Цікавы экспанат: скураное паліто М.П.Жураўлёва

Цікавы экспанат: скураное паліто М.П.Жураўлёва

Гэты экспанат знаходзіцца ў экспазіцыі нашага музея, у партызанскай зале. Звычайнае скураное паліто цёмна-рудога колеру, састарэлае, трохі зморшчанае ад часу. Дзе набыў яго тады ўладальнік, невядома, ды і не даведаемся ўжо ніколі, а вось тое, што было яно цеплым і зручным, гэта відавочна. І насілася доўга, моцнае было, бо зроблена з трывалай, якасна вырабленай скуры, пашыта на швейнай машынцы, хутчэй за ўсё маркі “зінгер”, нітка ў шве тоўстая, шаўковая, не стлела, не парвалася ад часу.

Лейтэнант Міхаіл Пятровіч Жураўлёў быў у час вайны камандзірам партызанскага атрада №261 імя Чапаева Журавіцкай брыгады Дзікана Гомельскай вобласці. Яго дакументы знаходзяцца таксама ў фондах нашага музея: пасведчанне партызана Беларусі, ордэнскія кніжкі, пасведчанні да медалёў розных гадоў. А ў інтэрнэце ёсць ліст узнагарод Міхаіла Пятровіча, які сведчыць пра тое, што ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі 5 кастрычніка 1943 года. У лісце таксама пералічаны заслугі камандзіра, за якія ён прадстаўлены да ўзнагароды. Пасля вайны жыў у Дзятлаве.

Пытанне пра партызанскае адзенне ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўвогуле цікавае. Сапраўды, што насілі партызаны, як апраналіся.

Асноўнае правіла партызанскага адзення простае і досыць відавочнае. Яно гучыць так: што дасталі, тое і носім. Ва ўмовах партызанскай вайны, асабліва  ў глыбокім тыле ворага, пра нейкае сістэматычнае забеспячэнне даводзілася забыцца. Забеспячэнне, вядома, мела месца – краіны антыгітлераўскай кааліцыі, як СССР, так і заходнія саюзнікі, не забывалі пра байцоў нябачнага фронту. Дапамога была ўзаемнай: з вялікай зямлі ў партызанскія атрады ішлі цёплыя рэчы, прадукты, медыкаменты і зброя, партызаны ж са свайго боку дзе разведвальнай інфармацыяй дапамогуць (дастаткова ўспомніць, што менавіта партызанамі былі выкрыты і своечасова перададзены ў цэнтр звесткі пра падрыхтоўку наступлення на Курскай дузе), дзе палонных у ворага адаб’юць, дзе збітаму лётчыку дапамогуць выбрацца з акружэння. Так што сувязь з атрадамі падтрымлівалі. Але па меры магчымасці. І пастаўлялі ў першую чаргу тое, у чым была найбольшая неабходнасць, – боепрыпасы, медыкаменты, зброя, рацыі. Рэчавае ж забеспячэнне аддавалі на водкуп самім атрадам.

Калі партызан трапляў у атрад з шэрагаў дзеючай арміі (напрыклад, з ліку байцоў-акружэнцаў або адмыслова падрыхтаваных спецназаўцаў-дыверсантаў, засланых ў тыл ворага), ён стараўся захаваць у сваёй вопратцы нейкія элементы сваёй першапачатковай ваеннай уніформы. Зрабіць гэта было няпроста – у лясных умовах абмундзіраванне, асабліва летняе, хутка старэла. Даўжэй служылі металічныя апазнавальныя знакі (напрыклад, зорачкі з галаўных уборах) або скураныя рамяні. Затое не было праблем з грамадзянскім адзеннем, у якое, у асноўным, і апраналіся.

Тут, праўда, паўставала новая праблема: як апазнаць сваіх? У невялікім атрадзе, зразумела, усё байцы ведалі адзін аднаго ў твар і па імені. А што рабіць з байцамі суседніх атрадаў? Немалаважным быў і фактар адносін з мясцовым насельніцтвам: як зрабіць так, каб насельніцтва беспамылкова апазнавала народных мсціўцаў, а акупанты, наадварот, былі б пазбаўленыя такой магчымасці? Тут любыя элементы савецкай ваеннай формы былі вельмі дарэчы, калі яны меліся ў наяўнасці. Але меліся яны не заўсёды, таму даводзілася вынаходзіць нейкія ўмоўныя элементы адзення, добра знаёмыя як апазнавальны знак іншым партызанам. Нярэдка такую ролю выконвалі чырвоныя стужачкі папярок галаўных убораў, якія з’явіліся яшчэ ў грамадзянскую вайну і таму лёгка пазнаваліся людзьмі.

Выкарыстанне цывільнага адзення ў перыяд баявых дзеянняў у лясах і сельскай мясцовасці было апраўданым і ўдалым рашэннем: яе лёгка было дастаць і гэтак жа лёгка, схаваўшы партызанскія апазнавальныя знакі, сысці за мірнага жыхара, які ідзе па сваіх справах – ідэальная маскіроўка для разведчыка.

А якую экіпіроўку прасцей за ўсё было дастаць партызанам у тыле ворага?  Зразумела, варожую – трафейную. Так з’яўляецца практыка выкарыстання партызанскімі фарміраваннямі нямецкай ваеннай формы і нямецкай экіпіроўкі – у тых ці іншых спалучэннях з грамадзянскімі касцюмамі. Захавалася сведчанне нейкага афіцэра НКУС, засланага ў тыл ворага для сувязі з мясцовым партызанскім атрадам. Ён быў проста ашаломлены, калі па камандзе партызанскага камандзіра вакол яго як з-пад зямлі выраслі некалькі сотняў узброеных байцоў, апранутых як на падбор у нямецкія мундзіры і характэрныя вуглаватыя каскі. Чалавек з Вялікай Зямлі вырашыў было, што трапіў у пастку, але камандзір атрада своечасова паспеў растлумачыць, што да чаго. Інцыдэнт быў уладжаны.

Праўда, пры выкарыстанні варожай формы і варожай экіпіроўкі ўзнікала рызыка, што свае не даведаюцца, адкрыюць агонь на паражэнне, прыняўшы за карнікаў. Таму з адбітых у карнікаў прадметаў абмундзіравання стараліся перш за ўсё спароць нямецкія знакі адрознення. Акрамя таго, на трафейныя элементы форменнай вопраткі і ахоўны рыштунак наносіліся характэрныя апазнавальныя знакі, знаёмыя як іншым партызанам, так і мясцоваму насельніцтву, якія дазвалялі беспамылкова ідэнтыфікаваць партызан.

У музеі знаходзяцца ўспаміны Якушавай Праскоўі Іванаўны, партызанскай сувязной, якая працавала акушэркай у дзятлаўскай бальніцы ў час вайны, пра сустрэчу з партызанамі. “Наступная паездка да хворай была ў вёску Навіны. Хварэла жанчына. Сярод дня ў вёску прыйшлі партызаны. Між іх быў начальнік штаба Сяргей Фляг. У яго была паранена рука (здаецца, левая), прычым рана была ў крытычным стане. Апрацавала яму рану, пакінула стрэптацыд, ёд, бінты. Хацелася да іх у лес, але Сяргей Фляг сказаў, што зараз у лес ніяк нельга, ды яшчэ з двума дзецьмі, больш карысці будзе тут, у Дзятлаве, а потым вырашаць, што рабіць. Партызаны выглядалі жудасна: дрэннае адзенне, парваныя боты. А ў той час стаялі халады (снежань 1942 года). Проста неверагодна ўявіць іх становішча зараз, у мірны час”.

На фоне гэтых успамінаў паліто Жураўлёва выглядае дастаткова зручным і шыкоўным адзеннем. Можна нават сказаць, што яму пашанцавала мець такую вопратку.

 

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

     Паліто М.П.Жураўлёва

  Партрэтны здымак М.П.Жураўлёва

 М.П.Жураўлёў пасля вайны

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian