Цікавы экспанат: Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх (працяг)

Цікавы экспанат

Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх

(працяг)

Першая самастойная дыверсія

Для групы разведчыкаў “Дружба” пачалася вайна ў лясах Ліпічанскай пушчы. І пачалася яна з рэйдаў на чыгунку. Трэба было знайсці падыход, каб замініраваць рэйкі, але падыход быў толькі адзін – праз балота. Пяць дзён група разведчыкаў знаходзілася ў рэйдзе. Ёй было дадзена заданне распрацаваць маршрут на першыя сто кіламетраў руху на Брэст. Пять сутак прайшло, а супакаення не было. Групу праследавалі адны няўдачы.  Разведчыкі двойчы нарываліся на засады, прычым вельмі хуткацечныя і незразумелыя. Праціўнік нечакана пачынаў стральбу з глыбіні лесу і таксама нечакана яе спыняў. Хвалявала тое, што група не магла зразумець, хто страляў.  Сакрэт раскрыў навічок Рыгор Бондзіч. Да паступлення ў атрад ён жыў ў заходніх вёсках і добра ведаў абстаноўку. Пасля другога абстрэлу ён сказаў:

– Падобна на польскіх нацыяналістаў з рэзерву – пужаюць партызан, адганяюць ад сваіх вёсак. Пазней пераканаліся, што ён меў рацыю. Некаторыя рэакцыйныя групы Арміі Краёвай пагражалі сялянам, калі яны будуць дапамагаць чырвоным партызанам. Рэзервісты АК перад сваімі вёскамі наладжвалі засады і пры набліжэнні партызан адкрывалі агонь, але не з мэтай забіць каго-небудь, а толькі папужаць, прымусіць прайсці паўз іх сяло.

Зразумейшы такую няхітрую механіку, разведчыкі пачалі рабіць інакш: калі перастрэлка заканчвалася, яны смела ішлі ў сяло, ведаючы, што немцаў і паліцаяў там няма.  Збіралі народ, выклікалі старасту. Расказаўшы пра ўсе навіны, прад’яўлялі старасту абвінавачванне ў парушэнні рэвалюцыйнага парадку і накладалі падатак у выглядзе сала, яек, мукі і солі. У каго браць, стараста вырашаў сам, але разведчыкі папярэджвалі, каб гэта не былі сем’і беднякоў, салдатак, партызан. Выконваў стараста патрабаванні строга, баючыся, што кожная нясправядлівасць з яго боку можа адбіцца асабіста на ім. Такія зборы прадуктаў праходзілі толькі пад гарнізонамі ворага, далёка ад партызанскай зоны.

Аднойчы ў размове з селянінам Паўлам Іванавічам Трубекам разведчыкі спыталі, чаму рэзервісты дейнічаюць спадцішка, як баязліўцы. Павел Іванавіч  спачатку зніявавеў, а потым шчыра расказаў, што яны баяцца і партызан, і палякаў. Хочуць дзейнічаць самі па сабе. Аднак разумеюць, што партызаны ваююць супраць немцаў, і зайздросцяць ім. Былі б не супраць перайсці ў атрад, але іх трымаюць сілай тыя, хто ненавідзіць савецкую ўладу.

Павел Трубека пазней сам перайшоў у партызаны і добра дапамагаў разведчыкам разбірацца ў абстаноўцы. Хутка людзі Заходняй Беларусі  пазнаёміліся з групай бліжэй і не хаваліся ў лясы, актыўна выконвалі заданні, дапамагалі, чым маглі.

У красавіку 1944 года немцы прыкметна загрузілі чыгунку. Бесперапынна ішлі на ўсход эшалоны з тэхнікай і людзьмі. Разведчыкі заўважылі, што ў вагонах ужо не чуліся песні пад губны гармонік. На фронт гналі ўзроставых салдат і падлеткаў. Мужчынам ва ўзросце было не да песень, а ў маладых паступова спадаў пыл фашысцкага патрыятызму.  Разведчыкі распрацоўвалі серыю дыверсійных актаў. Акрамя матэрыяльнай шкоды, трэба было задоўга да прыбыцця на фронт сапсаваць фашысцкім салдатам настрой, падарваць іх маральны дух. Першая дыверсія была арганізавана на чыгунцы Ваўкавыск-Гродна. Група выйшла на выкананне задання 18 красавіка. Выходзілі Барыс Зубкевіч, Аляксей Нізорцаў, Алег Кануннікаў, Еўдакія Мацвіевіч, Міхаіл Ткач, Казімір Плаўшак, Улад Бялас, а з навічкоў – Аляксей Зіновіч. Да чыгункі можна было падступіцца толькі праз балота. Змерзлі, ад напружання калаціліся: ішлі па вадзе, а знізу – лёд, слізка, кожную хвіліну можна шуснуць пад ледзяную ваду. Але трымаліся, жартавалі адзін з аднаго. Перад выхадам з балота дваіх адправілі на разведку, баяліся засады. Калі раптам нарвуцца на яе, прымуць удар на сябе, дадуць магчымасць астатнім засяродзіцца і прыняць рашэнне. Праз некаторы час сігнал ліхтарыкам – усё нармальна. Выйшлі на бераг. Холад адчуваўся яшчэ мацней, вецер пранізваў да касцей, але разведчыкі нібы не заўважалі яго, пацягвалі цыгаркі ў кулак. Праз пару хвілін пачулі на чыгунцы шум вартавой дрызіны. Мініраваць было нельга, трэба чакаць, пакуль дрызіна вернецца назад, а ўжо тады можна спадзявацца, што пройдзе цягнік з тэхнікай і жывой сілай. Ляжалі ў засадзе доўга. Праз паўгадзіны іх апанавала “халодная лянота”, калі нават варухнуцца не хочацца, каб не страціць апошняе цяпло. Камандзір разумеў, што назад у ледзяную балотную ваду людзей не загоніш. Тады ён загадаў змяніць анучы ў ботах, высушыць на ветры. Затым кожны віпіў па два глыткі спірту. Трэба было яшчэ прымусіць людзей неяк актыўна рухацца.  Зубрэвіч паставіў два рухомыя пасты і пачаў пускаць людзей праз кожныя тры хвіліны. Так яны ўвесь час знаходзіліся ў руху, не адыходзячы далёка ад месца размяшчэння групы.

Дрызіна прайшла назад праз 45 хвілін. Паставілі міну Аляксей Нізоўцаў і Дуся Мацвіевіч. Было дзве гадзіны ночы, калі вярнуліся да балота. Пераход аказаўся ўдалым. На стаянцы нечакана сустрэліся з вопытным разведчыкам Анатолем Сакаловым, які вывучаў маршрут перабазіроўкі атрада ў Белавежскую пушчу. Слухаючы яго расказ, заседзеліся да раніцы, а калі пачало ўзыходзіць сонца, пачулі на чыгунцы магутны выбух і скрыгат вагонаў, якія ляцелі пад адхон. Дыверсіяй на Нёмане быў пакладзены добры пачатак баявым дзеянням групы.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian