Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: партызанскі патэфон

Цікавы экспанат: партызанскі патэфон

У партызанскай зале нашага музея знаходзіцца патэфон. Стаіць ён сярод рэчаў, звязаных з партызанскім рухам на Дзятлаўшчыне. Побач пішучая машынка, апалонік, зроблены з нямецкай каскі, конскае сядло і шмат чаго яшчэ. А вось патэфон чамусьці прывабіў. Прыгожы, яркі экспанат. Экзатычная рэч. На ім нумар КП 4187. Разгарнула кнігі паступленняў, знайшла інфармацыю. Яна наступная: “Акт №709 ад 29.11.1979 года. Перадала Чудзілоўская (Стракоўская) Надзея Вікенцьеўна, калгасніца калгаса “Іскра”, былая сувязная атрада Ленінскай партызанскай брыгады, якая жыве ў вёсцы Скіпоравічы Дзятлаўскага раёна”. Здатчыца экспаната расказала, што патэфон узяты як трафей разведчыкамі Ленінскай партызанскай брыгады ў 1942 годзе пры разгроме варожага гарнізона і гміны ў г.п.Казлоўшчына. У час вайны патэфонам карысталася ў час адпачынку група разведчыкаў Ленінскай партызанскай брыгады, а пры расфарміраванні брыгады ў 1944 годзе патэфон перадалі сувязной Чудзілоўскай Н.В. У яе патэфон знаходзіўся да дня перадачы.

Патэфон (фр. Pathéphone) – механічная прылада для прайгравання грамафонных пласцінак, пераносная версія грамафона. У адрозненне ад грамафона, у патэфона рупар маленькі і ўбудаваны ў корпус, сам апарат скампанаваны ў выглядзе чамаданчыка, пераносіцца ў зашпіленым выглядзе за спецыяльную ручку.

Быў шырока распаўсюджаны ў першай палове XX стагоддзя. З сярэдзіны 50-х гадоў стаў выцясняцца электрафонам (радыёлай).

Партатыўны грамафон пачала выпускаць у 1914 году лонданская кампанія «Barnett Samuel and Sons» пад запатэнтаваный назвай «Dulcephone». Гэтыя прылады прадаваліся пад гандлёвай маркай Decca.

Слова «патэфон» ужываецца для назвы партатыўнага грамафона, галоўным чынам, у Расіі (пазней СССР) і пайшло ад назвы фірмы-вытворцы – «Патэ», – якая першая пачала пастаўкі такіх прылад у Расію. «Грамафон» – гэта таксама запатэнтаваная назва апаратаў, якія ўзнаўляюць гук і выпускаюцца пэўнымі фірмамі. Так, напрыклад, у ЗША для абазначэння механічнага прайгравальніка грампласцінак ужываліся такія тэрміны як графафон, фанограф, віктрола, «гаваркія машыны» з прычыны «патэнтавых войнаў» з Эмілем Берлінэрам, вынаходнікам грамафона.

У патэфона ў якасці прывада ўжываўся спружынны рухавік, а гукаўзмацненне рабілася з дапамогай раструба, схаванага ўнутры корпуса. Рухавік меў цэнтрабежны рэгулятар хуткасці, аднаго заводу спружыны хапала на прайграванне адной – радзей двух бакоў пласцінкі (78 абаротаў у хвіліну, каля трох хвілін на бок). Гуказдымальнік складаўся з металічнай іголкі і мембраны. Са з’яўленнем патэфона на змену сталёвым іголкам, разлічаным на прайгравання адной пласцінкі (3-4 хвіліны, затым трэба было змяніць іголку), сталі прыходзіць сапфіравыя іголкі, разлічаныя на шматразовае выкарыстанне.

Гучнасць патэфона вельмі вялікая – каля 80-100 дб, аднак якасць гуку звычайна было невысокай: гук быў хрыплым, пранізлівым, з моцнымі скажэннямі. Якасць гуку залежала ад зношанасці іголкі.

Патэфон, сканструяваны і запатэнтаваны менавіта братамі Патэ (і названы пазней так у іх гонар), адрозніваўся ад любых грамафонаў не знешнім выглядам, а метадам фарміравання гукавой канаўкі – глыбінным, а не папярочным, і, адпаведна, адаптарам. Да таго ж у першых мадэлях фанографа ад фірмы Патэ прайграванне ішло не ад краю пласцінкі да цэнтра, а наадварот, ад цэнтра – да краю. Ад новаўвядзення адмовіліся з-за вялікай колькасці ўжо вырабленых пласцінак “ад краю”, якія сталі стандартнымі.

У царскай Расіі было мноства дробных вытворчасцяў патэфонаў і грамафонаў прыватных прадпрымальнікаў, якія ў савецкі час былі экспрапрыяваныя дзяржавай.

У 1930-я – 50-я гады ў гарадах СССР былі папулярныя танцы пад патэфон, які выстаўляўся на акне, і прысутныя ў двары танцавалі. Гучнасць гуку на выхадзе з раструба патэфона досыць вялікая і можа дасягаць 100 дб. Гучнасць гучання патэфона, як правіла, не рэгулявалася.

Патэфоны выпускалі Маскоўскі патэфонны завод, Ленінградскі патэфонны завод, Маскоўскі “Тызпрыбор НКЦП УАДІ” (Народны камісарыят цяжкай прамысловасці. Усесаюзнае аб’яднанне дакладнай індустрыі), Казанскі “Тызпрыбор НКЦП УАДІ” (эвакуіраваны з Масквы ў кастрычніку 1941 г.), Уладзімірскі патэфоннны завод, г. Уладзімір, Молатаўскі патэфонны завод, г. Молатаў (цяпер г. Перм) і многія іншыя.

Патэфон, які знаходзіцца ў экспазіцыі, хутчэй за ўсё замежнай вытворчасці. Ніякіх адзнак на ім няма, але можна выказаць здагадку, што мог ён належыць каму-небудзь з мясцовай шляхты (у Казлоўшчыне таксама быў маёнтак), якая ў 1939 годзе ўцякала за мяжу, пакідаючы ўсе свае набыткі. Але гэта толькі меркаванне.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian