Каштоўны экспанат: кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх” (працяг)

Каштоўны экспанат

Разведчыкі спецатрада “Дружба” апынуліся ў злучэнні Сцяпана Пятровіча Шупені. Дасталі недатыкальныя прыпасы і прыгатавалі свой першы партызанскі сняданак. Потым цэлы дзень рабілі зямлянку. Дапамаглі парашуты: імі абабілі столь і сцены, стварыйшы пэўную ўтульнасць, парашуты закрылі недаробкі і дапамаглі абараніцца ад ветру і вільгаці. На нарах каля печкі паклалі дваіх сваіх параненых – Вярхоўчака і Смальянава. Пашкодзіла нагу і радзістка Тося, але Міша Ткач зрабіў ёй кастыль, і дзяўчына магла рухацца па зямлянцы. Яна ўзяла на сябе абавязак даглядаць хворых, ставіць ім кампрэсы, рабіць масаж і расціранне. Прыйшоў і партызанскі ўрач. Ён сказаў, што разведчыкам нічога не пагражае, але ляжаць прыйдзецца каля месяца.

Але бяда адна не ходзіць. Пры пасадцы згубіліся тры грузавыя мяхі. У адным з іх была батарэя да радыёстанцыі, якую на сваёй мове разведчыкі называлі “салдатам”. Гэту дынамамашыну ў паходах насілі ў спецыяльным заплечным мяшку. “Салдат” быў проста неабходным ва ўмовах варожага тылу. Ён падтрымліваў сілкаванне рацыі, якога выдавалася ўся два камплекты. Разведчыкі ў любы момант маглі застацца без сувязі. Таму вырашылі пагаварыць з камандзірамі партызанскіх злучэнняў: магчыма, нехта з партызан падабраў мяхі. Партызаны маглі забраць зброю, а “салдата” выкінуць.

Аднак згублены мех не быў апошнім выпрабаваннем. На трэці дзень знаходжання ў тыле быў сур’езна паранены Іван Фёдаравіч Школьнікаў. Ён уваходзіў у ядро спецатрада, лічыўся вопытным падрыўніком. Школьнікаў ляжаў з 14 асколкамі ад варожай гранаты. А здарылася гэта так. Праз суткі пасля прыбыцця партызаны групы Давыдава, якая дзейнічала ў пушчы, прапанавалі разведчыкам прыняць удзел у разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона ў мястэчку Дварэц. Партызаны запэўнілі, што ўсё падрыхтавана, у гарнізоне запланавана паўстанне, трэба толькі напасці, перабіць ахову, немцаў, якія спяць у асобным памяшканні, і гарнізон складзе зброю. Прываблівала магчымасць захапіць нямецкія боепрыпасы, зброю, абмундзіраванне, а галоўнае – магчымасць пераходу на бок партызан людзей, якія добра ведалі становішча ворага.

Аперацыя была няўдалай. Немцы даведаліся пра падрыхтоўку паўстання ў гарнізоне і прынялі неабходныя контрмеры: ізалявалі актыў, змянілі пароль і вартавых, выставілі дадатковыя пасты і сакрэты. Не ведаючы пра гэта, разведчыкі трапілі ў падрыхтаваны для іх капкан. У мястэчку завязаўся бой. Іван Школьнікаў і Дуся рухаліся ва ўдарнай групе. Немцы іх прапусцілі наперад, а потым адкрылі агонь і закідалі гранатамі. Некалькі чалавек адразу было забіта і паранена. Школьнікава ад смерці выратавала Дуся Мацвіевіч. Рызыкуючы жыццём, яна падпаўзла да параненага і выцягнула яго з зоны агню. Школьнікава разведчыкі адправілі ў партызанскі шпіталь. Разведчыкам, якія панеслі страты, давялося даваць у цэнтр наступную тэлеграму:

“Выкінулі на пляцоўцы Сцяпана Шупені і генерала Капусты ў Баранавіцкай вобласці. Смалянаў і Вярхоўчак спусціліся няўдала – ляжаць. Тры мяхі страчаны, адзін разбіўся. Кулямёты і карандашныя ўзрывальнікі выведзены са строю. Школьнікаў цяжка паранены ў баі. Паўночны”.

Непраходныя балоты і цёмныя бары Ліпічанскай пушчы хавалі партызан і спецатрад ад ворага. Тут быў партызанскі край, куды немцы малымі сіламі заглядаць баяліся. На захад граніцы партызанскіх атрадаў ішлі да зліцця Нёмана са Шчарай. На паўночным захадзе партызаны аблюбавалі лясныя масівы каля Нёмана аж да Бярозаўкі. Частка вёсак – Галубы, Дзям’янаўцы, Зачэпічы, Руда Ліпічанская  і іншыя – уваходзяць у партызанскую зону. На паўднёвым усходзе Шчара выводзіла да самага Слоніма. Партызанскі трохкутнікбыў закрыты немцамі шашой Слонім-Ліда-Вільня. Па шашы стаялі моцныя нямецкія гарнізоны ў Казлоўшчыне і іншых вёсках, паміж якімі ўздоўж усёй дарогі былі пабудаваны доты з кулямётнымі гнёздамі. А ў Дзятлаве – вялікім вузле шасейных дарог – з лютага 1944 года раскватаравалі штаб брыгады СС, якую ўзначальваў здраднік Камінскі. Брыгада прыбыла з Віцебскай вобласці і акружыла Ліпічанскую пушчу густой сеткай гарнізонаў, размясціўшы іх у 22 населеных пунктах і прыкрыўшы імі паўночна-ўсходнюю частку. Немцы меркавалі, што брыгада, створаная з незадаволеных савецкай уладай, крымінальных элементаў і здраднікаў Радзімы, зможа стрымаць актыўныя ўзаемадзеянні партызан, якія дыслацыраваліся ў Налібоцкай пушчы, з партызанамі Ліпічанскай пушчы. У Налібоцкай пушчы былі размешчаны асноўныя сілы і штаб злучэння партызанскіх атрадаў. Там актыўна дзейнічаў абласны камітэт партыі на чале з В.Чарнышовым (Платонам), выпускалася газета  “Чырвоная зорка”, якая несла мірнаму насельніцтву праўду пра барацьбу з фашызмам. Партызанскія ж атрады і брыгады Ліпічанскай пушчы на чале з С.П.Шупенем былі падначалены Баранавіцкаму злучэнню партызан і пры неабходнасці маглі дейнічаць сумесна. Гэтых аб’яднаных дзеянняў немцы баяліся больш за ўсё.

У Ліпічанскай пушчы на момант з’яўлення там групы Жолабава, дыслацыраваліся два партызанскія аб’яднанні. Гаспадаром Ліпічанскай пушчы лічыўся Сцяпан Пятровіч Шупеня – сакратар Шчучынскага падпольнага міжрайкама КПБ і камандзір Шчучынскага партызанскага злучэння. Па словах Жолабава, ён быў выдатным арганізатарам і сціплым таварышам, прайшоў выдатную школу грамадзянскай вайны і мірнага будаўніцтва.  З’явіўшыся ў пушчы ў сакавіку 1943 года, Шупеня хутка пазнаёміўся з абстаноўкай, стварыў моцны актыў і баявое партызанскае злучэнне. Людзі ішлі да яго, давяралі.

Да Капусты, камандзіра другога злучэння, разведчыкі трапілі пазней, калі шукалі страчаныя мяхі. Вось як апісвае Іван Жолабаў зямлянку генерала Капусты: ”У штабной зямлянцы, дзе нас прымалі Самусевіч і Капуста, пахла смалой і серай. Адчувалася, што рабілі яе глыбокай восенню і з сырога матэрыялу. Ад сырасці засцерагаў парашутны матэрыял, якім скрозь былі абіты столь і сцены. Па баках на сценах віселі аўтаматы, а на пярэдняй сцяне – партрэт Леніна і невялікая кніжная паліца з некалькімі томікамі Леніна ў чырвоным пераплёце. Там жа ляжаў стос паперы і стаяла школьная чарніліца-непралівайка. У левым куце на выхадзе – вялікая жалезная печка”.

Генерал Капуста здагадаўся, што яго партызаны захапілі выкінутыя з самалёта мяшкі разведчыкаў, загадаў разабрацца. У хуткім часе ўсё знайшлося, у тым ліку і “салдат”.

У Ліпічанскай пушчы дыслацыраваліся тры партызанскія брыгады Шчучынскага злучэння – Ленінская, Варашылаўская, “Перамога” – і атрад  “Чырвонагвардзейскі” пад камандваннем Івана Калашэінава. Штаб злучэння знаходзіўся разам са штабам Ленінскай брыгады пры атрадзе “Барацьба”, у зоне якога ў густым лесе знаходзілася і часовая стаянка разведчыкаў. Сцяпан Пятровіч Шупеня і яго намеснік па разведцы Яўген Міхайлавіч Пятроў прынялі Жолабава ў сваёй зямлянцы, якая знаходзілася за 500 ад агульнай. Абстаноўка спартанская: невялікія нары, грубы, сякерай зроблены стол, некалькі дошак замест падлогі, жалезная печка. Накрылі стол, І Шупеня расказаў Жолабаву пра РВНА (Рускую вызваленчую народную армію), якая вяла агітацыю ў акупіраваных раёнах супраць савецкай улады, збірала пад сваё крыло бандытаў і здраднікаў, нярэдка маладушных, падманутых прапагандай.  Успомніў Шупеня і адзін эпізод. У лютым вялікая група фашысцкіх наймітаў рухалася з Дзятлава на вёску Зачэпічы. Хутчэй за ўсё, яны хацелі ўклініцца ў партызанскую зону і замацавацца там. Штаб злучэння даў загад камандзіру партызанскага атрада “Барацьба” С.Смірнову стварыць моцную баявую групу аўтаматчыкаў і кулямётчыкаў і наладзіць засаду. На засаду, якая чакала каля могілак вёскі Пацаўшчына, нарвалася цэлая рота фашысцкіх наймітаў. За лічаныя хвіліны было забіта каля 40 чалавек, а 12 узята ў палон. Ад палонных партызаны тады і даведаліся, што за ваякі прыбылі  з Лепеля. Гітлераўцы паспелі зрабіць з іх сапраўдных карацеляў і забойцаў.

У такой абстаноўцы пачынала сваю вайну ў лясах Ліпічанскай пушчы група “Дружба”.

    Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian