Прэзентацыя кнігі Міхаіла Лук’янчыка “Мая Дзятлаўшчына ‒ для жыцця на зямлі”

Прэзентацыя кнігі Міхаіла Лук’янчыка “Мая Дзятлаўшчына ‒ для жыцця на зямлі” адбылася 12 чэрвеня ў  Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

             

Кніга з’яўляецца шматгадовай працай аўтара па вывучэнні гісторыі Дзятлаўскага раёна, біяграфій яго жыхароў і землякоў. “Мая Дзятлаўшчына…” выдадзена ў год 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, што з’яўляецца асабліва важным.

           

Мерапрыемства пачалося з аповеду пра жыццё Міхаіла Іванавіча. Так, ён стаў прадаўжальнікам бацькоўскай справы і ў 1976 годзе скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы, атрымаўшы дыплом настаўніка гісторыі. Жонка Міхаіла Лук’янчыка таксама працавала ў школе настаўніцай матэматыкі. У іх нарадзіліся двое сыноў ‒ Сяргей і Мікалай, для якіх зямля Дзятлаўскага раёна таксама стала радзімай. На працягу жыцця Міхаіл Іванавіч быў не толькі настаўнікам гісторыі і геаграфіі, але і дырэктарам Нагародавіцкай васьмігадовай і Раготнаўскай сярэдняй школы. Больш сямі гадоў ён адпрацаваў старшынёй сельскага савета, а ў 2016 годзе завяршыў працоўную дзейнасць у якасці старшага навуковага супрацоўніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Цяпер, як краязнаўца, Міхаіл Іванавіч займаецца вывучэннем невядомых старонак Дзятлаўшчыны і актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна.

Пасля экскурсу ў гісторыю жыцця, да аўдыторыі звярнуўся сам Міхаіл Лук’янчык, каб расказаць пра тое, як стваралася яго кніга. Па словах краязнаўцы, у даследчай дзейнасці шмат дапамагалі розныя людзі, якія рэкамендавалі тэмы для далейшага даследавання і дзяліліся ведамі. Асабліва цесна вялося супрацоўніцтва з Дзятлаўскім ваенкаматам, а менавіта з Валянцінам Абухавым, якога таксама запрасілі на сцэну, каб выказаць словы падзякі.

Не абышлося і без удзячных чытачоў, якія сачылі за даследчай дзейнасцю Міхаіла Іванавіча яшчэ на старонках газеты “Перамога” і ўжо паспелі пазнаёміцца з кнігай:

‒ Як цікава атрымліваецца, ‒ падзялілася думкамі з гасцямі Яўгенія Савань, адна з першых чытачак “Маёй Дзятлаўшчыны…”, ‒  чалавек ужо даўно пайшоў з жыцця, а памяць аб ім засталася, і працягвае жыць на старонках кнігі, у артыкулах, напісаных Міхаілам Іванавічам.

Па словах чытачоў, нават той, хто добра знаёмы з гісторыяй Дзятлаўшчыны, абавязкова знойдзе ў даследаваннях Міхаіла Лук’янчыка нешта новае і невядомае ‒ настолькі грунтоўная і глыбокая праца была праведзена.

Прэзентацыя завяршылася на лірычнай ноце: у знак падзякі за кветкі і прыемныя словы.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian