Фізік, які творыць будучыню

Так здарылася, што ў гэтым годзе, апошнім, трэцім годзе, прысвечаным малой радзіме, цэлы россып юбіляраў – знакамітых землякоў. Гартаешь электронны спіс кароткіх біяграфічных матэрыялаў пра вучоных, пісьменнікаў, спевакоў, спартсменаў і здзіўляешся таму, наколькі багатая наша Дзятлаўшчына на розум і таленты, і не проста на розум, а на розумы сапраўдных навукоўцаў, асаў у розных галінах навуковых даследаванняў. І ў фізіцы таксама. Асабіста для мяне фізіка ў школе была самым цяжкім прадметам, які даваўся з вялікімі намаганнямі, і заўсёды з найглыбейшай павагай стаўлюся на тых людзей, хто выбраў гэту навуку пра ўладкаванне свету сваім лёсам. Сярод іх наш зямляк Віктар Міхайлавіч Анішчык. Сёлетняя вясна стала для яго юбілейнай: вучонаму споўнілася 75 гадоў.

Нарадзіўся Віктар Міхайлавіч у г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна. У 1967 г. скончыў фізічны факультэт БДУ і паступіў у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела. Яшчэ студэнтам заняўся даследаваннем структуры і электрычных уласцівасцей вісмуту. Здабытыя звесткі аб электрычнай прыродзе гэтага паўметалічнага крышталю і склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1971г. Стажыраваўся ў ЗША (1974) і Англіі (1982).

Навуковая даведка

  Вісмут – хімічны элемент перыядычнай сістэмы хімічных элементаў Дз.І.Мендзялеева; мае атамны нумар 83. Абазначаецца сімвалам Bi. Простае рэчыва  ўяўляе сабой пры нармальных умовах бліскучы серабрысты з ружовым адценнем метал.

  У эпоху Сярэднявечча вісмут часта выкарыстоўваўся алхімікамі падчас доследаў. Шахцёры, якія здабывалі руду, называлі яго tectum argenti, што азначае «сярэбраны дах», пры гэтым яны лічылі, што вісмут быў напалову срэбрам.

  Вісмут выкарыстоўвалі не толькі ў Еўропе. Інкі ўжывалі вісмут у працэсе вырабу халоднай зброі, дзякуючы яму мячы адрозніваліся асаблівай прыгажосцю, а іх бляск быў выкліканы вясёлкавым акісленнем, якое з’яўлялася следствам утварэння на паверхні металу тонкай плёнкі аксіду вісмуту.

  Аднак вісмут не быў аднесены да самастойнага элементу, і лічылі, што ён з’яўляецца разнавіднасцю свінцу, сурмы або волава. Упершыню пра вісмут згадваецца ў 1546 годзе ў працах нямецкага мінералога і металурга Георгіуса Агрыкалы. У 1739 годзе нямецкім хімікам Потам І. Г. было ўстаноўлена, што вісмут з’яўляецца ўсё-такі асобным хімічным элементам. Праз 80 гадоў шведскі хімік Берцэліус ўпершыню ўвёў сімвал элемента Bi ў хімічную наменклатуру.

 У прыродзе знаходзіцца ў зямной кары і марской вадзе. Выкарыстоўваецца ў металургіі, электроніцы, медыцыне, у вытворчасці палімераў, тэрмаэлектрычных прыбораў, дэтэктараў ядзернага выпраменьвання, уваходзіць у склад легкаплаўкіх рэчываў.

У сярэдзіне 70-х гадоў Віктар Міхайлавіч асвоіў новы напрамак у фізіцы цвёрдага цела – іонна-прамянёвую мадыфікацыю крышталяў, выканаў цыкл работ па даследаванні ўласцівасцей іонна-імплантаваных металічных плёнак, а таксама пераходных металаў і сплаваў на іх аснове. Выяўлены эфект доўгадзеяння іграе істотную ролю ў практычным прымяненні іоннай імплантацыі для змацавання дэталяў машын і механізмаў.

В.М.Анішчык адкрыў структурна-фазавыя пераўтварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць механічныя ўласцівасці тэхнічна важных металаў і сплаваў. Атрыманыя навуковыя і практычныя вынікі далі штуршок да напісання паспяхова абароненай у 1990 г. дысертацыі па тэме «Структурныя і фазавыя змены ў пераходных металах пры імплантацыі іонаў сярэдніх энергій», за што яму прысуджана вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук, а ў 1991г. прысвоена вучонае званне прафесара.

З 1990 па 2012 год працаваў на пасадзе загадчыка кафедры фізікі цвёрдага цела, з 1997 па 2018 год – дэкана фізічнага факультэта БДУ.

З’яўляецца аўтарам больш як 400 публікацый, у тым ліку 7 манаграфій, 5 навучальных дапаможнікаў, 9 вынаходніцтваў. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў і 3 доктараў фізіка-матэматычных навук.

В.М.Анішчык – член экспертнага савета ВАК, член вучоных саветаў БДУ, ІФТТ АН Беларусі.

У апошнія гады В.М.Анішчык з супрацоўнікамі актыўна даследаваў працэсы ўзаемадзеяння плазменных патокаў з крышталямі. У прыватнасці, было выяўлена ўтварэнне нанаструктур на паверхні крышталяў, апрацаваных кампрэсіённымі плазменнымі патокамі.

За навуковую і грамадскую дзейнасць Віктар Міхайлавіч узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай адукацыі», ён з’яўляецца членам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1994 г.), членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (1997), вучонаму прысвоены званні заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998), сябра Беларускай інжынернай акадэміі (1999 г.), заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2011). Узнагароджаны прэміямі Нацыянальных акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы (2012), прэміяй імя А. Н. Сеўчанкі (2015).

Віктар Міхайлавіч Анішчык – той чалавек, якім можа ганарыцца дзятлаўская зямля, ды і не толькі. Такія людзі апярэджваюць час, яны працуюць не на канкрэтную нацыю, яны працуюць на ўсё чалавецтва, на прагрэс. Пажадаем нашаму земляку моцнага здароўя і плённых навуковых адкрыццяў.

                                                                        Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея      

 

 

 

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian