Цікавы экспанат: кніга Івана Жолабава “ На Нёмане чакаюць сваіх” (“Дні выпрабаванняў”))

Цікавы экспанат

Кніга Івана Жолабава “ На Нёмане чакаюць сваіх”

(працяг)

Дні выпрабаванняў

Сёмага чэрвеня 1944 года пачаліся мерапрыемствы праціўніка, накіраваныя на знішчэнне партызанскіх фарміраванняў у лясах Ліпічанскай пушчы. Гітлераўцы хацелі заняць важныя ў стратэгічных адносінах высоты, замацаваць свае пазіцыі на шашы і берагах рэк і моцным артылерыйскім агнём знішчыць месцы дыслакацыі партызан, тым самым рассеяць партызанскія сілы, знізіць іх баяздольнасць, прыціснуць да водных рубяжоў і расстраляць з кулямётаў або ўзяць у палон.

Да месца новай стаянкі група Жолабава прыбыла тады, калі салдаты праціўніка ланцугамі зайшлі ў лес і пачалі яго прачэсваць. Партызаны абараняліся. Лес агаласіўся доўгімі кулямётнымі і аўтаматнымі чэргамі, час ад часу чуліся выбухі снарадаў і мін. Разведчыкі данеслі, што варожыя танкі пайшлі на партызанскія вёскі, а ў лес не ідуць, баяцца мін.

Лясны масіў, дзе спыніліся разведчыкі, аказаўся нашмат лявей ад карацеляў. Значыць, немцы паўтарылі маршрут 1943 года. Таму Жолабаў вырашыў не адпраўляць радыстку на астравок гаспадара хутара. Пра гэты астравок, акрамя Зубкевіча і Жолабава, ніхто не ведаў. У выпадку неабходнасці там будуць схаваны аператыўныя дакументы. Днямі з Масквы была атрымана тэлеграма, якая забараняла насіць іх з сабой. Сітуацыя ў пушчы гэта пацвярджала. Усякае магло здарыцца.  Таму вырашылі схаваць дакументы ў скрыні з-пад патронаў і закапаць у схроне.

На трэці дзень праціўнік узмацніў націск на партызанскія пазіцыі. Першую палову дня Варашылаўская брыгада стрымлівала націск. Аднак перавага фашыстаў у тэхніцы і людскіх рэзервах заўважалася. Крытычны момант настаў, калі танкі праціўніка ўварваліся ў Карытніцу і Дубраўку. Стварылася рэальная пагроза адсячэння брыгады ад вялікага ляснога масіва. Трэба было тэрмінова адыходзіць.

Да канца дня брыгада з баямі пачала адступаць праз Гуту, Навасёлкі, Крупіцы, Маскалі. Згодна з загадам Шупені атрад “Чырвонагвардзейскі” прыкрываў адыход. Ён замацаваўся ў Маскалях і ўступіў у няроўную барацьбу з карацелямі. Добрыя словы варта сказаць пра камандзіра атрада І.Д.Калашэінава і камісара І.Глазкова, байцоў атрада, якія праявілі ў гэты момант мужнасць і адвагу, змаглі затрымаць праціўніка. Аб гэтым прарыве блакады ў архівах атрада захавалася некалькі пісьмаў Шупені. Вось, напрыклад, што напісаў ён 10 чэрвеня 1944 года ў 12 гадзін дня.

“Таварыш Паўночны!

Абстаноўка: праціўнік заняў усе вёскі. Частку Крупіц карацелі спалілі. У лагерах нашых праціўнік яшчэ не быў. Сёння туды хадзіла наша разведка, узялі прадукты і вярнуліся назад. Я знаходжуся з Ленінскай брыгадай. Варашылаўскую паслаў у Дубароўшчынскі лес, каб адтуль прайсці па тылах праціўніка.    Але пасля адпраўкі брыгады Варашылава ніякіх звестак ад іх няма. Таксама нічога не вядома пра брыгаду Булака. Я з брыгадай адсюль нікуды не пайду. Для таго, каб вызначыць сілы праціўніка і яго планы, ствараю групу жадаючых дастаць языка. Учора перадаў Маскве пра цяжкае становішча. Ёсць недакладныя дадзеныя пра блакаду нас да 20-га чэрвеня. Спрабую ўдакладніць”.

У першыя ж дні блакады праціўнік прымусіў партызан актывізаваць разведку. На другі дзень разведчыкі атрымалі дадзеныя, што немцы збіраюцца наводзіць капітальныя масты праз Шчару і Нёман. Такое паведамленне насцярожвала і інтрыгавала. Ва ўсякім выпадку, трэба было тэрмінова пераправерыць, таму што своечасова раскрытыя планы праціўніка маглі мець пэўны інтарэс для Генеральнага штаба. Зубкевіч падабраў некалькі баявых хлопцаў і пайшоў у пушчу. Жолабаў наладжваў страчаныя сувязі. Спытаў пра будаўніцтва мастоў Шупеню, на што той адказаў, што таксама меў такія звесткі, аднак іх неабходна ўдакладняць.

Зубкевіч прысылаў адно паведамленне за другім. З іх Жолабаў даведаўся, што карнікі ў раёне Вялікай Волі занялі шэраг вёсак, прачэсваючы лес, захапілі 15 яўрэяў з сямейнага лагера і адправілі іх у Слонім. Сувязіст Юрык наладжваў сувязь у занятых партызанамі вёсках. Ён навучыўся пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання падключацца да кабеля і падслухоўваць размовы карнікаў. А потым расказваў сябрам, што не можа ноччу спаць, наслухаўшыся размоў: яму здавалася, што карнікі пахнуць крывёй. Узяць хаця б размову камандзіра трэцяга палка карнікаў Трошына з такім жа катам Шавыркіным, у якой ён расказаў, як фашысты прыціснулі да Нёмана 35 жанчын і дзяцей, у большасці гэта былі яўрэі, загналі іх на пясчаны насып і расстралялі, а потым выразалі на льбах і спінах недабітых пяціканцовыя зоркі.

Вярнуліся з задання Міша Ткач, Аляксандр Якушаў і Дуся Мацвіевіч і расказалі пра лёс партызанскай брыгады імя Варашылава, якая прабіралася на ўсход. Пра яе Шупеня ўжо доўгі час не меў ніякіх звестак. Аказалася, варашылаўцы паспяхова перабраліся праз Шчару на плытах якраз у тым месцы, дзе трымала абарону брыгада П.І.Булака “Перамога”, якая і паспрыяла паспяховаму пераадоленню воднага рубяжа.  Варашылаўцы адыходзілі на Дубароўшчыну, Падвялікае, Тартакі, каб прарваць нямецкую абарону ў раёне Тартакоў. Да пяці гадзін раніцы 10 чэрвеня брыгада сканцэнтравалася ў раёне вёскі Гарадкі Казлоўшчынскага раёна. Дасканала вывучылі маршрут і выявілі, што ўздоўж шашы на адлегласці 100-150 метраў праціўнік пабудаваў дзоты, а ўсе населеныя пункты, што прылягаюць да шашы, заняты войскамі праціўніка.

Другога выйсця, акрамя як ісці на прарыў, не было. Камандзір брыгады Макараў загадаў камандзіру атрада імя Варашылава В.Я. Шубадзёраву штурмаваць абарону ворага ў накірунку моста на шашы, які знаходзіўся за кіламетр на поўдзень ад вёскі Руда, замацавацца і даць магчымасць перайсці шашу атраду імя Калініна. Камандзіру атрада імя Дзяржынскага Южакову было загадана ў 24 гадзіны пачаць правыў абароны немцаў у накірунку перакрыжавання шашы Тартакі-Руда і затым падтрымаць рух наперад атрада імя Панамарэнкі.

І вось гэты няроўны бой пачаўся. Партызаны змагаліся па-геройску. Брыгада страціла 17 забітымі і 12 параненымі. А група падрыўнікоў выдатна выканала сваю задачу: за пяць начэй паставілі тры міны на важнейшай чыгуначнай магістралі Баранавічы-Вільнюс, падарвалі тры варожыя эшалоны. У архіве атрада захаваўся акт пра знішчэнне першых двух эшалонаў. Вось выпіска з яго: “Ноччу чацвёртага чэрвеня на ўчастку чыгункі Наваельня-Ліда ўзарваўся на міне вайсковы эшалон. Выбух адбыўся ў дзве гадзіны ночы. Разбіты паравоз і сем вагонаў з жывой сілай з брыгады РВНА. Дакладная колькасць забітых не вызначана. У самім паравозе забіты машыніст і тры немцы. Адзін немец паранены. Другі эшалон узарваны на ўчастку Ліда-Наваельня ў восем раніцы шостага чэрвеня. Разбіты паравоз, дзве платформы, восем вагонаў са зброяй і боепрыпасамі. Рух перапынены на 24 гадзіны. Пашкоджана 200 метраў палатна.

Камандзір дыверсійнай групы Е.Мацвіевіч, члены групы М.Ткач, А.Якушаў, К.Плаўшак”.

             Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian