Да 75-годдзя Вялікай Перамогі (Дзеці і вайна: успаміны Віля Селуянава пра першыя дні вайны)

Дзеці і вайна

Успаміны Віля Селуянава пра першыя дні вайны

    (Віль Селуянаў, сын Праскоўі Якушавай, партызанскай сувязной, акушэркі Дзятлаўскай грамадзянскай бальніцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.)

Перад самай вайной мы жылі ў польскім горадзе Замбруве. Бацька, маёр медыцынскай службы 119 палка 13 стралковай дывізіі ў красавіку 1941 года быў накіраваны на курсы ўдасканальвання ў Мінск. Мы ж утраіх, я, мама і малодшы брацік Жэнька, засталіся адны ў сваёй аднапакаёвай кватэры ў ваенным гарадку. Маме было 25 гадоў, нам з братам адпаведна 5 і 3 гады. Былі радасныя дні, калі бацька прыязджаў на пару дзён на свята 1 Мая. Тады ўся наша сям’я збіралася за святочным сталом. Бацька насіў нас на руках, даставаў шакаладкі, падарункі, расказваў нешта цікавае маме, а потым мы ўсе разам ішлі глядзець на сапраўднае свята ў ваенным гарадку. Асаблівае захапленне ў хлопчыкаў выклікалі бронемашыны, якія праязджалі радамі, зенітныя ўстаноўкі, а ў чыстым небе двухкрылыя знішчальнікі расстрэльвалі “конусы”, напоўненыя паветрам. Кавалерысты на скаку спрытна секлі саламяныя пудзілы, якія нагадвалі японцаў-самураяў, і спрытна нанізвалі на клінкі невялікія металічныя калечкі.  Байцы пелі вясёлыя песні, а на стрэльбішчы за гарадком пачыналіся спаборніцтвы.

Мама, як і многія жонкі камандзіраў, умела страляць не толькі з вінтоўкі, але і з кулямёта, нядрэнна кідала гранаты. Я, праўда, вельмі спужаўся, калі яе кулямёт аглушальна заграмыхаў. Я кінуўся бегчы дадому, а Жэнька – хоць бы што! Вярнуўшыся, я заўважыў, што іншыя хлопцы затыкаюць вушы, але не ўцякаюць. Страх прайшоў, стала нават весела.

Вечарам у кінатэатры з паўкруглым дахам дэманстраваўся фільм з хронікай. Калі ў хроніцы з’яўляліся члены нашага ўрада разам са Сталіным, чуліся апладысменты. Фільмы заўсёды былі вельмі цікавыя: пра шпіёнаў, пра вайну. Байцам жа паказвалі фільмы проста пад адкрытым небам, мы паспявалі і туды.

Наша дывізія размяшчалася ў раёне станцыі Чырвоны Бор. Граніца была тут жа, а за ёй – немцы.

Невялікі польскі гарадок Замбрув быў для нас дзіўным сваёй ажыўленасцю, шматлікімі дробнымі лаўкамі, майстэрнямі, фотаатэлье на вузкіх утульных вулачках, строгім касцёлам і кветнікамі перад кожным домам. А рынак быў яшчэ больш шматлюдным. Яйкі прадаваліся не дзясяткамі, як у нас, а цэлай “капой”, па шэсцьдзясят штук. Паўкілаграмовыя брыкеты сметанковага масла былі акуратна ўпакаваны ў пергамент. Віселі свіныя тушы, рады птушкі, прысмакі. Дома мы разглядалі яркія польскія дзіцячыя кніжкі і малявалі кракаўскімі фарбамі ”Іскра” з шасціканцовымі зорачкамі. Насельніцтва гарадка – палякі, беларусы, яўрэі і нават трохі рускіх, бежанцаў часоў Першай сусветнай вайны, які прабіваліся некалі на ўсході і аселі тут з 1922 года. У ваенным гарадку мы жылі адасоблена, выходзілі ў горад толькі па пільнай патрэбе.

Мама працавала акушэркай і наведвала шматлікія гурткі і курсы, амаль абавязковыя для жонак камандзіраў. У клубе вечарамі праводзіліся палітзаняткі, працаваў драмгурток, курсы машынапісі, лекцыі. Жыццё было цікавае  і паўнавартаснае. Мы з брацікам хадзілі ў дзіцячы садок.

Аднаго разу над Замбравам кружыў нямецкі самалёт. Незвычайны гул матораў. Нашы ястрабкі не падымаліся ў неба.  Было спакойна, цёпла і хораша. Самалёт пакружыўся і паляцеў у бок Чырвонага Бору. А 19 чэрвеня па гарадку пранеслася вестка, што нашы затрымалі дваіх шпіёнаў с таго боку. Іх некуды павезлі.

У суботу 21 чэрвеня з вучэнняў вярнуўся 119 полк. Вечарам я пабег у артполк глядзець кіно пад адкрытым небам. Мама з Жэнькам і са знаёмымі жанчынамі пайшлі ў клуб глядзець фільм “Сяброўкі”. Мне падабалася глядзець кіно разам з байцамі. Здаровы пах ботаў, махоркі, гімнасцёрак, гумар і апекаванне над намі, дзецьмі.

Калі вярнуліся дадому, заўважылі, што кошка стала нейкай неспакойнай. Выцягнула са скрыначкі сваё адзінае кацяня і пачала насіць яго ў розныя месцы. Мама расказала, што і індычкі ў хляве таксама ўвесь дзень былі неспакойныя. Залезлі пад дах, мітусіліся там.

Страшная бяда насоўвалася на нас.

Пад раніцу мама разбудзіла мяне і браціка і пачала апранаць.

– Уставайце, дзеткі мае, вайна!

У мяне з’явілася дрыготка ў каленях. Жэнька ніяк не прачынаўся. Я пачаў мітусіцца. Схапіў свой  цацачны лінкор, затым узяў кацяня, што вылезла са скрыначкі, зноў паклаў яго на месца. Недзе далёка, у раёне аэрадрома, быў пажар. Чуліся трывожныя галасы на вуліцы.  Мама пабегла ўніз, а я адчыніў сундук на кухні, дзе заўсёды ляжалі цукеркі. Падняў крышку – там нічога, толькі кавалкі цукру. Напхнуў у кішэні цукру. На лесвіцы голас:

– Зноў герман ляціць!

Прыбегла мама, схапіла Жэньку на рукі – і ўніз. Я следам за ёй. Там ужо шмат жанчын і дзяцей. Палітрук Мутасаў патрабуе, каб усе ішлі ў бомбасховішча, але ніхто не ідзе.

– Усіх вас эвакуіруем і ахову дадзім. Але зараз трэба ўсім быць разам. Наша дывізія пайшла на Германію.

З’явіліся зялёныя ваенныя палутаркі.

–  Першыя – жанчыны з дзецьмі. Спакойна! – камандуе нехта. Некалькі байцоў у касках і з вінтоўкамі таксама з намі. Але пачалася неразбярыха. Нехта ўдарыў мяне ботам у грудзі, і я сарваўся з борта машыны. Але моцныя рукі падхапілі мяне ўверх да мамы. Перашкаджаюць поўныя кішэні, але я маўчу. Побач, прытуліўшыся, сядзіць хлопчык гадоў 13, Валя Кулікоў. Яго прывёў бацька-камандзір.

– Баюся за вас, – кажа ён маме. – Такое робіцца ў дарозе. Можа, куды ў вёску адвезці. Не ведаю сам, як лепш.

– Нельга тут заставацца, – крычыць жанчына з Ломжы. – Немцы там з радзільнага дома ўсіх выкінулі.

Супакойваюць байцы ў касках і з вінтоўкамі, якія моўчкі сядзяць спераду і па бартах машын. У пярэдняй машыне камандзір Багачэнка. У суседняй –начальнік клуба Алебашаў. Усёй адпраўкай заняты камандзір Навумаў. Паехалі ў бок Чырвонага Бора, а затым у бок Беластока. Зусім светла. Адразу ж  каля дарогі ўбачылі спаленыя грузавікі і бронемашыну. Моцны гарэлы пах. Пранесліся на вялікай хуткасці побач.  Ніякіх прыпынкаў. Трымаліся хто як можа, інакш вылеціш за борт.

Самае страшнае пачалося, калі ўдалечыні з’явіліся фашысцкія самалёты. Першы з жоўтай паласой пранёсся так нізка, што відаць быў твар лётчыка. Пачуліся крыкі жанчын. Ніхто яшчэ не разумеў, што здарылася. Але калі ўбачылі першую кроў забітых і параненых жанчын і дзяцей, людзі замоўклі.

Другі самалёт прамільгнуў нейкімі жоўта-чорнымі колерамі, і яго гул знік за лесам. Мы не ведалі, што рабілася ў пярэдніх машынах. Байцы страляюць услед самалётам. Абганяем пярэднюю машыну, якая з’ехала набок, і на вялікай хуткасці праносімся побач з людзьмі. Рэзкі прыпынак, затым паварот у лес. Над шашой зноў пралятаюць два самалёты, паліваючы машыны з кулямётаў. Людзі выскакваюць за байцамі. Я падаю тварам на зямлю, толькі іскры ў вачах. Мама, закрываючы Жэньку сабой, крычыць мне, каб лажыўся на зямлю.

У лесе страшэнны грукат. Самалёты бамбяць  уздоўж шашы ўсю лясную паласу. У вушах звон то ад падзення з машыны, то ад разрываў бомб. Мама крычыць, што трэба адкрываць рот і затыкаць вушы. Забітыя застаюцца ў лесе. Параненых перавязваюць хто чым можа. Самалёты знікаюць, але ў лесе крычаць. Садзімся ўжо ў любую машыну. Мы ўсе разам, але ў многіх усё перамяшалася: дзеці ў адной машыне, маці – у другой. Крычаць, каб прыглядалі.

Наступныя налёты вызначаюцца невядома як. Машыны раптам зварочваюць у лес, а людзі  скачуць праз барты. Я зноў лячу тварам уніз. Не адчуваю ніякага болю. Байцы бягуць некуды далёка ў лес. Яны ж першыя і вяртаюцца, пакуль мы яшчэ поркаемся каля ўзбочыны дарогі. Бомбы ўзрываюцца з металічным лязгатам.

Мама перавязвае аднаго параненага байца. Уся галава ў крыві, не відаць вачэй. Яна адрывае частку сукенкі і перавязвае яго далей. Другі баец, прыпуліўшыся да сасны, просіць застрэліць яго – увесь жывот у крыві. Побач хлопчык з вырваным бокам жывата і вываленай адтуль ныркай. Санітарная сумка мамы пустая. Мама рве адзенне і перавязвае яго. Параненыя просяць вады.  Гараць дрэвы ў лесе. Некалькі машын разбіта дашчэнту. Хто застаўся жывы, неяк стараецца залезці ў машыну.  Хтосьці прапаноўвае жанчынам завязаць на галовы белыя хусткі, каб з самалётаў было відаць, што тут мірныя людзі. Нічога гэта не дало: апошні налёт яшчэ больш жорсткі – дзясяткі забітых і ў белых хустках, і без іх. У адной з машын я раней заўважыў бабульку, якая пры налёце не выскоквала з кузава машыны, але засталася жывая.  Зараз яе не відаць. За паваротам гарыць лес. Праносімся на вялікай хуткасці. За дымавой заслонай спыніліся. Байцы саскокваюць, але нам загадваюць сядзець. Хутка вяртаюцца і працягваюць каскі і пілоткі з вадой. Прагна п’ю ўсю цёплую балотную ваду.

Прапаў шасцігадовы Вова Ялінскі. На ім было белае футра. Яго мама Аня бегае сярод людзей з немаўляткам на руках, распытвае. Цямнее. Не відаць сонца ад дыму. Дазволілі вылезці з машын. На шашу нельга выязджаць. Усе  ідуць да балота і зноў п’юць цёплую ваду. Грызём цукар і запіваем балотнай вадой.

Гучыць каманда: “Па машынах!” Чуюцца размовы, што нам трэба прарвацца да Беластока, а там – на цягнік. Немцаў, напэўна, адагналі.  Хутчэй трэба.  Выязджаем на шашу і на вялікай хуткасці імчымся наперад. Шаша заліта яркім сонечным святлом. Толькі б не наляцелі самалёты!

Пыльная ўскраіна Беластока. Горад пусты. Каля шашы – магазін з выбітымі вокнамі і дзвярыма. Спыняемся. Выскокваюць толькі байцы – і ў магазін. Вяртаюцца ні з чым. Адразу па машынах – і наперад. Імчым на вялікай хуткасці, машыны часта аб’язджаюць агромністыя ямы ад бомбаў.  Далей шаша ўся разбітая, палутаркі з’язджаюць на ўзбочыну. І прасуцца па полі.

Праляцелі, як восы, жоўта-чорныя самалёты ўздоўж шашы. Удалечыні відаць лес – хоць бы паспець! Наступны налёт быў самы страшны. Фашысты, напэўна, вырашылі знішчыць усё жывое ў гэтым беластоцкім лесе. Каб нехта не падхапіў мяне, я не паспеў бы выскачыць з машыны. Побач усё страсянулася так, што я ледзь не аглух. Паўзу за мамай, а ў яе ўся нага ў крыві. Не відаць Жэнькі, нічога не чую. Мама рве сукенку і перавязвае нагу. У вушах – звон. Мама перавязвае мне галаву, і я бачу свае рукі ў крыві. Левая рука ў мяне нібыто перарэзана ўпоперак.  А мне не баліць. Мама перавязвае і руку. Утыкаюся ў маміны калені і ляжу нерухома. Стала лепш. Чую ужо, як мама крычыць:”Жэня!” Яго нідзе няма. На ўзлеску – густое жыта. З-пад разбітай машыны чуцен сіпаты Жэнькаў голас. Мама кідаецца туды. Ён! Ляжыць на баку, а яго прыкрывае паранены баец. Ад крыку Жэня зусім асіп. У байца паранены абедзве нагі. Мама з пілоткай байца паўзе да балотца па ваду. Гэты баец – мамін знаёмы, ён працаваў у сталоўцы ваенгандлю, здаецца, родам з Мінска. Мама перавязвае яму ногі, разарваўшы яго ж кашулю. Пакуль працягваўся налёт, баец так і заставаўся пад машынай, закрываў Жэню.

Налёт скончыўся,і мы пашлі ў лес шукаць Валю Кулікова. З ім здарылася жудаснае: калі наляцелі самалёты, ён выскачыў першы і кінуўся ў лес, але бомбы траплялі гэтым разам менавіта на лес. Яны рваліся, зносячы агромністыя сосны са страшэнным трэскам. Хлопчык у жаху мітусіўся сярод агню і грукату. Яго кідала  выбуховай хваляй з такой сілай, што ён траціў прытомнасць. Мы знайшлі яго каля вялікай сасны. Ён ненатуральна закідаў галаву назад. Асколак прабіў яму скроню і левае вока. Адтуль цякла кроў нейкімі згусткамі. Мама выцірала яго, а ён усё паказваў, дзе ўзарвалася бомба. І не плакаў, нават не стагнаў. Мама перавязала яго, адарваўшы падкладку ад паліто, якое мы не кідалі. Пайшлі, падтрымліваючы адзін аднаго, да шашы.  На шашы некалькі развітых палутарак і бітком набітая бронемашына. Мама ўціскае туды Валю, больш нікога не бяруць. Бронемашына рухаецца па лесе, заўважаю на ёй чырвоныя крыжы. Астатнія жывыя садзяцца ў дзве палутаркі, якія заселі ў балотцы.  З цяжкасцю выязджаем на шашу і едзем некалькі кіламетраў. Прыпынак. Два байцы ідуць на разведку. Ужо цёмна. Зварочваем з шашы і спыняемся ў кустах ля балотца. Успыхвае неба на ўсходзе. Там нашы.

Успаміны з архіва музея пераклала на беларускую мову Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 П.І.Якушава-Селуянава

  П.І.Якушава-Селуянава з мужам і сынам Вілем

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian