Нашы знакамітыя землякі: са слаўнага роду Новікавых

Нашы знакамітыя землякі

Са слаўнага роду Новікавых

Сям’я Новікавых завітала ў музей восенню 2019 года. Прывяла іх сястра Таццяна Барысавец, Новікава ў дзявоцтве. Паслухалі экскурсію, пагаварылі. Віктар Дмітрыевіч Новікаў аказаўся цікавым субяседнікам і не менш цікавым чалавекам, мы дамовіліся, што ён збярэ некаторыя матэрыялы пра сябе і перадасць у музей. Так і здарылася нядаўна: Таццяна прынесла днямі нам у музей тое, што сабраў яе брат.

Пра Віктара Дзмітрыевіча чула раней, не раз нагадвала пра дзядзьку Віцю Інэса Зубрыліна, наша знакамітая зямлячка, пераможца конкурсу “Настаўнік года Беларусі-2011”. Адзывалася з цеплынёй і вялікай павагай. Аднак сустракацца з героем нашай размовы не даводзілася, затое ведала добра бацьку  і маці Інэсы Уладзіміраўны, яе бабулю Яўгенію Іонаўну, чытала пра слаўную дынастыю педагогаў Новікавых, калі Інэса Зубрыліна рыхтавалася да конкурсу. Віктар Дзмітрыевіч быў сярод іх. І вось такая ўдача – асабістае знаёмства.

Віктар Дзмітрыевіч Новікаў нарадзіўся 4 верасня 1950 года ў Дзятлаве, у 1972 годзе скончыў Мінскае ВІЗРВ, служыў ва УС, быў ваенным спецыялістам у Сірыі. З 1975 па 1986 год вёў навукова-педагагічную дзейнасць у МВІЗРВ, з 1986 па 1988 год працаваў ваенным саветнікам у Лівіі, з 1989 па 1992 год з’яўляўся старшынёй секцыі абарончых праблем пры Прэзідыуме АН БССР, з 1993 па 1995 – намеснік старшыні навукова-тэхнічнага камітэта Мінабароны РБ, дырэктар міжнароднага фонда “Канвенсія-экалогія” (1995), эксперт-кансультант праекта ТАСІС (тэхнічная дапамога Садружнасці Незалежных Дзяржаў) у РБ па канверсіі прадрыемстваў  электроннай прамысловасці (1995-1996). З 1996 года па сённяшні дзень працуе генеральным дырэктарам кансалтынгавай кампаніі “БеларгКансалт”. Як бачым, паслужны спіс значны. Да ўсяго Віктар Дмітрыевіч – кандыдат тэхнічных навук (1979), дацэнт (1985), член-карэспандэнт БІА (1994). Мае дзяржаўныя ўзнагароды: Ганаровую Грамату Вярхоўнага Савета СССР, два серыйскія ордэны, медалі “За баявыя заслугі”, “Воін-інтэрнацыяналіст” і іншыя.

У жыцці Віктара Новікава было шмат цікавых эпізодаў. Ён вайсковец, служыў Радзіме верай і праўдай і там, куда накіруюць. Але найбольш яскрава прыгадваецца восень 1973 года. 17 кастрычніка 1973 года ў Кувейце на сустрэчы прадстаўнікоў краін-экспарцёраў нафты (АПЭК) было прынята рашэнне аб нафтавым байкоце заходніх заступнікаў Ізраіля. Гэта выклікала незадаволенасць ЗША і Еўропы. Цана на нафту падскочыла амаль у два разы з 3 долараў за барэль да 5. Гэта было эканамічнае рэха араба-ізраільскай вайны, якая пачалася напярэдадні энергетычнага падаражання.

У 1973-1974 гадах Віктар Новікаў служыў у якасці савецкага ваеннага спецыяліста ў Сірыі. Добра запомніліся тыя гады, можна сказаць, кожны дзень, кожная хвіліна. Віктар Дзмітрыевіч успамінае:

– У 1973 годзе мне было 23 гады. Маладзенькі лейтэнант, служыў намеснікам камандзіра радыётэхнічнай батарэі зенітна-ракетнага дывізіёна ў Беларусі. Раптам пазачарговая медыцынская камісія, зборы, інструктажы ў Маскве. І вось я ў цывільным адзенні з замежным пашпартам ужо ў самалёце Ту-154. Многія пасажыры самалёта – мае новыя знаёмыя, з якімі давялося мець зносіны ў час інструктажу ў Генеральным штабе УС СССР.

У Дамаску, сталіцу Сірыі, апынуліся 1 кастрычніка, спыніліся ў гасцініцы, а 6 кастрычніка пачалася вайна. Наша група савецкіх ваенных спецыялістаў была размеркавана ў службу галоўнага інжынера зенітна-ракетнай брыгады, якая стаяла на прыкрыцці Дамаска з поўдня. На яе ўзбраенні знаходзіліся 4 зенітныя ракетныя комплексы С-75 і пяць С-125. Нашай задачай было забеспячэнне баяздольнасці савецкай тэхнікі. Яе абслугоўвалі афіцэры-арабы, якія праходзілі да гэтага паскораны курс навучання ў нашых ваенных вучылішчах, на палігонах, у навучальных цэнтрах. Яны нядрэнна выконвалі свае абавязкі, але калі апаратура была настроена і працавала без збояў. Аднак самы нязначны збой у рабоце сістэмы выклікаў у сірыйцаў праблемы.

Нас траіх прывезлі ў штаб брыгады ў прыгарадзе Дамаска, выдалі сірыйскую вайсковую форму, пісталет Макарава з патронамі, каску, процівагаз, пропуск на ўсе ваенныя аб’екты Сірыі днём і ноччу, у кожнага перапісалі групу крыві.

Амаль увесь час, пакуль ішлі баі, даводзілася знаходзіцца на стартавай пазіцыі аднага з дывізіёнаў. Там упершыню трапілі пад налёт. Двое сутак ірваліся шарыкавыя бомбы, былі ахвяры, нязначныя пашкоджанні антэн, электракабеля. Па нашай агнявой пазіцыі ўпершыню былі зроблены пускі ракет “Шрайк”, якія наводзіліся на кропку радыёлакацыйнага выпраменьвання. Аднак з вялікім промахам  яны разрываліся на пазіцыі, не пашкодзіўшы антэн.

Разам з сучаснымі зенітна-ракетнымі комплексамі для прыкрыцця важных аб’ектаў з паветра выкарыстоўваліся зенітныя артылерыйскія сістэмы “Шылка” і звычайныя зенітныя пушкі, вельмі эфектыўныя на малых вышынях. Гэта прымушала ізраільскіх лётчыкаў павялічваць вышыню палётаў. І вось тады вельмі добра паказалі сябе савецкія ЗРК С-75 (“Волга”), С-125 (“Пячора”), “Квадрат”. За два дні сірыйская брыгада збіла 15 самалетаў. Налёты пачыналіся ў 6 гадзін раніцы і заканчваліся ў 6 гадзін вечара. Усе адпачывалі, а для нас, савецкіх спецыялістаў, пачыналася асноўная работа, работа так званай “хуткай дапамогі”. Нас выклікалі па рацыі для ўзнаўлення боегатоўнасці, ліквідацыі збояў у комплексах.

На начных дарогах было шмат пастоў сірыйскай ваеннай паліцыі, палесцінскіх камандас, а яшчэ бежанцаў, машын без фар.  Але вокрык афіцэра “Русія хабара” (рускія спецыялісты) быў пропускам для праезду ў любым, самым небяспечным месцы без чэргаў і праверак. Адносіны да нас з боку арабаў былі цёплыя і выключна паважлівыя. Перш-наперш заўсёды прапаноўвалі ежу (гарбата, кава, садавіна) і толькі потым прасілі паглядзець тэхніку. Такія сяброўскія адносіны да нас захаваліся і пасля вайны.

Актыўныя налеты скончыліся ў канцы кастрычніка. І толькі 7 лістапада нарэшце ўдалося вярнуцца ў Дамаск, памыцца ў душы, пераапрануцца. Горад ляжаў у руінах, асабліва цэнтральная вуліца Абурмані. Цалкам быў разбураны савецкі культурны цэнтр, не было электрычнасці. З Галанскіх высот даносіўся грукат  артылерыйскай кананады, віднелася зарыва і ўспышкі на ўсё неба. Савецкім спецыялістам давялося вынесці нямала.

Запомнілася 15 кастрычніка, калі за ноч мы зрабілі рывок у 60 кіламетраў і раніцай развярнуліся ў раёне знішчанай напярэдадні ЗРК С-75. Неабходна было тэрмінова прыкрыць дадзены накірунак. Самае складанае – ноччу адлучыць кабельнае абсталяванне, дэманціраваць з дапамогай крана антэны (5 штук вагой да 2-3 тон), прыцэпы, цягачы, пускавыя ўстаноўкі. Атрымалася калона з 20-30 машын, якая толькі наступнай ноччу была састыкавана, уключаны дызельныя электрастанцыі і паспяхова прайшла настройка станцыі.

Раніцай, выйшаўшы ў эфір, амаль адразу выявілі непрыяцельскія самалёты, пачаліся пускі ракет. Нас хутка засяклі, і ўся пазіцыя падверглася масіраванаму артабстрэлу.

Давялося назіраць і прарыў ізраільскіх танкаў “Цэнтурыён”, калі паступіла каманда тэрмінова падрыхтаваць тэхніку да знішчэння. Арабы ўжо залівалі ўсю тэхніку дызпалівам і ў кабіны насілі скрыні з узрыўчаткай. Але на дапамогу, нібы цуд, падышла калона іракскіх танкаў (савецкія Т-62). На нашых вачах завязаўся танкавы бой, гэта і захавала ЗРК ад поўнага знішчэння.  Комплекс потым доўга ўзнаўлялі і адмывалі ад нафтапрадуктаў.

Апошні самалёт-разведчык быў збіты 4 мая 1974 года. Два ізраільскія самалёты кожны дзень абляталі лінію фронту на вышыні 10-15 кіламетраў, вялі разведку і добра былі бачны жыхарам Дамаска  ў бязвоблачным небе. Спробы знішчыць іх ракетай былі няўдалымі праз значнае адхіленне курса ад зоны паражэння. Сірыйскае камандванне вырашыла перамясціць ЗРК С-75 амаль на граніцу з Ліванам і знішчыць паветраных шпіёнаў. Мы непасрэдна рыхтавалі і трэніравалі па начах арабскія разлікі  да маршу і стральбы з засады. Трэба было пацвердзіць магчымасці савецкай тэхнікі, яе перавагу.

На свінанні развярнулі ЗРК у квітнеючым цытрусавым садзе. І раптам заўважылі, што выйшаў са строю блок сінхранізатара. Галоўнаму інжынеру Алі тлумачу, што трэба прывезці блок з суседняга дывізіёна, які знаходзіцца за 80 кіламетраў. Ён імчыць туды на “мерсэдэсе” з хуткасцю 200 км/гадзіну, яму насустрач вязуць блок. Да васьмі раніцы ўсё было гатова. У дзевяць раніцы паведамілі, што ізраільскія разведчыкі ўзляцелі, як звычайна. У 9.20 яны былі выяўлены. У 9.30 на выпраменьванне былі ўключаны станцыі навядзення і тут жа дадзены чэргі з трох ракет. На наступны дзень ва ўсіх сірыйскіх газетах на першых старонках былі фотаздымкі  разрыву ракет і падзення самалёта. Гэта бачылі ўсе жыхары Дамаска, ролік яшчэ доўга паказвалі па мясцовым тэлебачанні і ў кінатэатрах.

Так скончылася кастрычніцкая вайна. 5 мая падпісалі дамоўленасць аб поўным спыненні баявых дзеянняў і адводзе ізраільскіх войск з часткі Галанскіх высот і горада Эль-Кунейтра. У 1975 годзе (праз два гады пасля апісаных падзей) ужо ў Мінску ад імя прэзідэнта Сірыі тром савецкім спецыялістам былі ўручаны ордэны “6 кастрычніка 1973 года”. Гэта дата – нацыянальнае свята Сірыі.

Колькі такіх гісторый у памяці нашага земляка, не злічыць. І кожная вартая пяра летапісца. Магчыма, такім летапісцам стане сам Віктар Дзмітрыевіч Новікаў, удзельнік і відавочца гістарычных падзей на памежжы двух стагоддзяў, і праз некаторы час землякі будуць трымаць у руках кнігу яго ўспамінаў.

    Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 Віктар Новікаў у Сірыі

 Віктар Новікаў у Сірыі (у цэнтры)

Віктар Новікаў на адкрыцці беларуска-шведскага прадпрыемства. 2012 год.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian