Абутак часоў Вялікай Айчыннай вайны: пасталы і дзеравяшкі

Абутак часоў Вялікай Айчыннай вайны: пасталы і дзеравяшкі

Вайна прынесла  мірным жыхарам шмат выпрабаванняў, аднымі з якіх былі, безумоўна, праблемы з харчаваннем, адзеннем і абуткам. Звернемся сёння да абутку. Набыць яго не было дзе, таму даводзілася карыстацца тым, што было ў сям’і, перашываць, перарабляць, майстраваць. Рабілі гэта і самастойна, хто як умеў, і прасілі майстроў, спецыялістаў. Абы было з чаго. Аднак патрэбны матэрыял не заўсёды знаходзілі, і тады прызвычаіліся рабіць самаробны абутак, пасталы ці дзеравяшкі. Не заўсёды зручна, не заўсёды цёпла, але ўсё ж нейкі прытулак нагам.

І перш чым пазнаёміць вас з такім абуткам з фондаў і экспазіцыі нашага музея, звернемся да гісторыі самаробнага абутку беларусаў.

На тэрыторыі Беларусі найбольш былі пашыраны поршні (пасталы), простыя і ажурныя, зробленыя з аднаго (пазней з 2) кавалка скуры. У поршнях па баках і ў наску праразалі дзіркі, у якія працягвалі скураны раменьчык або пяньковую вяровачку (абору) для мацавання на назе. У розных варыянтах такі абутак праіснаваў (пераважна ў вясковага насельніцтва) да пачатку XX ст. Майстэрні XI — XII стст. па апрацоўцы скуры і вырабаў з яе выяўлены ў Полацку, Пінску, Мінску і іншых гарадах. Гараджане карысталіся поршнямі, чаравікамі, ботамі працяглы час.

Поршні ад сучаснага абутку адрозніваюцца адсутнасцю цвёрдых дэталяў (падэшвы, задніка, абцаса), патрабавалі ручной работы, спецыяльных інструментаў, шавецкія калодкі не выкарыстоўваліся. Рабілі ў тэхніцы «вываратка» – з 4-вугольнага кавалка скуры сшываўся верх абутку і выварочваўся наадварот. Вядомыя  з дагістарычных часоў і выкарыстоўваліся ў вясковага насельніцтва да пачатку 20 ст. пад назвамі «пасталы», «хадакі», «поршні». На Гродзеншчыне «поршні» былі вельмі простымі, без дэкаратыўнага аздаблення, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў Беларусі.  Карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва, таму да сённяшняга часу захаваўся нават  зварот  адзін да аднаго “шавялі паршнёй”, што значыць “ідзі хутчэй”. Пасталы – абутак, які выратоўваў чалавека ў самыя экстрэмальныя перыяды гісторыі: война, палон, высылкі “ворагаў народа”, калектывізацыя. Пасталы былі на нагах у героя Васіля Быкава Хведара Роўбы з аповесці “Аблава”, селяніна-сярэдняка, якога раскулачылі і выслалі ў Котлас. Ён прыйшоў у іх з таго Котласа на Беларусь пеша, а яны засталіся цэлыя, не разваліліся.

Чаравікі (вядомы з XI ст.) кроілі з 2 — 3 кавалкаў скуры, якія сшывалі патайным швом паміж сабой і прышывалі да падэшвы вываратным спосабам; халявы закрывалі шчыкалатку, мацаваліся раменьчыкам, прасунутым у проразі па верхнім краі. У X — XIII стст. з пераходам ад мяккіх тыпаў абутку да цвёрдых з’явілася неабходнасць умацоўваць падэшву, якая стала шматслойнай. Часам чаравічкі вышываліся, уцяпляліся, змякчаліся тканінай, таксама абутак упрыгожваўся дарагімі спражкамі, бантамі і г.д. Успамінаюцца чаравічкі Паўлінкі, гераіні аднайменнай п’есы Янкі Купалы, якія яна хавала ў звязак, калі збіралася ўцякаць з дому з Якімам Сарокам. Прыгожыя, на шнуровачках, з добра вырабленай скуры. Халявы чаравікаў арнаментавалі дарожкамі з праколатых дзірачак, вышыўкай, салярнымі знакамі (Віцебск, Полацк), геаметрычным арнаментам (Мінск), пачынаючы з XIII стагоддзя. У XIV ст. на чаравіках, як правіла, арнамент адсутнічае. У XV — XVI стст. у чаравікаў з’явіліся цвёрдая сцілка, абцас. Шылі таксама «коркавыя» чаравікі (нагадваюць сучасныя чаравікі на платформе) на абцягнутай скурай драўлянай калодцы таўшчынёй 1 — 2 см, падбітай па перыметры цвікамі.

Вяскоўцы, асабліва простыя, былі менш патрабавальныя, зусім не грэбавалі і вырабленымі саматужнікамі з лыка, скуры, вітушак, пянькі лапцямі. Ужываліся і дзеравяшкі як сезонны абутак. Самым даўнім абуткам са скуры і пляцёнак былі абгорткі (палатном абгортваліся ногі), прывязкі (з пянькі, конскага воласа, са скуры), меліся падэшвы і абцасы. Сярод абутку былі паўсядзённыя і святочныя (боты-выцяжкі, боцікі, шнуроўкі). Мяккія боты былі распаўсюджаны пераважна да XIV ст., але паступова зніклі з паўсядзённага ўжытку са з’яўленнем абцаса і наладжваннем у канцы XVI — пачатку XVII стст. вытворчасці цвёрдых ботаў. Халявы (звычайна вышынёй 20 — 30 см) упрыгожвалі вышыўкай ці арнаментам з геаметрычных фігур і палосак, ціснёных па вільготнай скуры. Наскі мелі закругленую форму. Лапці паводле пісьмовых крыніц вядомы з X ст. пад назвай «лычніцы» (рлялі з лыка, пянькі, лазовай і вязавай кары, прамым і косым пляценнем).

У XV — XVI стст. адбываўся працэс спецыялізацыі рамеснікаў. У Віцебску зафіксавана асобная «скурамятная» слабада з царквой (пачатак XVII ст.). У 1609 г. у Мінску ўзнік цэх шаўцоў, які аб’ядноўваў рамеснікаў 4 спецыяльнасцей: майстроў абутку чорнага (для простага насельніцтва), гусарскага, «влоскага» (італьянскага), саф’янавага (для шляхты і заможных гараджан).

У XIX ст. папулярнасць набываюць валёнкі з воўны, а пазней да іх, пашытых са шчыльнага палатна, пачалі ўжывацца самаробныя глыбокія галёшы (бахілы). Характэрна, што ў кожнай мясцовасці былі свае, каларытныя назвы абутку. З цягам часу выраб абутку пачаў універсалізавацца, вырабляе яго абутковая прамысловасць, а новыя формы выпрацоўваюць цэнтры моды.

Сярод простых людзей распаўсюджанне мелі таксама дзеравяшкі. Насілі іх вясной і восенню. Бытавалі ў 19-м пачатку 20-га стагоддзя пераважна на Гродзеншчыне і Заходняй Віцебшчыне. Перыядычна трапляліся і ў іншых раёнах. Былі 2-х тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім і высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

У фондах музея і ў экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне (трагічныя старонкі ваеннай гісторыі Дзятлаўшчыны) ёсць пасталы і дзеравяшкі. Дзеравяшкі выраблялі ў гета, у сямейных партызанскіх лагерах Ліпічанскай пушчы. Імі карысталіся ў розныя поры года, намотваючы на ногі часцей анучы, а часам, калі шчасціла мець, вязаныя  шкарпэткі.

     Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

                            

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian