Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч

Сціплыя героі мірных дзён

У музей гімназіі № 1 г. Дзятлава, дзе  я працавала, трапіў ліст, напісаны выпускніком СШ № 1 г.Дзятлава 1955 года Чарнецкім Міхаілам Валянцінавічам. Ён пачынаецца так: «Жыхары раёна абавязаны ведаць сваіх герояў!  Адзін з іх – Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч”.

Размова ў гэтым лісце ідзе пра  цікавы выпадак з  жыцця настаўніка, а многія вучні СШ № 1, калі вучыліся ў школе, пра гэта нічога не ведалі.  Як мала мы ведаем пра людзей, якія жывуць, працуюць побач з намі!

Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў в. Ходасы Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. Да прыходу савецкай улады юны Аляксандр паспеў скончыць 7 класаў польской школы. Прадстаўнікі новай улады сабралі бацькоў вучняў на сход і аб’явілі: «Таварышы! Мы вас вызвалілі ад здзекаў палякаў, вас прымушалі вучыць чужую мову.  Зараз вашы дзеці будуць вучыцца на рускай мове». Бацькі выказалі незадаволенасць, таму што лічылі сваёй роднай мовай беларускую. Так 6-7- класнікі пайшлі вучыцца ў 5 клас беларускамоўнай школы  ў  в. Дзяляцічы, дзе рускую мову  выкладалі як прадмет.

Вайну Аляксандр сустрэў 15-гадовым юнаком. Цяжка ўспамінаць гэтыя страшныя гады: прыход немцаў у вёску, бамбёжкі з самалётаў, жах людзей. Вось адзін з эпізодаў, што на ўсё жыццё адбіўся ў памяці. У час адступлення нашых войскаў група з трох салдат і афіцэра спрабавала выратаваць боепрыпасы, якія трэба было вывезці на машыне, але бензіну ў баку машыны не засталося. Немцы былі ўжо блізка, таму  выкарысталі апошні шанс –мясцовыя падказалі, што ў вёсцы Вераскава можна знайсці спірт, які хутка і прынеслі. Але машына ўсё роўна не завялася, і яе давялося спіхнуць у раку разам з боепрыпасамі. У пачатку вайны было шмат акружэнцаў, якія хаваліся ў некаторых дамах вёскі. Немцы, калі занялі вёску, спыталі: «Ці ёсць у вёсцы рускія салдаты?»  Усе жыхары сказалі, што іх няма, але адзін салдат сам выйшаў з хаты, немцы яго арыштавалі, але жыхароў вёскі за падман не пакаралі. У час вайны на тэрыторыі, дзе праходзілі баі, можна было знайсці шмат зброі.  Аляксандр з бацькам таксама знайшлі ў лесе чатыры гранаты і вінтоўку, якія схавалі ў гумне.  Захоўваць зброю забаранялася, але, на шчасце, немцы, якія наладжвалі аблавы, нічога не знайшлі.

У 1944 годзе немцы набіралі групу моладзі для работы ў Германіі. Пять хлопцаў з вёскі вырашылі ісці ў партызаны. Вось тут і спатрэбілася вінтоўка з гранатамі, якія Аляксандр з бацькам хавалі ў гумне.  Так васямнаццацігадовы Аляксандр апынуўся ў атрадзе Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага, штаб атрада знаходзіўся за чатыры кіламетры ад вёскі. Побач былі вёскі Чарэшля, Багрова, Зенявічы. Усяго ў партызанскай брыгадзе налічвалася каля 1200 чалавек. Яны былі вялікай сілай, што супраціўлялася нямецка-фашысцкім акупантам.  З-за лініі фронту прыляцеў самалёт, які прывёз зброю, боепрыпасы для ўсёй партызанскай брыгады. За сямнаццаць кіламетраў ад Стоўбцаў быў хутар, дзе зрабілі пасадачную паласу для самалёта, якую партызаны пільна ахоўвалі.   На працягу 23 дзён ахоўваў гэту паласу і Аляксандр.

Нягледзячы на тое, што ў брыгадзе былі свае каровы, харчавацца даводзілася за кошт жыхароў навакольных вёсак.  На базе партызанскіх форміраванняў вялася выпечка хлеба, рамантавалася зброя. За Нёманам был шпіталь для лячэння параненых.

В складзе атрада былі людзі розных нацыянальнасцей, у тым ліку і 8 яўрэяў.  Непадалёк ад размяшчэння партызан знаходзіўся і  яўрэйскі сямейны лагер. Гэта былі выхадцы з горада Навагрудка.

Нягледзячы на тое, што ішоў ужо 1944 год, у партызан было шмат работы: хадзілі ў засады, наладжвалі аблавы на немцаў, узрывалі цягнікі. За непрацяглы перыяд вывелі са строю 2-3 км чыгуначнага палатна каля станцыі Гаўя.

Сіламі партызанскіх фарміраванняў на некаторы час немцы былі выбіты з Любчы, затым атрадам давялося пакінуць пасёлак, таму што ўтрымаць яго без падтрымкі арміі было цяжка.

У час правядзення аперацыі «Баграціён» партызаны праводзілі акцыі па адлову акружаных фашыстаў, якім удалося выйсці з «Мінскага катла». Праз беларускія лясы ворагі хацелі трапіць на сваю тэрыторыю. Аднойчы, знаходзячыся ў засадзе, Аляксандр і яго таварышы затрымалі савецкіх разведчыкаў, якія расказалі ім пра перамогі ў ходзе наступальнай аперацыі. Гэтыя весткі вельмі падбадзёрылі партызан, якія рабілі ўсё магчымае, каб наблізіць перамогу.

Пасля прыходу нашых войск з партызан сфарміравалі знішчальны атрад, які павінен быў адлоўліваць у лясах акружаных немцаў, паліцаяў, забіраць у мясцовага насельніцтва зброю.  Члены атрада канваіравалі арыштаваных немцаў, якіх затым па этапу адпраўлялі ў г. Мінск, у г. п. Мір.  Аляксандр з таварышамі таксама канваіраваў каля 500 немцаў да Мірскага замка, дзе іх прымалі наступныя канваіры. Шлях быў вельмі цяжкім, таму што даводзілася ісці пеша.

Пасля вяртання ў Любчу ў канцы жніўня 1944 года Аляксандра і многіх яго таварышаў забралі ў армію на тэрміновую службу. У Стоўбцах маладых воінаў чакаў эшалон. Самых маладых – 1926 года нараджэння – адправілі ў запасны атрад, астатніх – у рэгулярную армію. Аляксандр трапіў у горад Шуя Іванаўскай вобласці, дзе дэмабілізаваныя франтавікі вучылі маладых салдат. Пасля двух месяцаў навучання іх адпраўлялі на фронт. Аляксандра, як аднаго з самых здольных юнакоў, пакінулі інструктарам. Цяпер ён ужо сам вучыў навабранцаў. Потым хлопец даведаўся, што многія яго таварышы трапілі ў Нарвегію, дзе і загінулі.

Тут, у расійскім горадзе Шуя, і сустрэў перамогу, але дэмабілізаваўся толькі ў пачатку 1946 года. Папрацаваўшы інструктарам, зразумеў, што выкладанне – яго прызванне. Вярнуўшыся дадому, вырашыў, што павінен пайсці вучыцца на настаўніцкія курсы ў Навагрудскае педвучылішча. На шчасце, бацька Аляксандра вярнуўся з фронта і мог самастойна займацца гаспадаркай.

У вучылішчы Аляксандр не толькі старанна вучыўся, але і быў актывістам грамадскіх спраў – старшынстваваў на сходах, арганізоўваў правядзенне вечароў, у тым ліку і выпускнога вечара. Дзякуючы гэтаму атрымаў магчымасць самастойнага выбару месца работы, але па закону трэба было адпрацаваць два гады. Далей яго чакала цікавая праца, вучоба ў Баранавіцкім педагагічным інстытуце. Для атрымання вышэйшай адукацыі ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі педінстытут, затым перавёўся ў Гродзенскі.

Палітыка дзяржавы тады была такой, што да людзей, якія жылі пад польскай уладай да 1939 года – «заходнікаў» – ставіліся падазрона. Маладых спецыялістаў накіроўвалі на ўсход – у Магілёўскую і Гомельскую вобласці, але Аляксандр вырашыў паспрабаваць шчасце на радзіме. Прыехаў у Наваельню, знайшоў аддзел адукацыі, звярнуўся да загадчыка з просьбай забяспечыць работай. Маладога спецыяліста сустрэлі з радасцю, таму што не было каму працаваць не толькі з дзецьмі, але і ў вячэрняй школе.

Пра тое, што пасля вайны да настаўнікаў адносіліся з вялікай павагай, гаворыць і такі факт.  Малады хлопец выйшаў з аддзела адукацыі з новым прызначэннем, але ісці яму не было куды. Ён у роздуме прысеў на свой дарожны чамадан. Школьніцы, убачыўшы маладога настаўніка, якому не было куды пайсці, адразу прапанавалі пажыць у іх, пакуль ён не знойдзе пастаянную кватэру. Так у Наваельні з’явіўся новы настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Але не толькі выкладанне беларускай мовы і літаратуры цікавіла маладога настаўніка. Ён наведваў гурткі мастацкай самадзейнасці, што працавалі ў РДК, захапіўся працай чырванадрэўшчыка – рабіў мэблю, шкатулкі і іншыя рэчы з дрэва. Гэтай справай ён захапляўся яшчэ ў дзяцінстве – сам зрабіў балалайку. У яго доме, пакуль жыў, было шмат прадметаў, мэблі, зробленых уласнымі рукамі. Адзін з любімых заняткаў Аляксандра Аляксандравіча – рыбная лоўля і паляванне, а таксама фатаграфаванне.  А яшчэ ён любіў спяваць, быў доўгі час удзельнікам хору, дзе і пазнаёміўся са сваёй жонкай – Ганнай Міхайлаўнай.

Хутка маладую сям’ю ўжо радавалі дзве цудоўныя дачушкі, якія, як і іх бацькі, захапляліся музыкай – вучыліся іграць на фартэпіяна, былі цудоўнымі вучаніцамі. Алена – доктар біялагічных навук, доўгі час была загадчыцай навуковай лабараторыі Інстытута батанікі АН РБ, Вольга працавала настаўніцай матэматыкі ў г. Гомелі.

Сорак пяць гадоў прысвяціў школе Аляксандр Аляксандровіч, восем з іх – прапрацаваў ужо на пенсіі. Са шчырасцю і цеплынёй успамінаў ён сваіх калег па рабоце – настаўнікаў СШ№1, якія маглі дапамагчы ў цяжкую хвіліну, у час падставіць сваё плячо. Яны таксама ўспамінаюць яго як чалавека з залатымі рукамі, які шчыраваў над афармленнем класных кабінетаў, стэндаў школьнага музея. Заўсёды акуратна апрануты, спакойны, ураўнаважаны настаўнік, які не дазваляў непаважлівых адносін з боку вучняў ні да сябе, ні да іншых людзей, умеў знайсці падыход да “цяжкіх” вучняў, карыстаўся ў іх аўтарытэтам.

З успамінаў Чарнецкага М. В., выпускніка СШ № 1    1955 года:

«Калі я вучыўся  ў 5-ым класе (1949 г.), Аляксандр Аляксандравіч даведаўся, што    група хлопчыкаў  курыць у закінутым  доме. Ён папярэдзіў нас, што будзе ставіць пытанне аб выключэнні курыльшчыкаў са школы. Гэта было для мяне страшным пакараннем. Я нічога не сказаў бацькам і з нецярплівасцю чакаў, калі мяне з бацькамі выклікаюць у школу. Прайшло нямала часу, пакуль хлопцы даведаліся, што настаўнік нікому нічога не сказаў, аднак гэты выпадак стаў для нас сапраўдным урокам. Па сённяшні дзень я ніводнага разу не ўзяў у рукі цыгарэту».

Менавіта Чарнецкі Міхаіл Валянцінавіч і расказаў нам пра подзвіг, які здзейсніў Аляксандр Аляксандровіч у 1949 годзе, калі быў яшчэ зусім маладым настаўнікам.

«Жыхары раёна павінны ведаць сваіх герояў! – такімі словамі пачаў ён свой ліст. – Адным з іх з’яўляецца Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч.

“Калі я ўспамінаю свае школьныя гады, – піша ён далей, – у памяці ўсплывае мужны ўчынак нашага настаўніка Валуевіча Аляксандра Аляксандравіча. 1949 год, глыбокая восень, на палях і дарогах ужо ляжыць першы снег, рэкі пакрыты яшчэ нямоцным лёдам, тэмпература паветра каля 10 градусаў марозу.

Каля парка, з правага боку, быў масток, перагароджаны плацінай. За мостам стаяў драўляны будынак, у якім вучыліся мы, пяцікласнікі, тры класы больш як па трыццаць чалавек. Калі па школе пранеслася “На рацэ топяцца дзеці!”, натоўп дзяцей ужо стаяў на беразе. Першага, каго я ўбачыў, быў Аляксандр Аляксандравіч. Ён скінуў з сябе верхняе адзенне, валёнкі і павольным крокам рухаўся да сярэдзіны ракі ў бок праталіны, у якой валтузіліся тры хлопчыкі. У дзяцей заканчваліся сілы, яны штораз з галавой аказваліся ў вадзе.

Раптам лёд пад настаўнікам праволіўся і ён па грудзі апынуўся ў вадзе. Ламаючы перад сабой лёд, ён паволі пайшоў да праталіны, усё глыбей і глыбей апускаючыся  ў ваду. Вось яго рукі дацягнуліся да першага хлопчыка, якога ён ірвануў з вады і выцягнуў на лёд бліжэй да берага. Затым ён рушыў за наступным. А трэцяга хлопчыка ледзьве паспеў выратаваць, бо той ужо ляжаў на дне. Сярод напоўпу знайшоўся адзін смелы хлопчык, які лёг на лёд і папоўз на дапамогу настаўніку, але яго дапамога ўжо не спатрэбілася.  Замерзлы настаўнік не адважыўся ныраць у ледзяную ваду, але змог нагой прыўзняць хлопчыка над вадой, а потым выцягнуў яго за каўнер на паверхню.

Тым часам да возера пад’ехалі запрэжаныя сані. Людзі спынілі іх, паклалі дзяцей, накрылі хто чым змог і адвезлі ў бальніцу. На шчасце, усе дзеці выжылі. А настаўнік накіраваўся ў настаўніцкую пасушыцца і абагрэцца”.

Пры сустрэчы (было гэта у 2008 годзе) мы папрасілі самога Аляксандра Аляксандравіча пракаменціраваць гэту падзею. Аказалася, што настаўнік помніць прозвішчы выратаваных дзяцей – Козел, Цыгель і Хілевич. Ён падрабязна расказаў нам гэту гісторыю і пацвердзіў словы Чарнецкага М. В. На наша пытанне: «Чаму Вы кінуліся ў ледзяную ваду?»  –  адказаў, што не думаў пра небяспеку ў той момант, проста пабег ратаваць дзяцей, бо лічыць і сёння, што настаўнік першы павінен прыйсці на дапамогу.

Пра ўчынак настаўніка была нататка ў раённай газеце, а на вяселле ён атрымаў у падарунак кашулю.

Прайшло семдзясят гадоў, але хіба могуць забыць гэту падзею тыя, каго настаўнік выратаваў, ці тыя, хто бачыў шчаслівае выратаванне.

Сярод выпускнікоў школы № 1 нямала педагогаў, якія працуюць у розных гарадах Беларусі. Многія з іх выбралі сваю прафесію дзякуючы таленту і самаадданасці такіх настаўнікаў, як А. А. Валуевіч.  Роля настаўніка ў жыцці чалавека вельмі значная. Таленавітыя, неабыякавыя да чужога гора і несправядлівасці людзі выхоўваюць такіх жа таленавітых і неабыякавых вучняў.

   Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian