Нашы знакамітыя землякі: Інэса Зубрыліна

Інэса  Уладзіміраўна Зубрыліна

Інэса Зубрыліна (2011 год)

Сёння, 20 мая, у нашай зямлячкі Дзень нараджэння. І прыгадаліся гады, калі мы працавалі разам у гімназіі №1 г.Дзятлава, рыхтавалі яе да конкурсаў, хваляваліся і радаваліся, калі ў гэтай цудоўнай настаўніцы ўсё атрымалася.

Яе дэвіз – працаваць натхнёна. За што б ні бралася Інэса Удадзіміраўна: ці то за  распрацоўку новага метадычнага дапаможніка, ці то за сцэнарый мерапрыемства клуба “Тварам у твар”, ці то за новы Інтэрнэт-праект – заўсёды яна робіла сваю справу творча, самааддана і з вялікім натхненнем. Таму не дзіўна, што яна заўсёды і ўсюды паспявала, з’яўлялася прыкладам дысцыплінаванасці, адказнага стаўлення да даручанай справы. І не важна, што трэба было рабіць – афармляць нудную статыстыку паспяховасці на паперы ці складаць сцэнарый вечара або агітбрыгады. Усё ёй удавалася рабіць хутка і з цікавасцю. “Чалавек такі”, – скажаце вы. Магчыма, незвычайныя здольнасці тварыць дадзены ёй ад Бога, але  працалюбства, уменне зрабіць нецікавае цікавым, здольнасць адухаўляць усё, што яна робіць – гэта  дасягаецца самадысцыплінай і сілай волі.

“Інэса Уладзіміраўна – мая была маёй настаўніцай англійская мовы, – расказвае мая дачка Вольга. –  Як толькі мы здалі  ўступныя іспыты ў пяты клас гімназіі і пераступілі парог новай  навучальнай установы, адразу трапілі ў цёплыя, шчырыя рукі гэтай цудоўнай настаўніцы. Урокі англійская мовы ператварыліся ў казку. Мы не толькі вывучалі правілы, чыталі тэксты, “штудыраваліі” граматыку, але і спасцігалі разам з ёй увесь свет. За тыя кароткія сорак пяць хвілін, што адведзены былі на ўрок, Інэса Уладзіміраўна паспявала  не толькі  даць матэрыял па тэме, замацаваць і паставіць адзнакі, але і расказаць пра адкрыцці ў галіне медыцыны, паведаміць, якія навіны выкінулі ў Інтэрнэт пра членаў  англійскай каралеўскай сям’і, што чуваць пра планету Небіру і якія цывілізаціі  існавалі ў старажытнасці. Часам дзівіліся: калі яна паспявае пра ўсё прачытаць? У яе ж сям’я, дачка, хатнія клопаты, як і ва ўсіх звычайных жанчын. А потым разумелі: феномен нашай Інэсы Уладзіміраўны – быць  адметнай. І сапраўды, яна была адметная.”

Магчыма, вы, паважаныя землякі, прысутнічалі на гімназічных выпускных вечарах у РДК? Тады вы чулі, як цудоўна спявала настаўніца на англійскай і французскай мовах. Яе заўсёды выклікалі на “біс”. Чысты высокі голас, артыстызм,  іменне жыць песняй – вось тое, што не пакідала абыякавым ніводнага чалавека. “Нібы птушка ў палёце”, – пачула я  некім кінутае ў натоўпе выслоўе. Сапраўды, калі адзін год  у час правядзення выпускнога вечара яна спявала песню “Матылькі”, з якой выступала група “Тры  плюс два” на Еўрабачанні, зала захлынулася ад апладысментаў.

А можа, вы былі на бацькоўскіх сходах у гімназіі? Тады  вам пашчасціла паглядзець лялечны спектакль на англійскай мове, які падрыхтавалі разам з  Інэсай Уладзіміраўнай гімназісты. Касцюмы, чыстая англійская мова, паслядоўнасць і дакладнасць у час выступлення – гэтага можна дасягнуць толькі праз доўгія і напружаныя рэпетыцыі.

Часта задумваешся, у чым прычына таго, што аднаго настаўніка  абагаўляюць, проста носяць на руках дзеці, а да другога ставяцца холадна, абыякава, а часам і з  нейкім негатывам. Думаецца, каб навучыць іншых, трэба самому быць разумным чалавекам, трэба па-сапраўднаму любіць дзяцей, разумець прычыны іх памылак, умець заахвоціць іх сваім прадметам і падтрымліваць, калі ў іх што-небудзь не атрымліваецца. Настаўнік павінен быць добрым псіхолагам, бо, каб перадаць дзецям веды, трэба разумець характар і душу кожнага з іх.  І ніхто не будзе спрачацца, што  Зубрыліна Інэса Уладзіміраўна з’яўляецца менавіта такім настаўнікам.

Дзе ж вытокі яе  майстэрства? Чаму некалі, пасля заканчэння школы, яна, выдатніца, якая магла паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову рэспублікі, выбрала нялёгкі настаўніцкі хлеб? Яшчэ ў маленстве яна марыла пра прафесію настаўніка, правяраючы сшыткі разам са сваім дзядулем, які выкладаў у СШ № 2, некаторы час быў у гэтай школе намеснікам дырэктара.

Настаўніцай была і яе бабуля, Яўгенія Іонаўна, і тата. Інэса расла, вучылася на выдатна, наведвала музычную школу па класу фартэпіяна, вучыла польскую мову і не думала тады, кім хоча стаць. А ў адзінаццатым класе лёс паклікаў яе за сабой. Яна стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, заняла 1-е месца. Па выніках алімпіяды ёй была дадзена  магчымасць паступаць у педагагічны вуз без экзаменаў. І яна выбрала  Беларускі лінгвістычны ўніверсітэт. І не памылілася, бо стала Настаўніцай  з вялікай  літары.

– Кроў настаўнікаў пацягнула ў гэту прафесію, – смяялася заўсёды Інэса Уладзіміраўна.

Сапраўды, яна з дынастыі настаўнікаў. Настаўнікамі былі  яе прадзед, дзед, бабка, дзве цёткі, дзядзька, тата. Усяго у іх родзе настаўнічала чатырнаццаць чалавек.

Але самай яркай і таленавітай аказалася менавіта яна. За тыя дзесяць гадоў, што працавала Інэса Уладзіміраўна ў школах Дзятлаўшчыны, яна  дасягнула такіх поспехаў, якіх іншыя не дасягаюць і за ўвесь свой педагагічны шлях. У 2006 годзе стала пераможцай конкурсу “Настаўнік года – 2005” у Дзятлаўскім раёне, падрыхтавала двух пераможцаў абласных алімпіяд – Шундрыка Аляксея і Старыкаву Марыя, неаднаразова перамагала ў раённым конкурсе “Камп’ютар. Настаўнік. Інтэрнэт”,  за плённую і творчую працу ўзнагароджана граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі, абласнога выканаўчага камітэта. А ў 2010 годзе на жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі ёй была ўручана грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паспела Інэса Уладзіміраўна стварыць шматлікія метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў і  дыдактычны матэрыял для  гімназістаў, выступіць на  семінарах і канферэнцыях абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, надрукаваць свае напрацоўкі не толькі ў часопісах “Адукацыі і выхаванне” і “Народная асвета”, але і ў расійскім метадычным выданні “Першага верасня”. Вынік гэтай грані яе педагагічнай дзейнасці – дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у X  рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей і навучэнцаў”.

А ў 2011 годзе яна стала пераможцай конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, патрымала ў руках Крыштальнага жорава.

У дадатак да ўсяго настаўніца яшчэ і цудоўная гаспадыня, элегантная жанчына, ва ўсёй яе постаці  бачны сапраўдны  французскі шарм і галівудская абаяльнасць. І гэта ніколечкі не перабольшана. Яна заўсёды новая, заўсёды прыклад для дзяўчынак. Што б ні апранула, не носіць, а нясе.

Зараз Інэса Уладзіміраўна жыве і працуе ў Мінску, працуе над кандыдацкай дысертацыяй, выкладае ў БДЛУ, у мінскай гімназіі. Няхай шлях яе будзе і надалей плённым.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея (былы намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце гімназіі №1 г.Дзятлава)

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian