Цікавы экспанат: салдацкая лыжка

Цікавы экспанат: салдацкая лыжка

У наш час гісторыю пэўнага прадмета можна вывучыць ў асобным музеі. Напрыклад, музей паштоўкі ці музей сталовага посуду. Пасля наведвання такіх месцаў надоўга застаецца шмат уражанняў. Але навошта кудысьці далёка ехаць, калі можна схадзіць у наш Дзятлаўскі гісторыка – краязнаўчы музей і знайсці тут шмат незвычайных прадметаў.

Найбольшую цікавасць зараз, напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі, выклікаюць экспанаты ў залах вайсковай славы, якія распавядаюць пра Вялікую Айчынную вайну. Гісторыя ажывае на вачах: артылерыйская ўстаноўка, салдацкія асабістыя рэчы, знойдзеныя падчас перапахаванняў, каскі нямецкія, рэчы, якімі карысталіся партызаны Ліпечанскай пушчы, бінокль, біклажка і лыжка, простая алюмініевая лыжка. Зусім, на першы погляд, непрывабны прадмет. Захацелася распавесці нашым землякам гісторыю гэтай лыжкі.

Чым далей ад нас саракавыя гады мінулага стагоддзя, тым складаней нам уявіць, як выжывалі мірныя людзі і салдаты ў той нялёгкі час. Кухня прыхарошвала многія бокі цяжкай салдацкай службы. Баявы настрой салдат не ў апошнюю чаргу ствараўся поварам, яго уменнем, яго талентам і ўплывала на ўздым духу, дапамагала каваць перамогу, спрыяла баявой падрыхтоўцы салдат. Бо прыём ежы для салдат быў не проста здаволеннем голаду. Гэта былі рэдкія хвіліны спакою і адпачынку, рэдкія хвіліны ваеннага побыту, калі салдат адчувае задавальненне ад смачнага баршчу, гуляшу, кашы, ад зносін з іншымі, думае пра сваіх блізкіх. У гэты момант надыходзіць псіхалагічная і фізічная рэлаксацыя – салдат адпачывае. «Салдат на фронце без лыжкі – галодны салдат, а галодны салдат – не баец»,  –  гаворыць народная прыказка. А самі байцы казалі, што ў салдата пры сабе заўсёды павінна быць «зброя для бяды і зброя для ежы» – гэта значыць, аўтамат і лыжка.

Салдацкая лыжка. Што ў ёй асаблівага? Ды тое, што яна, гэта лыжка, таксама дапамагала салдатам ваяваць. Знаходзячыся на фронце ад раніцы да раніцы і практычна не вылазячы з акопа, ніводнага дня салдат не быў галодным. Адыходзілі ці наступалі, а палявая кухня або салдаты з тэрмасамі прыбывалі як штык, і лыжкі пачыналі актыўна працаваць.

Што елі салдаты падчас Вялікай Айчыннай вайны? У салдат быў сутачны паёк, у розных родах войскаў былі розныя нормы. У асноўным у паёк уваходзілі наступныя прыпасы: хлеб жытні і пшанічны, супы з мясам, рыбай, агароднінныя, рыхтавалі кашы і макаронныя вырабы. Падчас наступленняў выдавалі сухі паёк, у якім былі кансервы, сала, хлеб і канцэнтраваныя супы і кашы. Часам нормы не выконваліся з-за недахопу прадуктаў ці немагчымасці іх дастаўкі да месца баёў. Тады даводзілася звяртацца да НЗ – недатыкальнага запасу, але і ў гэтым выпадку патрабавалася лыжка.

Салдацкая лыжка – сведка тысячы чатырохсот васямнаццаці кашмарных дзён і начэй вайны. На фронце ў кожнага салдата мелася ўласная лыжка, як правіла, узятая з дому, на памяць пра сям’ю. Выдавалася салдату ўстаўная алюмініевая лыжка выпуску завода «Чырвоны выбаржац», маркіраваная таўром. У кожнага салдата аднолькавы набор рыштунку, з гэтым рыштункам трэба нешта рабіць, каб яго адрозніваць. Тут ужо ішла ў ход фантазія, хто што прыдумае – хтосьці маляваў на лыжках, хтосьці яе проста некалькі разоў перакручваў. Гэтак жа выкарыстоўваліся любыя лыжкі, якія мог дастаць салдат: драўляныя, алавяныя, латуневыя, алюмініевыя, сярэбраныя. Калі не было магчымасці знайсці завадскую, то іх рабілі з падручных матэрыялаў. Прасцей за ўсё было выразаць з дрэва, але выраблялі і з алюмінію або волава ліццём. Форму зрабіць было проста: у гліне рабілі адбітак лыжкі, якая была ў наяўнасці, на вогнішчы плавілі метал і залівалі ў форму. Часам лыжкі майстравалі з іншых матэрыялаў, напрыклад, з бляхі. Гэтыя кухонныя прыналежнасці ўпрыгожвалі подпісамі і малюнкамі.

Звычайная алюмініевая лыжка накарміла не адну роту салдат. Лёгкая і практычная, прайшла яна самыя суровыя палявыя выпрабаванні і ўмовы.

З успамінаў франтавіка: «У кожнага салдата ў той час была за халявай бота лыжка, як мы яе называлі, «шанцавы інструмент» – алюмініевая штампоўка. Але павінен сказаць, што яна выконвала ролю не толькі сталовага прыбора, але і была свайго роду «візітнай карткай». Тлумачэнне гэтаму такое: існавала павер’е, што калі ты носіш у задняй кішэні салдацкі медальён, маленькі чорны пластмасавы пенал, у якім павінна ляжаць запіска з дадзенымі (прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, адкуль закліканы), то цябе абавязкова заб’юць. Таму большасць байцоў проста не запаўнялі гэты лісток, а некаторыя нават выкідалі сам медальён. Затое ўсе свае дадзеныя выдрапвалі на лыжцы. І таму нават зараз, калі пашукавікі знаходзяць астанкі салдат, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, іх прозвішчы ўзнаўляюць менавіта па лыжках.

З прычыны таго, што лыжку насілі за халявай або за абмоткай салдацкага чаравіка, яе вельмі лёгка было згубіць. І калі ўзнікала такая праблема, замяніць лыжку ў баявых умовах не было чым, таму даводзілася займацца вырабам. Большае распаўсюджванне ў тэхнічных войсках атрымалі самаробныя лыжкі, якія вырабляліся ў майстэрнях. За кошт таго, што ў танкавых часцях былі майстэрні-лятучкі, там служылі механікі, яны былі “рукастыя і галавастыя” хлопцы. Выраблялася простая форма ў пяску, туды адліваўся алюміній з разбітых рухавікоў і самалётаў, увогуле, да чаго дацягнуцца можна было. З тых жа кацялкоў можна было рабіць лыжкі. Адлівалася, пасля абточвалася і выкарыстоўвалася ва ўжытку».

Музеі – скарбонкі нашай памяці пра мінулае, якое ўжо сышло. Галоўная каштоўнасць музея – экспанаты. Кожны экспанат, як і чалавек, мае свой цікавы лёс, адметны характар.

Вось і алюмініевая лыжка, якая нас зацікавіла, мае няпростую гісторыю. Знойдзена яна ў 1968 годзе каля хутара Кляшчы падчас раскопак на месцы пахавання ўдзельнікаў першага бою за Дзятлава, што адбыўся 28 – 29 чэрвеня 1941 года. Бой быў жорскім, усе чырвонаармейцы загінулі. Іх, чатырнаццаць чалавек, пахавалі жыхары хутара ў брацкай магіле недалёка ад дарогі з Дзятлава на Хадзяўляны, а пазней іх перазахавалі каля абеліска ў Дзятлаве. Сярод загінулых быў лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Лебедзеў.

Вечная памяць героям, якія аддалі жыццё за Радзіму.

 

Алена Абрамчык, старшы навуковы Дзятлаўскага супрацоўнік музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian