Цікавы экспанат: кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх” (План для ўсіх адзін)

Цікавы экспанат

Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”

План для ўсіх адзін (працяг)

Навучыўшыся падключацца да тэлефоннай сувязі праціўніка, група Жолабава даведалася, што пра іх дзеянні карнікі ведаюць усё. Значыць, у атрадзе ёсць здраднік. Але хто ён? Хто за імі сочыць і перадае звесткі пра кожны крок? Можа, баец Лейба Стоцкі, які днямі дапусціў самавольную адлучку? Калі ў яго спыталі, чаму ён дазволіў сабе самавольна пакінуць лагер, ён пабялеў і страшна спалохаўся. А потым заплакаў і расказаў, што ноччу не спаў, калі даведаўся, што карнікі жорстка расправіліся з жыхарамі яўрэйскага сямейнага лагера. Два байцы, Франкель Пінхас і Нотэль Ажакоўскі, якія выйшлі з лагера на гадзіну раней, уратаваліся, схаваўшыся ў вішняку. Яны і сталі сведкамі расправы. П’яныя і мокрыя, па горла змазаныя балатнай граззю карацелі дзіка рагаталі ад выпітага спірту і злавалі ад няўдачы: ім не ўдалося прыціснуць да Нёмана партызан. Таму і знайшлі выйсце сваёй злосці – ва ўпор расстрэльвалі безабаронных ахвяр. Потым пачалі здзекавацца з мёртвых, выразаючы на лбах і спінах пяціканцовыя зоркі, творачы з жанчынамі садысцкія непрыстойнасці. Хіба мог Лейба, яўрэй, сядзець спакойна, ведаючы, што ў тым лагеры яго родныя? Стоцкаму паверылі. Але думка пра здрадніка, які быў недзе побач, не пакідала Жолабава.

Наведаліся на хутар дзядзькі Максіма, які расказаў, што да яго часта заходзіць Самсонаў з узводам салдат, а з хутара з некалькімі чалавекамі робіць “прагулкі” ў лес. Дзядзька Максім меркаваў, што ў лесе Самсонаў сустракаецца са сваёй агентурай. Аднак звесткі трэба праверыць.

Нечакана ў лагер прыходзіць тэлефанаграма, што ў раён прыбыў здраднік Камінскі. Неабходна дзейнічаць, давесці аперацыю па яго знішчэнні да канца. Захапіўшы міны, выйшлі на дарогу, што вяла ў Дзям’янаўцы і Маскалі. Хацелася верыць, што Камінскі перад новым наступленнем на пушчу адправіўся ў экспедыцыю па гарнізонах. Лепшай магчымасці расквітацца з ім не магло і быць. Дзве міны паставілі за тры кіламетры ад вёскі. Гарнізон быў блізка, але ў другім месцы ставіць міны не выпадала: бранявік Камінскага мог аб’ехаць каляіну, дзе заложана міна.  Пайшлі на рызыку і выбралі такое вузкае месца, дзе шафёр будзе весці машыну менавіта каляінай. Другую міну паставілі на абгоне на ўсякі выпадак. Залеглі ў засадзе і пачалі чакаць. Спачатку жартавалі адзін з другога. А потым запанавала цішыня. Кожны думаў пра сваё, кожнаму хацелася нарэшце расправіцца са здраднікам, які прынёс свайму народу столькі слёз і пакут. Нават тут, у пушчы, спіс яго злачынстваў быў вельмі вялікі: спаленыя вёскі, тысячы людзей, адпраўленых на работы ў Германію, забраная жывёла, вытаптаныя пасевы, сотні забітых старых і дзяцей.

Удалечыні пачуўся гул матора. Толькі аднаго. Чаму няма танкаў, якія ахоўваюць здрадніка? Няма аховы – няма Камінскага. Але змяніць што-небудзь было ўжо позна. Бранявік спакойна ішоў на міну. Пачуйся выбух, аўтаматныя чэргі. У гарнізоне адчулі нядобрае, завухкала артылерыя. Бранявік гарэў, побач валяўся забіты шафёр. Больш нікога не было. Партызанам трэба тэрмінова адыходзіць, бо зараз карнікі прымуць меры ў адказ. Толькі раніцай даведаліся, што бранявік ішоў у суседні гарнізон па намесніка камбрыга Бялая. Трэба было пачынаць усё спачатку. Зноў Камінскі пазбег расправы.

8 чэрвеня 1944 года Цэнтральны камітэт КПБ напіраваў падпольным партыйным арганам і партызанскім злучэнням дэрэктыву, у якой ставіў задачу нанесці магутныя ўдары па чыгуначных камунікацыях праціўніка і паралізаваць яго перавозкі. Першы ўдар меркавалася нанесці 20 чэрвеня, а далей дзейнічаць бесперапынна, дабівацца поўнага зрыву перавозак.  Партызаны разумелі, што намячаецца новае наступленне Савецкай Арміі, і пачалі актыўную падрыхтоўку да серыі дыверсій на ўчастку Гродна-Ліда. Але здзяйсняць дыверсіі стала ўсё цжэй. Немцы таксама прымалі меры. Перад тым, як па чыгунцы пройдзе эшалон, пускалі вагоны з пяском, потым ішла група немцаў-аглядчыкаў, якая правярала падазроныя месцы. Яны ведалі дарогу вельмі добра, заўважалі нават перакладзены на другое месца камень. Безумоўна, можна паставіць міну перад самым праходам цягніка. Але стрымлівала тое, што пасля выбуху, калі трэба было адыходзіць, нельга было мінаваць Заполле. У такіх умовах наўрад ці ўдасца да падыходу немцаў схаваць свае сляды  на лясных сцежках.

Пасля доўгіх перагавораў з разведчыкамі, якія шукалі зручнае месца для дыверсіі, спыніліся на месцы, дзе можна паставіць міну перад самым падходам цягніка і адысці ў небяспечнае месца. Да світання выкапалі і замаскіравалі яму для міны. У шэсць гадзін прайшоў цягнік з драблёным каменем, тры платформы ішлі спераду паравоза, а тры – ззаду. Машыніст, высунуўшыся з акна паравоза, уважліва назіраў за профілем дарогі. Ён кожную секунду чакаў выбуху пярэдняй платформы і гатовы быў спыніць ход паравоза. Сёння яму шчасціла: на гэтым участку мін не было, і паравоз паціху рухаўся ў бок Ліды. Праз паўгадзіны паказаліся два абходчыкі. Ішлі не спяшаючыся і раптам спыніліся непадалёку ад таго месца, дзе была замаскіравана яма пад міну. Доўга стаялі, гаварылі, гледзячы ў той бок. Няўжо заўважылі?  Абстаноўка стала яшчэ больш напружанай, калі адзін абходчык пайшоў далей, а другі павярнуў назад. Сачыць за тым, хто пайшоў назад, загадалі Пільгуну, а ў выпадку сустрэчы абходчыка з немцамі, страляць з прыстасавання для бясшумнай стральбы. На шчасце, абходчык не звярнуў да будкі з немцамі, а проста кіраваў на станцыю.

У восем гадзін з боку станцыі пачуўся  паравозны гудок. Настала пара рашучых дзеянняў. Кожны член групы меў сваё заданне.  Кануннікаў і Сінкевіч пабеглі да палатна і хуценька заклалі міну ў падрыхтаваную яму. Ад міны цягнуліся два дэтануючыя шнуры, на іх канцах знаходзіліся выбухоўнікі, якія трэба было пасадзіць на хлебны мякіш насустрач ходу паравоза – па адным на кожную рэйку. Усё зрабілі своечасова. Машыніст набіраў хуткасць, упэўнены, што небяспека адсутнічае.  У той час, калі група перайшла аржаное поле і апынулася ў лесе, на чыгунцы пачуўся скрыгат жалеза  і трэст досак вагона. Пазней даведаліся, што выбухам быў разбіты паравоз і восем вагонаў з ваеннай тэхнікай. Пачатак выкананню дырэктывы быў пакладзены.

(працяг будзе)

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian