Цікавы экспанат: кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх” (“Місія ў Дзятлаве”)

Цікавы экспанат
Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”
(працяг)
Місія ў Дзятлаве
Атрад “Дружба” працягваў партызанскую вайну ў лясах Ліпічанскай пушчы. Узнікла неабходнасць падабраць людзей, каб здзейсніць разведвальны маршрут у гушчу гарнізонаў праціўніка. На якія авантуры не кідаліся гітлераўцы вясной 1944 года! Жадаючы ўтрымаць народ пад кантролем, яны стваралі арганізацыі тыпу Саюза барацьбы з бальшавізмам або Саюза беларускай моладзі. Аднак арганізацыі гэтыя не карысталіся падтрымкай народа, моладзі. А вясной 1944 года на свет усплыла брыгада СС РВНА (руская вызваленчая народная армія). Адна назва гаварыла пра тое, што гэта дзецішча нямецкай разведкі, якая рукамі былых кулакоў, злачынцаў, здраднікаў хоча змагацца з партызанскім рухам.
Трэба было тэрмінова разабрацца з гэтым новым спараджэннем фашызму, пранікнуць у яго рады, разабрацца, з каго яно складаецца, якія задачы ставіць перад сабой, і пастарацца зрабіць усё, каб перавербаваць тых, хто памыліўся, растлумачыць ім неабходнасць пераходу ў рады партызан. У рэйдавую групу ўключылі Мікалая Маісеенку, Фёдара Дзянісава і Аляксандра Якушава. Першапачаткова маршрут выглядаў так: ад Зачэпічаў разведчыкі трапяць у Руду Ліпічанскую, а потым узлескамі дабяруцца да скіпінарнага завода. Там, па абодва бакі дарогі, ішоў вялікі лясны масіў. Злева – вёска Пацаўшчына, а справа, у баку ад асноўнай дарогі, – вёска Гірычы, а яшчэ правей – вёска Вензавец з гарнізонам. Якраз на гэтым участку лес падходзіў да самай шашы, і ноччу яе лёгка можна было перайсці. Недахоп быў у тым, што потым пачынаўся вялікі ўчастак без лесу, але да Дзятлава адтуль рукой падаць. Яўген Міхайлавіч Пятроў маршрут забракаваў, сказаўшы, што ён быў добры месяцаў шэсць таму. Па ім партызаны доўга хадзілі, але немцы пранюхалі і пачалі наладжваць засады, а днём на дробныя ўзлескі пасылаць салдат. Ён параіў ісці праз Дзям’янаўцы і далей на Аляксандравічы. Там шмат яроў, у якіх можна захінуцца ноччу, а днём прыстаць да людзей, якія ідуць на рынак. Параду Пятрова прынялі да ўвагі, паспяхова дабраліся да Дзям’янавіч. У вёсцы купілі мёд, яйкі і масла, якія былі неабходныя для таго, каб з’явіцца на рынку. Нямецкія грошы ў разведчыкаў былі, і за кошт яны не трымаліся. Перад самым вечарам рушымі на хутар, які знаходзіўся за дванаццаць кіламетраў ад Дзям’янавіч. Там бывалі ўжо не аднойчы. На хутары жыў дзядзька Максім і яго жонка Алена Станіславаўна. У Максіма два сыны – Стасік і Вітус – партызанілі, а дачка Таня была пры бацьках. Хутар стаяў у нейтральнай зоне. Калі глядзець проста на захад, то злева ад самага лесу пачыналася партызанская зона Ліпічанскай пушчы, а справа была тэрыторыя, якая кантралявалася нямецкімі гарнізонамі. На хутар у любы час маглі зазірнуць і паліцаі з бліжэйшых гарнізонаў, і рэакцыйна настроеныя палякі, каб адпачыць, паесці і дазнацца пра апошнія навіны ад гаспадара. Гаспадарам даводзілася ўжывацца з усімі.
За сняданкам гаспадар хутара, даведаўшыся, што разведчыкі едуць у Дзятлава, раскрытыкаваў іх за адзенне, падрабязна растлумачыў, што і як. Жолабаву было сорамна, што паспадзяваўся на свае веды і вопыт, хацеў сунуцца ў самае пекла, падстрахаваўшы сябе толькі дакументамі. А выгляд? Хто паверыць, што яны тутэйшыя сяляне? Пераапрануліся, гаспадар некаторым паправіў стрыжкі. А Таня, яго дачка, прывяла хлопца, які служыў у паліцыі, але жадаў уступіць у партызаны. Хлопца звалі Мікалай Шайтэр, да вайны скончыў у Віцебску курсы сувязістаў. Сам родам з вёскі Юданаўка Лепельскага раёна. Як сувязіст, ён добра ведаў размяшчэнне нямецкіх гарнізонаў, прозвішчы камандзіраў, даводзілася яму чуць і пра тое, што захоўваецца ў сакрэтных сейфах. Пагаварыўшы з хлопцам, вырашылі пакінуць яго пакуль у паліцэйскай брыгадзе як крыніцу інфармацыі.
Узначаліць групу для паедкі ў Дзятлава ўзяўся дзядзька Максім. Ён хацеў узнавіць свае сувязі, якія спатрэбяцца ў далейшым, а таксама дапамагчы разведчыкам набыць неабходныя рэчы, у тым ліку адзенне. Пакуль было светла, вырашылі дабрацца да вёскі Парэчча, каб пераначаваць у радні Максіма. З ім паехалі Мікалай Майсеенка і Фёдар Дзянісаў, а Жолабаў з Якушавым вярнуліся ў партызанскі лагер. Партызанская місія ў Дзятлаве прайшла паспяхова.
А ў хуткім часе, сабраўшы на брыгаду забойцаў матэрыялы, быў вынесены партызанскі прысуд здрадніку Камінскаму. А вось выканаць яго сталася не так проста. Сустракалася столькі перашкод, што мерапрыемствы партызан або не дасягалі мэты, або ў самым пачатку аказваліся нерэальнымі. Выканаць прысуд хацелі многія, прапаноўвалі розныя планы. Ініцыятыву разведчыкаў кіраўніцтва не стрымлівала, таму аперацыю рыхтавалі па некалькіх накірунках. Хацелі падарваць Камінскага на міне. Разведчыкі ведалі, што Камінскі ездзіць на інспектаванне ў свае гарнізоны ў рускім браневіку, мусіць, захопленым немцамі ў адным з баёў, а спераду і ззаду ішлі машыны з аховай. Было некалькі выпадкаў, калі Камінскі садзіўся ў кабіну грузавой машыны. Групе Мацвіевіч загадалі асядлаць шашу Навагрудак-Дзятлава, на ўчастку якой было некалькі гарнізонаў брыгады, і падарваць бранявік. Пяць дзён сядзелі разведчыкі ў засадзе, пераходзілі з месца на месца, падарвалі і спалілі ў гэты час чатыры нямецкія аўтамашыны, а бранявік так і не паказаўся. Разведчыкам за вытрымку і настойлівасць нават была выказана падзяка, але мэта так і не была дасягнута.
Аднойчы паведамілі, што Камінскі павінен паехаць у Гродна па нейкіх справах. Вырашылі выкарыстаць гэты выпадак. Доўга гадалі, па якой дарозе паедзе здраднік: Дзятлава-Ліда-Гродна ці Дзятлава-Жалудок-Масты-Гродна. Каб не памыліцца, арганізавалі засады на абедзвюх дарогах. Пільнавалі два дні, але поспеху зноў не дасягнулі. І тады прыйшлі да высновы, што трэба вывучыць падыходы да асабняка ў Дзятлаве, выявіць сістэму аховы і напасці ноччу, папярэдне абрэзаўшы тэлефонныя правады. Разведчыкі імкнуліся уздзейнічаць на салдат гарнізона Каменскага, раскідалі лістоўкі з заклікамі пераходзіць на бок партызан. Многія хацелі гэта зрабіць, але не маглі: Камінскі трымаў іх сем’і ў якасці заложнікаў. А яшчэ кожны салдат гарнізона павінен быў даваць прысягу на вернасць германскаму фашызму і ўступаць у рады НСРПР (нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Расіі). Хутка аперацыю па знішчэнні Камінскага давялося адкласці. Варожыя гарнізоны пачалі блакіроўку Ліпічанскай пушчы. Пачалася аперацыя 3 чэрвеня 1944 года. Перш за ўсё немцы захапілі дарогу Дзятлава-Жалудок і Слонім-Дзятлава-Ліда. Пачалі будаваць дзоты з кулямётамі, амбразурамі як каля дарогі, так і ў бок лесу. На ўзвышэннях былі пастаўлены кулямётныя гнёзды – на выпадак, калі партызаны паспрабуюць прарвацца праз шашу і рушыць на злучэнне з галоўнымі сіламі партызанскіх злучэнняў Баранавіцкай вобласці ў Налібоцкай пушчы. Каб скаваць манеўранасць партызан у трохкутніку Ліпічанскай пушчы, акрэсленым левым берагам Нёмана і правым Шчары, карацелі ўмацавалі дарогу Воля – Руда Яварская – Мядзвінавічы. Шчучынскае злучэнне партызан аказалася разарваным на дзве часткі. У названым трохкутніку знаходзілася партызанская брыгада імя Варашылава пад камандаваннем Пятра Кузьміча Макарава. У яе уваходзілі чатыры атрады: імя Дзяржынскага, імя Панамарэнкі, імя Калініна і імя Варашылава. Брыгада па колкасці была невялікай, але яе баявітасці і згуртаванасці можна было пазайздросціць. Пра справы брыгады не раз пісалі газеты, а пра асобных байцоў хадзілі легенды. Брыгадзе было наканавана прыняць галоўны ўдар фашыстаў.
Сёмага чэрвеня ў восем гадзін раніцы артылерыя і мінамёты карацеляў пачалі абстрэл лесу. Стралялі бязлітасна і доўга. Агонь карэктаваўся ў паветры, але і так было зразумела, што праціўніку вядома месцазнаходжанне атрадаў. Заставацца на базе было нельга. Вырашылі рухацца ў той масіў, які паказаў дзядзька Максім. Там была вядомая пераправа за Нёман, там працягнуты і тэлефонныя кабелі карацеляў, у якія партызаны павінны ўключыцца. У жыцці пушчы настаў самы адказны момант. Партызанам трэба было не толькі выстаяць, але і захаваць сілы.
(працяг будзе)
Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Іван Аляксеевіч Жолабаў у маладосці

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian