Любоў да Беларусі жыве ў яго сэрцы

Любоў да Беларусі жыве ў яго сэрцы

Апісваючы архівы музея, уносячы дадзеныя ў электронную праграму, вельмі часта трапляеш на цікавыя, малавядомыя матэрыялы. І хочацца пабольш даведацца пра людзей, знайсці іх кантакты. Чалавеку, мяркуючы па даце нараджэння, ужо шмат гадоў, але раптам яшчэ жывы, можна спісацца, патэлефанаваць, пагаварыць, нешта новае даведацца па гісторыі вайны на Дзятлаўшчыне. Зацікавіла мяне асоба Віля Аляксеевіча Селуянава. У фондах музея знаходзяцца на захаванні дакументы пра гісторыю баявой дзейнасці партызанскага атрада “Баявы” імя Дунаева Беластоцкага аб’яднання, а таксама спіс удзельнікаў Станькаўскага падполля Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці 1941-1942 гадоў і партызан атрада “Баявы”. Пад нумарам 19 у спісе значыцца Селуянаў Віль Аляксеевіч, які нарадзіўся ў вёсцы Барысаўшчына. Спіс пацверджаны подпісам камандзіра атрада Я.П.Грыцыневіча. У матэрыялах быў адрас: г.Сочы, вуліца Варашылаўская 12/7. Падумалася: трэба напісаць ліст на гэты адрас. Распытала ў работнікаў музея, што яны ведаюць пра Віля Аляксеевіча. Захавальнік музея Ірына Станіславаўна расказала, што некалькі гадоў таму быў кантакт з Селуянавым, ён, здаецца, яшчэ жыве.

Ліст напісала на імя Селуянава Віля, але звярталася да жыхароў кватэры нумар сем, бо ўсё магло здарыцца за гэты час: кватэру маглі прадаць, і там зараз жывуць чужыя людзі, ніяк з сям’ёй Віля Аляксеевіча не звязаныя. Праз некаторы час атрымала адказ на сваю электронную пошту. Пісаў зяць Селуянава Аляксей. Ён паведамляў, што Віль Селуянаў жывы-здаровы, перадае прывітанне Беларусі, збірае матэрыялы, каб пераслаць у музей.

Праз некаторы час матэрыялы прыйшлі. Віль Аляксеевіч перадаў іх у Растоўскае аддзяленне пасольства Беларусі ў Расіі, а адтуль яго пераслалі на адрас музея.

Прагледзеўшы дасланае некалькі разоў, прыйшла да высновы: колькі цікавага можна даведацца пра вайну, ды і не толькі пра вайну, ад аднаго канкрэтнага чалавека, які свята беражэ памяць мінулага ў сваім сэрцы, беражэ памяць свайго рода і свайго народа, савецкага народа, бо ён ніколі не раздзяляў і не раздзяляе рускіх і беларусаў.

Паходзіць Віль Аляксеевіч з вельмі цікавага роду. Яго дзед па маці, Якушаў Іван Андрэевіч, родам з Разанскай губерні Расійскай імперыі, служыў у гады Першай сусветнай вайны ў “Рускім корпусе” генерала Юдзеніча ў Арменіі, быў афіцэрам.

Бацька, Селуянаў Аляксей Аляксандравіч, 1908 года нараджэння, падпалкоўнік медыцынскай службы, скончыў Акадэмію імя Кірава ў Ленінградзе, у гады Вялікай Айчыннай вайны  служыў у Беларусі, Ленінградзе, Волхаве, Сталінградзе, Растове, Данбасе, Мелітопалі, Крыме, Прыбалтыцы. Пасля вайны займаў пасаду галоўнага ўрача-тэрапеўта ў паліклініцы УКДБ – МУС у горадзе Сочы. У сямейным архіве Селуянавых маюцца пасведчанні Аляксея Аляксандравіча, выдадзеныя разам з медалямі 1942  “За абарону Сталінграда” і “За абарону Ленінграда”.

Легендарнай асобай з’яўлялася і маці Віля Аляксеевіча – Якушава Праскоўя Іванаўна. Віль Аляксеевіч даслаў копіі некалькіх дакументаў, якія пацвярджаюць, што яго маці была партызанскай сувязной. Вось адзін з іх, напісаны Гулецкім Мікалаем Якаўлевічам і завераны сакратаром Дзятлаўскага райвыканкама ад 27 красавіка 1979 года. “Я, Гулецкі Мікалай Якаўлевіч, 1912 года нараджэння, былы сувязны партызанскага атрада “Барацьба” Ленінскай партызанскай брыгады Шчучынскага партызанскага злучэння, жыву па адрасе г.п.Наваельня, вуліца К.Маркса, дом 17, тым самым пацвярджаю, што грамадзянка Якушава-Селуянава Праскоўя Іванаўна, 1915 года нараджэння, народжаная ў сяле Гарадзец  Спаскага раёна Разанскай вобласці, якая зараз жыве ў горадзе Сочы па адрасе Курортны праспект дом 94, кватэра 7, у перыяд з 1 студзеня 1943 года да моманту вызвалення Дзятлаўскага раёна 12 ліпеня 1944 года была сувязной партызанскага атрада “Барацьба”.

Працуючы ў гэты час акушэркай Дзятлаўскай бальніцы па заданні камандвання атрада грамадзянка Якушава-Селуянава П.І. удзельнічала ў зборы  звестак пра гарнізон праціўніка ў м.Дзятлава, у лячэнні хворых і параненых партызан, забяспечвала атрад медыкаментамі і перавязачным матэрыялам. У 1943 годзе  прымала ўдзел у падрыхтоўцы аперацыі па захопу бялізны, медыцынскага інструментарыя, перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў у Дзятлаўскай бальніцы, распаўсюджвала сярод мясцовых жыхароў м.Дзятлава і гарнізона праціўніка зводкі інфармбюро і іншую агітацыйную літаратуру. У гэтым і падпісваюся.” Подпіс Гулецкага М.Я. пацверджаны пасведчаннем партызана Беларусі №4193327, выдадзенага выканкамам Дзятлаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.

А яшчэ ў архівах сям’і маецца даведка, выдадзеная 24 жніўня 1944 года штабам партызанскага атрада “Барацьба” і падпісаная камандзірам атрада Глазковым, камісарам Кавязіным і начальнікам штаба Флягам. Яна мае наступны змест: “Даведка выдадзена Селуянавай Праскоўі Іванаўне, горад Дзятлава Баранавіцкай вобласці, у тым, што яна сапраўды з’яўлялася членам антыфашысцкай групы ў горадзе Дзятлаве, мела сувязь з партызанскім атрадам “Барацьба”, давала неабходныя звесткі пра праціўніка, а таксама забяспечвала партызанскі атрад канцылярскімі прыналежнасцямі і медыкаментамі”.

Сярод сувязных Якушавай П.І. быў Фунт Натан Саульевіч, які выратаваўся ў гады вайны ад Халакосту, выехаў пасля ў Ізраіль і стаў старшынёй Ізраільскага камітэта ветэранаў вайны.

Сам жа Віль Аляксеевіч – праўдашукальнік па натуры, няўрымслівы чалавек – шчыра перакананы ў тым, што праўда заўсёды пераможа. За свае перакананні не раз пацярпеў, асабліва ў 90-я, калі ў Расіі ішоў перадзел маёмасці і ўлады. Нават некаторы час сядзеў у турме. А было гэта так. Віль Селуянаў усё жыццё збірае матэрыялы пра партызанскі рух на Беларусі. Гэта нельга назваць хобі, гэта – нешта большае. Магчыма, нават сэнс жыцця, які і дае яму сілы жыць. Разам з дакументамі ён збіраў зброю. Была яна небаяздольнай: то дэталі зброі, то саправаная так, што вярнуць яе да жыцця немагчыма, то макеты. Збіраў, а потым перадаваў музеям, безумоўна, за так, без грошай. І вось аднойчы да яго завітаў следчы з Хосцінскага РАУС маёр В.Кочкін і правёў вобыск і допыт. У выніку В.Селуянаў быў абвінавачаны ў захаванні боепрыпасаў. Было гэта ў 1989 годзе. Прычынай жа вобыску паслужыла тое, што Віль Аляксеевіч накіраваў у Маскву матэрыялы пра арганізаваныя злачынныя групіроўкі злодзеяў і спекулянтаў, якія дзейнічалі пад аховай афіцыйных асоб Сочынскага РАУС. І чакаў мер рэагавання. Адрэагавалі хутка. Віль Селуянаў апынуўся за кратамі. Яго абвінавацілі ў захаванні боепрыпасаў і хлусні. Прасядзеў тры гады. Праз тры гады быў выпушчаны з турмы пасля вывучэння справы намеснікам пракурора РСФСР І.Землянушыным, які прыйшоў да высновы: састаў злачынства адсутнічае. Пракурору Краснадарскага краю было даручана прыняць меры ў адносінах да асоб, якія дапусцілі парушэнне законнасці.

Як піша Віль Аляксеевіч, потым вярнулі ўсё, акрамя мыла – экспаната-бутафорыі школьнага музея Баявой  Славы Беларусі, які ён стварыў з вучнямі. А дапамагамі Вілю Селуянаву выйсці з турмы родныя, многія сябры і знаёмыя, у тым ліку Грыцыневіч Якаў Платонавіч, камандзір партызанскага атрада “Баявы” Беластоцкага злучэння. Селуянаў быў у яго сувязным з 1942 па 1944 гады разам са сваёй маці.

Вось такая легендарная сям’я Селуянавых жыла і жыве ў чарнаморскім горадзе Сочы, іх лёс цесна пераплецены з лёсам нашай Беларусі. Пакуль жывуць ветэраны, жыве і сувязь пакаленняў, жыве памяць.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian