Нашы знакамітыя землякі: Сяргей Хмара-Сіняк (115 гадоў з дня нараджэння)

З думкаю пра Беларусь

Сяргей Хмара-Сіняк – беларускi паэт, палітычны і грамадскi дзеяч, вядомы змагар за Бацькаўшчыну, за народную справу ў Заходняй Беларусі. Наш зямляк. Сёлета, 25 мая, яму споўнілася б 115 гадоў. Так сталася, што шмат гадоў ён пражыў за мяжой, але думкі пра Бацькаўшчыну, пра родную вёску ніколі не пакідалі яго. Для роднай зямлі ён жыў, для яе тварыў.

Па словах краязнаўцы Сяргея Чыгрына, які шмат пісаў пра творчасць Сяргея Хмары, ён да сённяшняга дня застаецца самым неразгаданым, розным і супярэчлівым у гісторыі беларускай літаратуры і гісторыі нацыянальнага руху”. Нават месца яго нараджэння ў розных крыніцах пададзена па-рознаму. Адны выданні пішуць, што ён нарадзіўся ў Пінску, другія — у Адэсе, трэція — у Слоніме. Сам жа ён таксама паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе. Аднак Сяргей Сіняк нарадзіўся не ў Адэсе і не ў Пінску, а ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён). А калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, пазней жа, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.

У 1918 годзе Сяргей застаўся сіратой – загінуў бацька. Ён з маці і з малодшай сястрой вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што, таму займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску,  зачытваўся раманамі польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча. І, як і многія дзеці з бедных сем’яў, шмат працаваў – пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком. Ужо ў тыя гады праявіліся ў ім якасці барацьбіта за справядлівасць. “Аднойчы нават кінуў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробку. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку “бунтар”, — адзначае Сяргей Чыгрын. Пасля яго шмат разоў выганялі з розных месцаў за бунтарскую натуру.

У пачатку 20-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ.

У сярэдзіне 20-х гадоў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.

У 1930 годзе яго выбіраюць сакратаром пасольскага клуба “Змаганне” ў Пінску, дзе спрабуе закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак працуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоўвае польская дэфензіва. Наогул, Сяргей Сіняк пры паляках, пры савецкай уладзе і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў у турмах каля 11 гадоў. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “Мае школы — Лукішкі, турмы ў Слоніме, Гародні, Пінску, Берасці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат іншыя”. Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават Тэлеграфнае Агенства Савецкага Саюза (ТАСС).

Сяргей Хмара актыўна пісаў. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў газеце “Беларуская крыніца” ў 1925 годзе. Верш меў назву “Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме”. А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік “Рунь веснаходу”, дзе былі надрукаваны творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першыя паэтычны зборнік “Бунтарнае” і кніга прозы “Шляхам барацьбы” загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва “Рунь”. Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў “Жураўліным шляхам” Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні. Зборнік быў невялікі,  налічваў усяго 24 вершы. Паэт апісваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцыямі. Падаў у вершах вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз вёскі. Гэтыя паэтычныя радкі гучалі як заклік да жыцця і змагання.

У 1937 годзе Сяргей Сіняк у Дзятлаве арганізоўвае літаратурную суполку “Маладая Ускалось”. Плануе разам са сваімі равеснікамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКУС і саджаюць у мінскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы, і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты “Слонімскі кур’ер”, выступае на раённым радыё. Акрамя гэтага наш зямляк арганізоўвае брыгаду Беларускай Самадапамагі. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у грабяжах гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму. Але праз непрацяглы час сябры дапамаглі вызваліцца.

У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі ён зноў трапіць у засценкі НКУС. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты “Голас беларусаў”. Па-ранейшаму піша вершы і выдае свой другі зборнік паэзіі “Мы”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя ў 20-30-х гадах, а таксама новыя, у якіх адчуваецца настальгія па Бацькаўшчыне і сум развітання з ёю.

З Германіі яго шлях ляжыць у Канаду, у горад Таронта, дзе і пражыў усё сваё жыццё.

У Таронта Сяргей Хмара займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса “Баявая Ускалось”, а таксама каля 370 нумароў газеты “Беларускі голас”. Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю “Водгаласы”. Усе гэтыя выданні выдаваў за свой асабісты кошт. Газеты Сяргея Хмары ёсць у нашым музеі.

Акрамя выдавецкай дзейнасці, Сяргей Хмара даследаваў беларускую міфалогію. Па гэтай тэме выдаў кнігі “Аб Багох крывіцкіх сказы” (два выданні) і “Сказы Бацькаўшчыны”. У іх аўтар паспрабаваў зрабіць сваю “рэканструкцыю” міфалогіі. Хмара расказаў пра Дальбога, Чарнабога, Ярылу Сонцалістага, Яшчара, Воласа, Ляля, Зюзю і іншых крывіцкіх багоў беларускай міфалогіі.

Памёр у Таронта 4 верасня 1992 года.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

     

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian