Ігнат Дамейка: дарога ў Чылі

Ігнат Дамейка: дарога ў Чылі

   Была гэта дарога доўгай і няпростай. Ды, зрэшты, і вымушанай. Але так заўсёды бывае: чалавек, які прынёс бы найбольшую карысць свайму народу і сваёй радзіме, павінен развітацца з ёй і шукаць шчасця-долі ў чужых краях.

Імя Ігната Дамейкі цесна звязана з Дзятлаўшчынай. Па нашай зямлі ступала яго нага, тут жыў ён некаторы час у Жыбартоўшчыне, адзіным маёнтку, які больш-менш захаваўся да нашага часу. Можа, таму і захаваўся, што помніць дух Ігната Іпалітавіча, яго незвычайную энергетыку, сілу чалавека-зоркі, чалавека-сусвету, якому дадзена было застацца ў памяці ўдзячных нашчадкаў на вякі вечныя.

Пачатак шляху

Нарадзіўся Ігнат Дамейка ў Вялікай Мядзвядцы, што непадалёку ад Міра, у сям’і былога земскага суддзі Наваградскага ваяводства Іпаліта Дамейкі і Караліны з роду Анцутаў 31 ліпеня 1802 года. Яго ахрысціў ксёндз з недалёкага мястэчка Паланечка, хоць, як згадваў сам Ігнат, сям’я была ўніяцкай. Іпалітавых сыноў вучыў гувернёр француз. А любоў да Бога, да працы, да ведаў выхавалі ў сваіх дзяцей самі бацькі і нянька Тадора, якая расказвала ім беларускія казкі. Іх успомніў Ігнат на востраве Мадэйра, калі карабель, на якім ён плыў у Чылі, прыпыніўся ў порце Фуншал. Там ён упершыню ўбачыў лімонныя і апельсінавыя дрэвы, і яму прымроілася, што “гэта яблыні з сярэбранымі і залатымі яблыкамі”. І ён будзе стаяць сярод іх, “нібыта наймалодшы з трох братоў нашых дзіцячых казак”.

Пасля смерці бацькі ў 1809 годзе Ігната ўзялі пад акеку дзядзькі: Ігнат, гаспадар маёнтка Жыбартоўшчына, што каля Дзятлава, і Язэп з Азяранаў, які пасля заканчэння Галоўнай Літоўскай Школы вывучаў мінералогію ў горнай акадэміі нямецкага горада Фрайберга. Яны і выправілі дзесяцігадовага пляменніка ў Шчучын. Там манахі ордэна піяраў трымалі школу, фактычна гімназію, вядомую высокім узроўнем ведаў, якія давалі сваім выхаванцам. У апошні год вучобы, у класе філасофіі, шкаляры вывучалі матэматыку, алгебру і геаметрыю, механіку і фізіку. Прыродазнаўчыя навукі былі ўведзены ў праграму навучання Шчучынскай піярскай школы з 1803 года, на 4 гады раней, чым у Польшчы. Сучасныя даследнікі, аналізуючы змест тагачасных піярскіх падручнікаў фізікі, матэматыкі, натуральнай гісторыі, здзіўляюцца прыгажосці іх мовы, лагічнасці падачы матэрыялу. Дарэчы, піяры Літоўскай правінцыі выпрацавалі сваю методыку выкладання. У Шчучынскай школе любоў да Бога спалучалі з пазнаннем Богам створанага свету. Там упершыню ў нашай краіне зацвіў батанічны сад, пасаджаны ў 1785 годзе Станіславам Юндзілам. Там дапытлівы юнак Ігнат Дамейка спажываў жыватворныя плады з дрэва пазнання і тварэння. Дарога  ж са Шчучына вяла ў Вільню.

Вільня

20 верасня 1816 года Ігнат Дамейка быў прыняты на факультэт фізічных і матэматычных навук Віленскага ўніверсітэта. У 1781 годзе там сталі выкладаць прыродазнаўчыя навукі. З дапамогай замежных навукоўцаў, як, напрыклад, прафесара натуральнай гісторыі і батанікі француза Ж.Э.Жылібера, Віленскі ўніверсітэт стаў сапраўды галоўнай вышэйшай школай для моладзі былога Вялікага Княства Літоўскага. Лепшых выпускнікоў пасылалі прадоўжыць вучобу за мяжу, як згаданага Ігнатавага дзядзьку Язэпа Дамейку ды Рамана Сімановіча, будучага першага выкладчыка мінералогіі Віленскага ўніверсітэта.

Апрача фізічных і матэматычных курсаў, студэнтам фізічна-матэматычнага факультэта выкладалі тапаграфію, архітэктуру, рыхтуючы іх да прафесіі інжынера, якая асабліва падабалася Ігнату. Яны вывучалі замежныя мовы, гісторыю, літаратуру. Менавіта на лекцыях паэзіі Дамейка пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і неўзабаве далучыўся да студэнцкага таварыства “Саюз сяброў”, мэтай якога было развіццё навукі. Ігнат актыўна ўдзельнічаў у навуковых паседжаннях, выступаў з рэфератамі, пэўны час быў у “Саюзе” нават старшынёй. Фактычна так яго выпрабоўвалі старэйшыя калегі, якія стварылі шэраг студэнцкіх таемных суполак і падбіралі туды кандыдатаў з малодшых курсаў. Урэшце 5 траўня 1820 года Дамейка стаў сябрам таварыства філаматаў, сярод якіх быў вядомы пад мянушкай Жэгота. Гэта мянушка стала другім імем Ігната Дамейкі. Адам Міцкевіч нават назваў сваю першую паэму “Жэгота” (пасля замяніў на “Пана Тадэвуша”). У ягоных жа “Дзядах” адзін з герояў атрымаў імя Жэгота.

Вучоба працягвалася чатыры гады, і ў першай палове 1820 года Жэгота, як ён сам жартаваў, стаў “недамагістраваным магістрам”. Ён застаўся ў Вільні, слухаў лекцыі Лялевеля, “хадзіў на архітэктуру” і рыхтаваў дысертацыю. Можна сцвярджаць, што на Ігната Дамейку не маглі не паўплываць лекцыі Ігната Гарадзецкага, ад’юнкта кафедры хіміі Віленскага ўніверсітэта. І.Гарадзецкі займаўся даследваннем хімічнага складу мінералаў, а таму, безумоўна, спалучаў курс мінералогіі з асновамі хімічных ведаў. Як мяркуе польская даследніца Ядвіга Гарбоўская, Гарадзецкі знаёміў студэнтаў з сістэмамі класіфікацыі мінералаў, складзенымі на аснове хімічных метадаў, даводзячы ім, што хімія паслужыць далейшаму развіццю мінералогіі. Варта дадаць, што на пачатку 20-х гадоў XIX стагоддзя на ўсіх кафедрах універсітэта вялася актыўная даследніцкая праца. Не цураліся навуковых доследаў і студэнты. Асабліва актыўна пачалі дзейнічаць сябры створаных філаматамі “падапечных” таварыстваў: “Саюз сяброў”, “Прамяністыя”, “Філарэты”, “Навуковы саюз”, “Саюз краёвых натуралістаў”. Статыстычны камітэт  “Саюза сяброў” склаў інструкцыю, як апісваць прыродныя і эканамічныя ўмовы земляў былога Вялікага Княства Літоўскага.

Менавіта “Саюз сяброў” стаў у лютым 1822 годзе таемнай арганізацыяй, як і таварыства філарэтаў, якое аб’ядноўвала “каля 15% студэнтаў Віленскага ўніверсітэта”. Жэгота быў адным з актыўных сяброў. Амаль усе таемныя таварыствы паступова свае асветніцкія і выхаваўчыя мэты падпарадкавалі  ідэі  дасягнення незалежнасці Радзімы. Ды знайшоўся здраднік.

У красавіку 1822 года Дамейка здаў экзамены па заалогіі, батаніцы, мінералогіі, філасофіі, хіміі, архітэктуры, некалькі спецыяльных, у тым ліку і пісьмовы экзамен па матэматыцы, і быў дапушчаны да напісання дысертацыі. Абарона адбылася 25 чэрвеня: факультэцкая рада прызнала, што кандыдат заслужыў ступень магістра. Але Ігнатава мара стаць выкладчыкам у Віленскім універсітэце не збылася. Пэўны час ён яшчэ жыў у Вільні, але ўжо ўвосень 1823 года гаспадарыў у дзядзькавым маёнтку Заполле каля Ліды. Там яго і арыштавалі, прывезлі ў Базылянскія муры і 19 лістапада ўжо дапытвалі па справе філаматаў і філарэтаў. Дзякуючы хадайніцтву дзядзькі Ігнат быў вызвалены з-пад варты, але працяглы час заставаўся пад следствам.

 

Прысуд вынесены

Увосень 1824 года філаматам вынеслі прысуд, паводле якога Дамейку выслалі ў дзядзькаў маёнтак пад нагляд паліцыі. Жыў ён спачатку ў Жыбартоўшчыне каля Дзятлава, але ўрэшце асеў у Заполлі. Пакаранне заключалася пераважна ў тым, што былыя філаматы і філарэты не дапускаліся на дзяржаўную службу. Але нагляд не быў надта строгім. Жэгота з сябрамі ездзіў па наваколлі, часта бываў таксама ў Мядзвядцы, у Сачыўках каля Баранавічаў, у Бальценіках, дзе жыла ягоная стрыечная сястра Марыля з Верашчакаў. Наведваўся ён і ў Вільню. Можна меркаваць, што так наладжваліся сувязі для будучага змагання.

Дамейка ж марыў пра навуковую кар’еру, а весці гаспадарку не хапала ведаў. Ігнату даводзілася вычытваць навіны агракультуры з прывезеных з Нямеччыны кніжак. І не выпадкова Адам Міцкевіч у паэме “Дзяды” назваў Жэготу “найлепшым у Літве аканомам”. А яшчэ Дамейку даводзілася лячыць хворых сялян, прышчэпліваць у садзе новыя гатункі яблыкаў і груш, замяняць ветэрынара. І, відаць, Ігнат пагадзіўся ўжо са сваім лёсам. Ён намерыўся будаваць для сябе ў Заполлі дом.

Напярэдадні Калядаў 1830 года прыляцела вестка, што ў Варшаве моладзь заклікала да паўстання і ўжо збіраецца паўстанцкае войска. Таксама і ў Вільні, Літве-Беларусі і на Жмудзі пачалі сходзіцца патрыёты – радзіліся, рыхтавалі зброю. Жэгота аб’язджаў сяброў, знаёмых у Лідскім павеце і падгаворваў браць прыклад з палякаў, а сам таксама вучыўся страляць. Урэшце дамовіліся пра збор у трох месцах: з Лідскага павета – каля Васілішак, са Слонімскага – у Храбравіцкай пушчы, а з Наваградскага – у Навінскіх лясах. Чакалі толькі загаду з Вільні.

Аднойчы, у маі 1831 года, у Заполле прыехаў філарэт Станіслаў Казакевіч і прывёз Жэготу вусны загад Віленскага Часовага ўрада (Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта): паведаміць у стаўку галоўнага камандзіра паўстанцкага войска, што ў шмат якіх гарадах Віленскай губерні створаны паўстанцкія атрады, што ў Вілейцы ды іншых мястэчках паўночнай Беларусі паўстанцы атрымалі перамогу над расійскімі гарнізонамі, што віленская студэнцкая моладзь пайшла партызаніць у Рудніцкую пушчу. А яшчэ Віленскі Урад прасіў стаўку прыслаць афіцэраў-інструктараў. Дзеля пацверджання правамоцнасці Казакевіч перадаў Дамейку, ужо як эмісару, пароль.

 

Паўстанец

Ігнат адразу ж паехаў у Гародню. Тым часам жандары пільна сачылі за прыезджымі. Дамейка таксама мусіў тлумачыць мэту свайго візіту. Але яму пашанцавала: сыграў пакрыўджанага – маўляў, прыехаў скардзіцца ў суд. Гарадзенскія сябры-філарэты накіравалі яго з рэкамендацыйным пісьмом да “свайго чалавека” на ўзмежку Аўгустоўскай пушчы. Той даў правадніка, які, абмінуўшы памежную варту, правёў эмісара Жыготу ў шляхецкі засценак  Дубава да “вядомага сваёй пачцівасцю ліцвіна Андрыяцкага”. Перад Ігнатавым прыходам Андрыяцкі правёў таемнымі сцежкамі двух эмісараў з Вільні. Пра гэта даведаліся жандары і прыехалі на сядзібу Андрыяцкага, куды якраз прыйшоў Дамейка. Гаспадар з госцем схаваліся ў гумне, а малады парабак не выдаў іх.

Андрыяцкі не раіў Ігнату ісці далей, бо не сумняваўся, што віленскія эмісары ўжо ў стаўцы, але ўсё ж знайшоў для яго правадніка. Той завёў Дамейку ў вёску над ракой Наравам, дзе солтыс павінен быў накіраваць эмісара да партызанаў. Але тыя прынялі госця за шпіёна, пастанавілі расстраляць яго і ўжо нават прывязалі да хвоі. Ігната выратавала яго мужнасць і прыналежнасць да каталіцкай канфесіі. Ксёндз, які прыйшоў спавядаць асуджанага, выслухаўшы яго, развязаў і сказаў: ”Уцякай!”. Ігнат адказаў яму, што падазрэнне памылковае, што ён не будзе ўцякаць. Той узяў яго за руку, адвёў за пару соцень крокаў і знік у гушчары. А Ігнат, раптоўна адчуўшы стому і слабасць, “зваліўся на мох і заснуў”. Незвычайнае здарэнне апісана ў дзённіку І.Дамейкі і пацвярджае, што лёс не раз ратаваў яго ад смерці.

Калі прачнуўся, ужо развіднела. Заставацца ў пушчы было небяспечна, і ён пайшоў куды вочы глядзяць.

Апынуўшыся між ліха і гора, ведаючы пра поспех місіі папярэдніх паўстанцаў, Ігнат намерыўся вярнуцца дадому. Яму пашанцавала напаткаць знаёмага солтыса, з дапамогай якога ўдалося перайсці мяжу.

У канцы мая ў Заполле прыехалі філарэт Канстанцін Залескі з параненым сябрам Вінцэнтам Непакайчыцкім. Залескі быў ад’ютантам камандзіра польскага корпуса генерала Дэзыдэрыя Хлапоўскага. Той пасля пераможнай бітвы 23 мая 1831 года пад Гайнаўкай накіраваўся да Вільні. Залескі ж ехаў з даручэннем паведаміць партызанам пра надыход корпуса ды прапановай далучыцца да рэгулярнага войска.  Пераапранутага ў фурмана Непакайчыцкага Ігнат адправіў у Вільню, а Залескага – у Рудніцкую пушчу. Нават са скупых радкоў Дамейкавых дзённікаў можна зразумець, што яго госці траплялі ў Заполле не выпадкова: гэты адрас быў добра вядомы ў Вільні. Сам Ігнат пастанавіў далучыцца да корпуса Хлапоўскага і паехаў насустрач.

І вось цёплым сонечным днём, едучы Жалудоцкім гасцінцам, Ігнат здаля пачуў вайсковую музыку і ўбачыў бела-чырвоныя харугвачкі. Стаўшы ўзбоч дарогі, ён з радасцю прыглядаўся да шыхтаў: вылучаліся ўланы, стралецкі легіён, афіцэры-інструктары, асочнікі ды леснікі з Белавежскай пушчы. Па дарозе да Хлапоўскага далучыліся і партызаны: сяляне, парабкі, засцянковая шляхта, мяшчане – апранутыя  кожны ў сваё ды па-рознаму ўзброеныя. Корпус налічваў, як згадваў Дамейка, 700-800 жаўнераў.

Фелікс Вратноўскі, ад’ютант генерала Хлапоўскага, пазнаў былога студэнта Жэготу і падвёў да генерала. Наступным днём у Лідзе Ігнат Дамейка стаў жандарам паўстанцкага войска.

Гарнізон Ліды здаўся амаль без бою. Са 180 расійскіх жаўнераў два дзясяткі з афіцэрам пажадалі далучыцца да паўстанцаў. Рэшту, як піша Дамейка, адпусцілі на волю. Хлапоўскі рушыў далей, але ў Жырмунах корпус трапіў у засаду. Пасля гэтага здарэння  пастанавілі збочыць з простага шляху на Вільню і праз Голдаў і Мыта прабірацца ў бок Эйшышак для злучэння з віленскімі паўстанцамі і партызанамі. Па дарозе да корпуса далучыліся самахотнікі, і ўжо праз пару дзён Хлапоўскі загадаў стварыць першы батальён новага палка. Камандзірам быў прызначаны жмудзін  Станіслаў Мацэвіч, які ў войску вялікага князя Канстанціна даслужыўся да чына маёра, а палкавым ад’ютантам стаў Ігнат Дамейка.

З нешматлікіх першых сутычак корпуса Хлапоўскага з непрыяцелем Дамейку запомніўся бой кавалерыстаў авангарда з казакамі, якія везлі дэпешу віленскаму генерал-губернатару. Казакі не здаліся, хоць іх было значна менш, “калолі нашых жаўнераў, але ўрэшце мы іх пабілі”. Ацалела ўсяго некалькі, і пасля яны ехалі ззаду – ніхто іх не пільнаваў.

З той дэпешы Хлапоўскі даведаўся, што на падмогу віленскаму гарнізону ідзе нейкі расійскі аддзел. Пасля Хлапоўскага вінавацілі, што не рушыў на перахоп. Дамейка апраўдвае рашэнне камандзіра корпуса, але, відаць, сапраўды праз нерашучасць Хлапоўскага ў Вільні змагло сабрацца значнае расійскае войска.

У Троцкім павеце, у Габрэлеве, маёнтку Гаврэля Агінскага (кіраўнік троцкіх паўстанцаў і сябра Віленскага Часовага ўрада) корпус генерала  Хлапоўскага злучыўся з легіёнам віленскіх студэнтаў – схуднелых, змучаных партызанскай вайной і шматлікімі сутычкамі з непрыяцелем, дрэнна апранутых і абутых, узброеных паляўнічымі стрэльбамі і трафейнай зброяй.

Неўзабаве  да корпуса далучыўся даволі шматлікі, добра абмундзіраваны, узброены пікамі і палашамі кавалерыйскі аддзел Эміліі Плятэр.

Паступова корпус разрастаўся – праз нязначны час там было паўтары тысячы жаўнераў. А ў канцы чэрвеня ў маёнтку Рыконты генерала Антона Гелгуда (пераможцы ў бітве 26 лютага 1931 года каля вёскі Грохаў пад Варшавай), калі туды са сваёй дывізіяй прыйшоў сам Гелгуд, сабралася, як сведчыць Дамейка, да чатырнаццаці тысяч жаўнераў. Там жа на нарадзе пастанавілі: на чале з Гелгудам выступіць на Вільню. Мацэвічу загадалі весці свае роты ў Коўна. Там Мацэвіч і Дамейка спрабавалі хоць неяк апрануць тых 500-600 жаўнераў свайго палка. Не хапала і зброі: яны мелі ўсяго чатырыста стрэльбаў, патронаў жа – толькі па некалькі на кожнага. Давялося збіраць па крамах і дамах волава, порах і сялетру і серку.

Спачатку з-пад Вільні прыходзілі неблагія весткі, але ў канцы другога тыдня стала вядома пра паражэнне паўстанцаў. Неўзабаве ў Коўна з музыкай прыйшоў корпус Хлапоўскага, але праз дзень рушыў у Кейданы, пакінуўшы дзля  абароны полк Мацэвіча. Але якая тут магла быць абарона, калі, як піша Дамейка, яны паставілі бараніць мост праз Вяллю самахотнікаў, узброеных пікамі і косамі? Казакі наляцелі ў горад імклівай атакай – большая частка жаўнераў палка пасля кароткай сутычкі трапіла ў палон. Завязаўся бой і на мосце: абаронцаў яго пачалі абстрэльваць з гарматаў. У гэтым баі ледзь не трапіла ў палон Эмілія Плятэр. Яна бясстрашна, не зважаючы на карцеч, імкнулася ў атаку, але раптам упала з каня. Да яе падляцеў Мацэвіч, саскочыў, пасадзіў на свайго каня і ўратаваў.

Праз дзень рэшткі палка сабраліся ў Кейданах, дзе Дамейка з камандзірам спадзяваліся знайсці зброю для трохсот мясцовых сялян. “Да новых жаўнераў Мацэвіч звярнуўся з палымянай прамовай па-жмудску”.

У Кейданах паўстанцкае войска затрымалася нядоўга і рушыла маршам на Шаўлі. Па дарозе дагналі ар’ергард корпуса Хлапоўскага, і Дамейка пад’ехаў адрапартаваць генералу. Той прыняў яго ветліва, але Дамейка заўважыў, што Хлапоўскі вельмі стомлены. Святар гэтага корпуса Лога, родам з Пазнаншчыны, таксама ветліва прывітаў Ігната і сказаў: “Віншую цябе і цешуся: бачыў учора прыгожую атаку аднаго швадрона вашых ліцвінскіх паўстанцаў”.

Але такіх прыемных хвілін больш не было. Дамейка прыгадаў адзін выпадак, што пакінуў асабліва сумнае ўражанне. Аднойчы войска затрымалася каля стаўкі генерала Гелгуда. Пачалі збірацца афіцэры і наракалі на бяздзейнасць, на бязладдзе, выгаворвалі, што дарма з усяго абшару Літвы і Жмудзі сабралі партызанаў, якія маглі б нанесці больш шкоды непрыяцелю ў сваіх краях. А галоўнага камандзіра вінавацілі, што ён думае пра перамовы з непрыяцелем ды вядзе войска ў Прусы. Самыя гарачыя пайшлі патрабаваць ад Гелгуда, каб перадаў камандаванне генералу Хлапоўскаму. Але дарма. Гелгуд выйшаў да незадаволеных абураны і толькі паўшчуваў крыкуноў.

Назаўтра полк Мацэвіча ўдзельнічаў у бітве каля Расаліна, дзе загінула шмат жаўнераў, а Дамейка ледзь не трапіў у палон. Тады ж рота з корпуса Хлапоўскага ўвайшла ў Шаўлі. Пасля непрацяглай сутычкі нешматлікі расійскі гарнізон схаваўся за прыкасцёльную мураваную агароджу: тры атакі паўстанцаў былі адбітыя. Новага падмацавання генерал Хлапоўскі не прыслаў, бо не намерыўся браць Шаўлі. А расійская армія набліжалася.

Рэшткі дывізіі Гелгуда і корпуса Хлапоўскага адступілі ў Куршаны. Там у стаўцы Гелгуда і адбылася нарада, у якой удзельнічалі генералы Дэмбінскі, Роланд, Шыманоўскі, Тышкевіч. Паўстанцы чакалі пастановы. “Шмат нас, ліцвінаў, – пісаў Дамейка ў дзённіку, – сядзела каля раскладзенага ў полі вогнішча”. Была там і Плятэрчанка. Яна адчувала, што можа вырашыць нарада, і абуралася: “Завядуць у Прусы на ганьбу…”

Так і здарылася. Пастанавілі, што пяхотны корпус пад камандваннем Роланда і Шыманоўскага – каля трох тысяч жаўнераў – пойдзе на Мемель (Клайпеду), разлічваючы на зброю і амуніцыю з Англіі. Дэмбінскі з паўтаратысячнай кавалерыяй і артылерыяй будзе прабівацца пад Варшаву да галоўнай паўстанцкай арміі. Гелгуд з Хлапоўскім павядуць рэшткі свайго войска пад прускую мяжу. На трэці дзень пасля нарады ў Куршанах Эмілія Плятэр развіталася з былымі папленікамі і папракнула, што згадзілася, каб іх вялі ў Прусы. Гэта смелая дзяўчына намерылася вярнуцца са сваім аддзелам у родныя мясціны, каб партызаніць там. У сутычцы з расійскім войскам Эмілія Плятэр была смяротна параненая і памерла ў вёсцы Юстынава каля Сейнаў. Адам Міцкевіч увекавечыў яе ў вершы “Смерць палкоўніка”.

  Эміграцыя

Корпус генерала Д.Хлапоўскага 13 ліпеня 1831 года быў інтэрнаваны ў Прусах. Прусакі некалькі месяцаў трымалі паўстанцаў у розных мясцінах, дамагаючыся, каб яны згадзіліся вярнуцца ў Расійскую імперыю. Дамейка з сябрамі спрабаваў уцячы ў Англію, але дарэмна. І толькі зімой ён атрымаў пашпарт і 15 студзеня 1832 года выехаў у Дрэздэн, дзе спаткаўся з Адамам Міцкевічам. Адтуль яны пераехалі ў Францыю. Пэўны час жылі ў правінцыі Шампань, а са жніўня аселі ў Парыжы. Трапіўшы ў горад, да якога з універсітэцкіх гадоў ён імкнуўся, Ігнат Дамейка спачатку толькі цешыўся аглядам палацаў, святыняў, помнікаў. Пасля далучыўся да жыцця палітычных эмігрантаў. 6 жніўня 1832 года Дамейка разам з Адамам Міцкевічам сталі сябрамі парыжскага Таварыства Літоўскага і Рускіх земляў. Але ўрэшце пачаў стараніцца эмігранцкага руху, дапамагаў толькі Таварыству навуковай дапамогі рассылаць і раздаваць вылучаную французскім урадам субсідыю – 25 франкаў штомесяц – эмігрантам, якія сталі вучыцца ў навучальных установах Францыі. Ён і сам збіраўся працягнуць адукацыю. У 1833 і 1834 гадах Ігнат слухаў лекцыі ў Сарбоне, у батанічным садзе і нарэшце выбраў хімію і геалагічныя навукі. 23 жніўся 1835 года Дамейка паступіў у Парыжскую Горную школу і скончыў яе 1 жніўня 1837 года.

Атрымаўшы дыплом, пэўны час малады геолаг  рыхтаваў Атлас польскіх земляў, апрацоўваў гідраграфічную і геалагічную карты, шукаў руду ў лясах Ніжняга Эльзаса, знайшоў там багатыя радовішчы жалезнай руды. Але восенню 1837 года рэктар Горнай школы прафесар Дзюфрэ прыслаў Дамейку, свайму лепшаму вучню, ліст, у якім заахвочваў яго ехаць у Чылі выкладаць хімію і мінералогію. Чылійцы прапанавалі добры заробак і аплату кошту падарожжа. Тады ў дзённіку Дамейка запісаў: “Я ажыў! Ажыў мой з дзяцінства запал да падарожжаў”. Дамейка падпісаў кантракт на шэсць гадоў, напакаваў 30 скрыняў абсталявання, прыладаў і 31 студзеня 1938 года рушыў у далёкую дарогу.

 

Новыя далягляды

Па дарозе ў Чылі Ігнат Дамейка наведаў Лондан, дзе быў уражаны ладам жыцця англічан і багаццем тавараў, саборам Святога Паўла. Па дарозе ў Фэльмус (горад і порт у паўднёва-заходняй Англіі) ён паглядзеў на Англію, на адмысловыя дамы і заможныя гарады. 9 лютага 1838 года наш зямляк паплыў на караблі “Спэй” у Паўднёвую Амерыку. “Спэй” прыпыняўся каля Канарскіх астравоў, прыстаняў Рыа-дэ-Жанэйра, Мантэвідэа, Буэнас-Айраса. З Буэнас-Айраса давялося дабірацца на конях, бо па тых бязмежных аргентынскіх стэпах інакш не ездзілі. Падарожных падганяла вестка, што ў Кардыльерах ужо выпаў снег і кожны дзень горы могуць стаць непраходнымі. І сапраўды, каля перавалу Успалата сцежкі, па якіх вёў шлях з Аргенціны ў Чылі, былі засыпаны снегам. Людзі і мулы па шыю правальваліся ў снег, сам Дамейка ледзь не зваліўся ў прорву – яго выратаваў праваднік. А на перавале падарожных чакала такая завіруха, што “ніякая бура ці нашы зімовыя завеі не могуць і параўноўвацца з гэтай непагаддзю”.

17 мая 1838 года Дамейка ступіў на чылійскую зямлю.

                       Матэрыял падрыхтавала А.Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Выкарыстаная літаратура:

  1. Чалавек, які збіраў камяні: Ігнат Дамейка/Здзіслаў Сіцька. – Мн.: Тэхналогія, 2005. – 72с.
  2. https://planetabelarus.by/publications/ignat-dameyka-apantany-geroy-chyli-z-belarusi/
  3. https://be.wikipedia.org/wiki/Ігнат_Іпалітавіч_Дамейка
  4. http://www.kmtd.glinka-edu.by/імёны/чылійскі-беларус-ігнат-дамейка/
  5. https://news.tut.by/culture/529239.html

 Мінерал, названы ў гонар Дамейкі

 І.Дамейка з жонкай

 

 

 

 

 Партрэт І.Дамейкі

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian