Да 75-годдзя Вялікай Перамогі: цікавыя экспанаты з партызанскага шпіталя

Цікавыя экспанаты: медыцынскія інструменты з партызанскага шпіталя

Пра знакаміты шпіталь сярод балот Ліпічанскай пушчы ведаюць многія. Ён арганізаваўся, калі вайна была ў самым разгары.

Стаяла глыбокая восень 1942 году. Народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Казлоўшчыне, Накрышках, Жалудку. Адважныя і дзёрзкія напады прыводзілі акупантаў у лютасць. Неўзабаве стала ясна, што яны рыхтуюць вялікую карную аперацыю. На бліжэйшых станцыях у тэрміновым парадку разгружаліся войскі, якія рухаліся на фронт. Пачаліся ператрусы, арышты, допыты, расстрэлы. Партызаны ў адказ вялі жорсткія баі. Параненых станавілася ўсё больш. Ім патрабавалася тэрміновае лячэнне, а пакінуць на хутары ці ў вёсцы – занадта вялікая рызыка. Трэба было тэрмінова стварыць стацыянарны партызанскі шпіталь. Але дзе і як яго ўладкаваць, каб не знайшлі немцы? Ідэю падаў Іосіф Юр’евіч Філідовіч, мясцовы жыхар.

Былы начальнік шпіталя Ленінскай партызанскай брыгады Іван Калмыкоў пісаў у сваіх успамінах: «Камандаванне прыняло тэрміновае рашэнне арганізаваць пастаянны партызанскі шпіталь. Спачатку ён размяшчаўся каля вёскі Вастраво Зэльвенскага раёна. Начальнікам шпіталя прызначылі мяне. Каб немцы не знайшлі нас, камандаванне выдзеліла групу партызан, якія былі залічаны ў штат і не толькі ахоўвалі параненых, але і забяспечвалі іх прадуктамі харчавання і адзеннем. У жніўні 1942 гады немцы наладзілі блакаду партызан. Паколькі шпіталь знаходзіўся ў самым гушчары, карнікі яго не заўважылі. І ўсё ж заставацца тут больш нельга было. Мы перадыслакаваліся ў Дубароўшчынскі лес Дзятлаўскага раёна. Наступала восень, першыя замаразкі. Людзі ляжалі пад адкрытым небам, і толькі цяжка параненыя – у палатках. Далей так жыць стала немагчыма. Праз некалькі дзён мяне выклікалі ў штаб і далі даручэнне арганізаваць стацыянарны шпіталь. З дапамогай сувязнога Іосіфа Філідовіча мы знайшлі часовую стаянку ў Ліпічанскай пушчы, недалёка ад яго хутара. Праўда, і тут даводзілася жыць у палатках, таму што месца было нізкае. Філідовіч працягваў пошукі зручнага месца. У выніку ён прапанаваў востраў сярод непраходных балот. »

Так і з’явіўся астраўны шпіталь. Там выкапалі зямлянкі, пабудавалі пякарню, лазню, склады, усе добра замаскіравалі. Параненых сюды транспартавалі на спецыяльных насілках. Да пачатку блакады на востраў перавезлі каля 50 чалавек. Іосіф Юр’евіч, яго сын Іван і ўнук Фёдар праводзілі сюды партызан толькі па ім адным вядомых сцежках. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Затым сцежку старанна засыпалі ігліцай, загадзя прыбраўшы кладкі.

У шпіталі працавалі прафесіяналы, урачы, медсёстры, санітары. Яны рабілі складаныя аперацыі, лячылі хворых, падымалі на ногі. Медыкаменты і медыцынскія інструменты  перадавалі сувязныя з Дзятлаўскай бальніцы, якая знаходзілася ў палацы Радзівілаў (пра іх мы ўжо пісалі на сайце музея).

У Дзятлаўскім музеі, у экспазіцыі партызанскай залы, знаходзяцца медыцынскія інструменты, якімі карысталіся ў партызанскім шпіталі. Сярод іх шпрыцы, скальпелі, пінцэты, ільнаная тканіна (яе выкарыстоўвалі замест бінтоў), а таксама пілка для аперацый – пры дапамозе такой пілкі ў ваенна-палявых шпіталях праводзілі ампутацыі.

Цікавае даследаванне пра медыцынскую дапамогу ў партызанскіх шпіталях правёў дацэнт кафедры грамадска-гуманітарных навук ГДМУ, кандыдат гістарычных навук Міхаіл Абраменка. Ён сцвярджае, што ў партызанскіх медыкаў “востра не хапала хірургічнага інструментарыя; здаралася, выкарыстоўвалі звычайны гаспадарчы нож. Пасля траўмаў брушной поласці вымушаныя лапаратаміі праводзілі самаробнымі прыладамі; бывала, канечнасці ампутавалі садовай нажоўкай” (Крыніца інфармацыі: http://www.medvestnik.by/ru/actual/view/partizanskaja-medsluzhba-4125-2015/)

  Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

      Схема размяшчэння партызанскага шпіталя

 Прыкладна так выглядала шпітальная зямлянка

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian