Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: экспанаты ваеннай пары (жорны)

 Экспанаты ваеннай пары: жорны

Земляробства вядома людзям з самых старажытных часоў. Нашы продкі хутка зразумелі – вырошчваць тую ж пшаніцу значна выгадней, чым здавольвацца дзікімі яе парасткамі. Вядома, дайшлі яны да гэтага далёка не адразу, бо земляробства мае на ўвазе аселы лад жыцця. Пшаніца і яе суродзічы карысныя тым, што ўтрымліваюць у сабе як вугляводы, так і дастатковую колькасць бялку, чым і абумоўліваецца іх пажыўнасць. Вядома, доўгі час пшаніцу елі або сырой, або ў распараным выглядзе, але ў нейкі момант з дапамогай выкарыстання жорнаў з яе была атрымана мука.

Слова “жорны” паходзіць ад стараславянскай «жърнъве». Гэта можна перакласці як «цяжкі». Агрэгат, сапраўды, мог мець дастаткова салідную вагу. Жорны згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў». У прыватнасці, у летапісах можна сустрэць наступную фразу: «Крупяще жыта і сваімі рукамі измълъ». Слова нярэдка ўжываецца і ў пераносным значэнні. Дастаткова ўспомніць такія словазлучэнні, як «жорны вайны» або «жорны гісторыі». У дадзеным кантэксце – гэта жорсткія і фатальныя падзеі, у якіх можа апынуцца чалавек ці цэлы народ. Малюнак жорнаў можна сустрэць у геральдыцы. Напрыклад, на гербе невялікага гарадка Хьойор (Höör), што на поўдні Швецыі.

Згодна з энцыклапедыяй, з глыбокай старажытнасці жорны – прылада для памолу зерня, ручны млынок, зроблены з дрэва ці каменю. Складаліся з двух каменных дыскаў дыяметрам 35 – 50 см., таўшчынёй (10 – 13 см., што ставіліся ў скрынку альбо станок. Каб мука лепш ссыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі крыху выпуклай, а верхняга ўвагнутай, рабочая паверхня мела насечкі для лепшага размолу.

Пазней жорны сталі больш масіўныя і ўдасканаленыя, у верхнім камені рабілі адтуліну, куды засыпалі зерне, ён мацаваўся, падымаўся і апускаўся пры дапамозе паўпрыцы – жалезнай крыжавіны, што круцілася на шпяні, замацаваным у ніжнім, больш цяжкім камені. Камень прыводзіла ў рух даўгаватая круглая жэрдачка, верхні канец якой устаўляўся ў бэльку ці да сцяны, а ніжні – у жалезную скабу на краі верхняга каменя.

Былі і жорны з кароткай ручкай, дзеля чаго ажыццяўлялася адпаведная канструкцыя. Калі не мелі камянёў патрэбнай велічыні і вагі, то іх замянялі дубовымі калодкамі, а на рабочую частку іх набівалі веерападобныя рады з кавалачкаў чыгуну ці жалеза. Яшчэ на пачатку XX ст. жорны былі частай з’явай у кожнай вёсцы. За дзень на іх, найбольш тэхнічна дасканалых, можна было змалоць да 3 пудоў мукі. Захоўваліся ва ўжытку да сярэдзіны 1950 гг.

Самыя першыя жорны прыводзіліся ў рух мускульнай сілай, і працэс вырабу мукі быў доўгім і працаёмкім. Пазней для паскарэння і палягчэння працэсу былі прыдуманы раменная перадача і буйныя млыны, якія маглі ператвараць вельмі вялікую колькасць збожжа ў муку. Млыны маглі быць вельмі рознымі: ветравымі, вадзянымі і механічнымі, дзе жорны прыводзіліся ў рух цяглавымі жывёламі або адмысловымі работнікамі. Ветравыя ўзводзіліся на ўзвышшах, дзе часта дзьмуў вецер. А вадзяныя – каля ракі з хуткай і моцнай плынню. Гэты метад быў больш прадуктыўным, бо праца не залежыла ад умоў надвор’я, і ​​нават зімой людзі прасякалі лёд, каб вадзяное кола працягвала рухацца.

Між іншым, у Дзятлаве да вайны, па свядчаннях відавочцаў, былі аж тры млыны, хутчэй за ўсё, вадзяныя. Адзін з іх знаходзіўся недалёка ад палаца Радзівілаў, недзе тут, дзе зараз масток, па якім мы ходзім у паліклініку і бальніцу. Гэты млын належаў яўрэю, пра яго успамінаюць многія члены дэлегацый нашчадкаў яўрэйскай нацыянальнасці з розных краін свету, што кожнае лета прыязджаюць у Дзятлава. Млын згарэў у час вайны. Вось што напісана пра яго ва ўспамінах Праскоўі Іванаўны Якушавай-Селуянавай: “Калі я працавала ў Дзятлаўскай бальніцы, то жыла ў бараку для бежанцаў. Побач знаходзіўся млын. Каля яго заўсёды стаялі вартавыя-немцы, якія здзекаваліся з жыхароў барака: стукалі ноччу, стралялі ў вокны ўверх, пужалі дзяцей.”

Але вернемся да жорнаў. Зараз жорны амаль не выкарыстоўваюцца, у прамысловых маштабах мука перамолваецца ў спецыяльных барабанах. І тым не менш такія прылады можна знайсці ў некаторых аддаленых кутках планеты, дзе няма электрычнасці або тэхналогіі развіты вельмі слаба. Дарэчы, жорны выкарыстоўваюцца не толькі для атрымання мукі з пшаніцы, вырабляць яе можна з многіх злакавых – кукурузы, жыта, ячменю. Карысталіся жорнамі і ў партызанскіх атрадах.

У нашым музеі, у партызанскай зале, знаходзіцца частка жорнаў, адзін круг. Яны маюць драўляную аснову (драўляны круг), на які даволі густа набіты металічныя пласцінкі. Зверху быў яшчэ адзін круг, ён круціўся па аснове і малоў зерне. Хутчэй за ўсё, такіх жорнаў у атрадзе было некалькі, таму што мукі патрабавалася нямала. Ды і не жаночая сіла неабходна, каб іх круціць.

У кнізе апісання экспанатаў гэты круг значыцца як зроблены ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Магчыма, яго зрабілі ў адным з атрадаў, а можа, аддаў нехта з вяскоўцаў. Партызанскія атрады – гэта сапраўдныя вялікія сем’і, дзе карысталіся ўсім, што было, у тым ліку і жорнамі.

А напрыканцы хочацца прапанаваць чытачам верш Віктара Шымука, чалавека старэйшага пакалення, нашага земляка з вёскі Змяёўцы, у якім ён яскрава паказаў, чым былі млыны для вясковага чалавека.

Па дарозе калёсы плылі,

3 бацькам ехалі ў вёску Краглі.

Ля дарогі – быльнёг ды палын,

А мы едзем, мы едзем у млын.

Бо адна ў нас патрэба з патрэб –

Трэба жыта змалоць на хлеб.

А ў Краглях уцалеў з вайны

Невялікі млынок вадзяны.

I цяпер з наваколля ўсяго

Едуць людзі ізноў да яго.

Вось і рэчка Маўчадка плыве

I ваду на каменні ліе.

Жорны круцяцца і скрыпяць.

Добра жыта ў латок засыпаць…

Пахне першаю белай мукой,

Усміхаецца бацька мой.

Пакідалі мы вёску Краглі,

Зноў дадому калёсы плылі.

…Хлеб навеяў сягоння ўспамін

Пра краглёўскі маленькі млын.

              Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian