танкаў на пераправах. Мела 16 снарадаў, якія адходзілі па рэйках, размешчаных на аўтамабілях як нашых, так потым і атрыманых з ЗША. Шаснаццаць снарадаў выпускалася за 7-10 секунд.

Баявы шлях “Кацюш” праз Беларусь у чэрвені 1944 года аказаўся актыўным і слаўным. Палкі “Кацюш” складаліся з 3-4 дывізіёнаў і называліся гвардзейскімі мінамётнымі палкамі. У Беларускай аперацыі прымалі ўдзел 77,89, 10, 313,325 гвардзейскія мінамётныя палкі.

Аляксандру Іванавічу Бажкову ўдалося знайсці архіўны журнал запісаў баявой дзейнасці Гвардзейскіх мінамётных часцей 2-га Беларускага фронта за ліпень месяц 1944 года. Журнал складаецца з сарака двух лістоў, на якіх праследжваецца шлях машын падчас Беларускай аперацыі. Фотакопіі дакумента Аляксандр Іванавіч даслаў у Дзятлаўскі краязнаўчы музей. Па запісах можна прасачыць ход дзеянняў гвардзейскіх мінамётных палкоў і дывізіёнаў, што ўдзельнічалі ў вызваленні сталіцы нашай Радзімы – горада Мінска. Вось невялікая выпіска толькі з аднаго ліста журнала.

“3 ліпеня 1944 года.

  Згодна з загадам фронта ў раёне г.Чэрвень размешчаны 89,100, 307 я мінамётныя палкі і 4 гвардзейскі мінамётны батальён, якія выконвалі наступную задачу: стварыць масавы кулак для нанясёння ўдару за авалоданне г.Мінскам. 77 ГМП з перасоўнымі атрадамі 50А (110СД) здзейсніў марш са Старой Ракі – Чэрвень і да заканчэння дня засяродзіўся ў ваенным гарадку за 3 кіламетры на ўсход ад Мінска. Агню не вёў.

 307 ГМП з раніцы 3.07 з часцямі 222СД знішчыў тэхніку і жывую сілу праціўніка на р.Бярэзіне ў раёне Жукавец”.

Пасля стварэння мінскага «катла» генерал Г. Ф. Захараў, як і іншыя камандуючыя франтамі, атрымаў задачу прасоўвацца глыбока на захад. У рамках Беластоцкай аперацыі 2-і Беларускі фронт выконваў дапаможную задачу – пераследаваў рэшткі групы армій «Цэнтр». Пакінуўшы за спіной Мінск, фронт рухаўся строга на захад – на Наваградак, а затым – на Гродна і Беласток. 49-я і 50-я арміі спачатку не маглі прыняць удзел у гэтым руху, паколькі працягвалі баі з нямецкімі часткамі, якія трапілі ў акружэнне ў Мінскім «катле». Такім чынам, для наступлення заставалася толькі адна – 3-я армія. Яна пачала яго 5 ліпеня. Спачатку супраціўленне суперніка было вельмі слабым: за першыя пяць дзён 3-я армія прасунулася на 120-125 км. Такі тэмп з’яўляецца вельмі высокім для пяхоты і хутчэй за характэрны для маршу, чым для наступу. 8 ліпеня быў вызвалены Навагрудак, 9 ліпеня армія выйшла да Нёмана, у гэты ж дзень было вызвалена Дзятлава.

Аднак паступова праціўнік арганізаваў абарону. На 10 ліпеня перад пазіцыямі фронту разведка ўстанавіла рэшткі 12-й і 20-й танкавай і часткі чатырох пяхотных дывізій, а таксама шэсць асобных палкоў праціўніка. Гэтыя сілы не маглі спыніць наступленне, але ўплывалі на аператыўнае становішча і зніжалі тэмп аперацыі.

10 ліпеня ў бой уступіла 50-я армія. Быў фарсіраваны Нёман. 15 ліпеня войскі фронту падышлі да Гродна. У той жа дзень савецкія войскі адбілі серыю контратак, прычыніўшы суперніку сур’ёзная шкода. 16 ліпеня Гродна быў вызвалены ва ўзаемадзеянні з 3-м Беларускім фронтам.

Што ж датычыцца вызвалення Дзятлаўшчыны, то тут таксама былі знойдзены цікавыя матэрыялы. Дзятлаўскі раён у асноўным абслугоўвалі два стралковыя корпусы (СК): 40 і 41 (удзельнічаў і 35) з 3-я Арміі. Карпусы мелі ў сваім складзе па тры стралковыя дывізіі: 5, 129, 169 – першы СК і 120, 283 і 269 – другі. У складзе гэтых корпусаў былі так званыя асобныя Гвардзейскія мінамётныя палкі. Іх назвы 313 ГМП, 325 ГМП, 475 ГМП. Усе вышэйназваныя часці “Кацюш” былі задзейнічаны ў Баранавіцка-Слонімскай аперацыі як часткі аперацыі “Баграціён”, гэта значыць, што некаторыя з іх на тэрыторыі нашага раёна стралялі, некаторыя былі на маршы, некаторыя рамантаваліся.

А імя “Кацюша” стала на ўсіх франтах родным і блізкім, і песню Ісакоўскага і Блантара салдаты перараблялі і дапаўнялі. Вось так, напрыклад.

Ішлі баі на моры і на сушы,

І грымелі выбухі кругом,

Звонка пела песенькі “кацюша”

Пад Калугай, Мінскам і Арлом.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian