Да 76-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: вуліца Жолабава ў Дзятлаве

Атрад “Дружба” і яго камандзір, або як з’явілася ў Дзятлаве вуліца Жолабава

Ніяк не пакідае ваенная тэма. Магчыма, таму, што шмат чаго яшчэ ёсць сказаць пра тыя далёкія гады, калі краіна наша стаяла перад тварам знішчэння і вырашалася спрадвечнае пытанне быць нам на гэтай зямлі ці не быць, калі гарэлі беларускія вёскі і гарады, гінулі землякі. А яшчэ таму, што музей наш – скарбонка матэрыялаў, і не дзяліцца імі з людзьмі проста блюзнерства.

І зноў дастаешь папкі, перапіску, зноў чытаешь, супастаўляешь, параўноўваеш. Папка №17. Перапіска Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча з Нінай Сямёнаўнай Жолабавай, жонкай знакамітага камандзіра атрада “Дружба”, што дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

     Гістарычная даведка

“Дружба” – спецыяльная партызанская група НКУС БССР на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. 7 верасня 1943 года група (7 чалавек) пераправілася ў варожы тыл. Камандзір Іван Аляксеевіч Жолабаў. Вяла дыверсійную работу на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, у лістападзе 1943 года (налічвала 150 чалавек) злучылася з Чырвонай Арміяй. 6 красавіка 1944 года група “Дружба” ў складзе 15 чалавек зноў пераправілася ў варожы тыл. Дзейнічала ў Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнах Баранавіцкай вобласці. У варожым тыле партызанская група пусціла пад адхон 22 эшалоны, разбіла і пашкодзіла 25 паравозаў, больш за 150 вагонаў і платформ, 51 аўтамашыну, 2 танкі, узарвала 4 масты, знішчыла 1 км чыгуначнага палатна. 10 ліпеня 1944 года група ў складзе 60 чалавек злучылася з Чырвонай Арміяй (БелЭС, т.4, стар.286).

  Перапіска Міхаіла Фёдаравіча і Ніны Сямёнаўны вялася пасля смерці Жолабава, у 1982 годзе, калі вырашалася пытанне аб назве адной з вуліц г.п. Дзятлава яго імем. Ліст ад 23.03.1982 года. “Паважаная Ніна Сямёнаўна, атрымаў Ваш ліст. Дзякую за тое, што Вы знайшлі сілы і магчымасць хутка нам адказаць, хаця і перажываеце вялікае гора. На жаль, дапамагчы мы не маем сілы, але па-чалавечы глыбока Вам спачуваем і разумееем цяжар незваротнай страты. Днямі была ў нашым музеі Людміла Аляксандраўна  Грынаш (Дуканіна). Яна толькі вярнулася з паездкі на пахаванне Івана Аляксеевіча, свайго брата, таксама моцна перажывае. Трохі расказала пра наведванне вашага дома, пра размову з Вамі. Сказала, што бачыла шмат матэрыялаў з асабістага архіва Івана Аляксеевіча: баявы шлях  атрада “Дружба”, вышыты на кавалку палатна, нумар беластоцкай падпольнай газеты з заметкай пра атрад, пісьмы Вярхоўчака, пасведчанні партызан і многае іншае. Усе гэта матэрыялы ваеннага часу, яны з’яўляюцца вельмі каштоўнымі экспанатамі для музея, як і іншыя прадметы і дакументы. Іх мы хацелі б паказаць у нашым музеі, але пакуль не маем такой магчымасці. І справа гэта зараз залежыць толькі ад Вас. Калі Вы вырашыце, што перадаць Дзятлаву, што Гомелю, што пакінуць у Барнавуле, то напішыце мне. Я ўжо папярэдне гаварыў з уладамі наконт назвы адной з вуліц Дзятлава іменем Вашага мужа. Гэта прапанова знайшла падтрымку. А мне хочацца, як дырэктару музея, стварыць куток, прысвечаны Івану Аляксеевічу, і зрабіць гэта можна толькі з Вашай дапамогай. Так у справе ўвекавечання імя камандзіра атрада “Дружба” ў нас з Вамі павінна быць цеснае супрацоўніцтва, агульная зацікаўленасць. З пажаданнем усяго найлепшага М.Петрыкевіч”.

Ніна Сямёнаўна вельмі хутка адказала Міхаілу Фёдаравічу, напісаўшы, “Паважаны Міхаіл Фёдаравіч, атрымала Ваш ліст і ліст ад Івана Ігнатавіча (прозвішча не ўказана, але матэрыялы папкі выдаюць, што гэта Іван Ігнатавіч Васюкевіч, паплечнік Жолабава), дзе ён піша, што хочуць увекавечыць памяць пра Івана Аляксеевіча ў г.п.Дзятлава. Днямі я яму дашлю характарыстыку ці даведку з КДБ або крайкама КПСС. Экспанатаў у Івана Аляксеевіча шмат. Пасля размовы з першым сакратаром крайкама напішу Вам ліст і пералічу, што ў мяне ёсць, што пакіну ў Барнавуле, што перадам ў Гомель, што ў Гродна, а што вашаму музею. Іван Аляксеевіч перапісваўся са сваім партызанамі-палякамі, а пасля іх смерці – з іх жонкамі і дзецьмі, а таксама з Янам Вярхоўчакам. Ёсць шмат прачулых лістоў, усе яны захаваны, а таксама і газетныя артыкулы. Перадавайце прывітанне супрацоўнікам музея. Ніна Сямёнаўна Жолабава”.

Ёсць у архівах таксама і чарнавік ліста Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, напісаны на імя дырэктара партархіва пры ЦК КПБ у г.Мінску. Ён піша: “28.01.1982 года ў горадзе Барнавуле памёр Жолабаў Іван Аляксеевіч, палкоўнік КДБ у адстаўцы, былы камандзір партызанскага атрада спецпрызначэння “Дружба”. У 1944 годзе гэты атрад базаваўся ў Ліпічанскай пушчы, баявыя і разведвальныя дзеянні праводзіў таксама на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Таварыш Жолабаў меў тады званне капітана і псеўданім “Севярны”. Ён шмат зрабіў для аднаўлення Савецкай улады ў Дзятлаве пасля вызвалення раёна, потым напісаў кнігу “На Нёмане чакаюць сваіх” (кнігу яшчэ пры жыцці Іван Аляксеевіч Жолабаў даслаў у рэдакцыю газеты “Перамога”, а ўжо адтуль яна трапіла ў музей), у якой апісаў многія падзеі ваеннага часу ў нашым краі.

Мы хочам паказаць гэтага чалавека ў экспазіцыі музея і назваць яго імем адну з вуліц Дзятлава. Для гэтага нам неабходна мець дакументальныя дадзеныя. У сувязі з гэтым просім даслаць архіўную даведку, якая пацвярджае партызанскую дзейнасць Жолабава І.А. Дырэктар музея М. Петрыкевіч”.

Нідзе не знайшла даты мерапрыемства, калі была адкрыта дошка па вуліцы Жолабава, але адбылося гэта ў тым жа, 1982 годзе. Ёсць і чарнавік выступлення Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча на мітынгу. Хочацца даць вытрымку выступлення, з якой можна пачэрпнуць шмат цікавага. “Добрымі помнікамі актыўным барацьбітам з фашыстамі, – піша Міхаіл Фёдаравіч, – з’яўляюцца мемарыяльныя дошкі і назвы вуліц нашага горада, якія носяць імёны воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў. Гэта вуліцы Я.Я.Фогеля, П.Г.Пятрова, К.Заслонава, Макарава, Вахоніна, Міхаіла Белуша, І.Ю. Філідовіча, Г.П.Русіна. І вось яшчэ адна вуліца – Жолабава. Пра яго сёння гаварылі многія, хочацца толькі пацвердзіць, што Жолабаў не толькі ўмелы арганізатар і адважны разведчык, але і таленавіты пісьменнік. Сярод яго кніг пра вайну асабліва нам дарагая кніга “На Нёмане чакаюць сваіх”. У ёй праўдзіва і яскрава паказана цяжкае становішча на Нёмане, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне вясной 1944 года. Вайна ў кнізе паказана як усенародная справа. Аўтар падкрэслівае, што сіла і непераможнасць партызан – у падтрымцы народа. Менавіта гэта падтрымка ператварыла невялікую групу з 15 чалавек у вялікі і баяздольны атрад. Жолабаў паказаў, што з фашысцкімі захопнікамі біліся, не шкадуючы жыцця, людзі розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, украінцы, палякі, чувашы, югаславы. Кнігу падараваў нашаму музею з уласнаручным подпісам Іван Аляксеевіч яшчэ ў 1975 годзе, гэта год яе выхаду. Хацелася б, каб кніга трапіла ў рукі многіх нашых дзятлаўчан і жыхароў суседніх раёнаў. Таму хачу папрасіць жонку Івана Аляксеевіча дамовіцца з Алтайскім кніжным выдавецтвам пра тое, каб з дзясятак экзэмпляраў даслалі на адрас нашага абласнога кнігадруку, калі ўбачыць свет другое выданне”.

Ці ўбачыла свет другое выданне, невядома. Але ў ваеннай экспазіцыі музея кніга ёсць. І з цікавымі фактамі вайны на Дзятлаўшчыне, убачанымі і апісанымі Іванам Аляксеевічам Жолабавым, мы пазнаёмімся наступны раз.

                     Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian