Цікавы экспанат: кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх” (“Дарога, поўная перашкод” (працяг)

Становішча ў Ліпічанскай пушчы ўскладнялася з кожным днём. Пасля падрыву браневіка, якія належаў камандаванню СС РВНА, на атрад пачалося сапраўднае паляванне. Падагрэла сітуацыю яшчэ і тое, што на другіх мінах разнесла на часткі сем карацеляў, а дванаццаць былі сур’ёзна паранены. Ад смерці разведчыкаў ратавала добра наладжаная служба падслухоўвання, якая дазваляла своечасова дазнавацца пра намеры ворага, дзелавыя сувязі ў брыгадзе і добрыя праваднікі, якія ведалі пушчу як свае пяць пальцаў. Некалькі разоў вораг прыходзіў на месцы іх стаянак, калі ад вогнішчаў яшчэ тлелі вугельчыкі. Пад падазрэнне трапіў разведчык атрада Мікалай Шайтар, засланы ў гарнізон сувязістам. Ён, рызыкуючы жыццём, сабраў важнейшыя матэрыялы пра асабісты склад брыгады праціўніка. Аднак Шайтар паспеў перайсці да партызан. Карнікі зноў збіраліся прачасаць балота. У атрада Жолабава не было сувязі з Ленінскай брыгадай ужо некалькі дзён, Жолабаў чакаў сувязі з Масквой, а пасля гэтага атрад павінен быў змяніць месца дыслакацыі і наступны раз выйсці на сувязь з цэнтрам з другой кропкі.

Актыўная страляніна ў лесе пачалася тады, калі радыстка Тося Белякова скончыла перадачу радыяграм пра асабісты склад брыгады карацеляў, пра вайсковыя перавозкі на дарогах, пра праведзеныя дыверсіі, пра становішча ваеннапалонных, пра настрой сялян навакольных вёсак. Засталося яшчэ некалькі паведамленняў, але затрымлівацца не было магчымасці. Рушылі па вызначаным маршруце, бо варожыя ланцугі ішлі проста на лагер Жолабава. Сярод балота былі так званыя “астраўкі шчасця”, на якіх можна было схавацца і заняць абарону. На такі астравок і трапіла група. Склалася ўражанне, што карацелі наладзілі вялікі паляўнічы загон і што прамога бою пазбегнуць не ўдасца. Галоўнае – дацягнуць да цемнаты. Група Жолабава чула, як карнікі спрабавалі сунуцца ў балота, як разважалі над тым, дзе зараз партызаны. Ворагі былі зусім побач. Некалькі разоў спрабавалі яны сунуцца ў балота, але кожны раз паварочвалі назад. Так паступова, радамі, і прасоўваліся да Нёмана. Камандзір разумеў, што яны не пройдуць па балоце, і загадаў выпусціць па астраўку аўтаматныя чэргі. Але партызаны былі метраў за 150 ад краю балацявіны, таму варожыя кулі не маглі іх дастаць.

Калі галасы карацеляў аддаліліся, партызаны зразумелі, што іх пранесла. Але сядзець на астраўку давялося некалькі сутак. Карацелі не адыходзілі, а ўсё круціліся вакол вострава і балота, аднойчы нават абстралялі з пушак. Але балота вялікае, і стралялі здалёку. Галадалі, але неяк трывалі, горш было без курыва, пакуль не дадумаліся курыць падсушаны на агні бярозавы ліст. Ужо перадалі па радыё, што нашы ўзялі Віцебск, Жлобін, Глуск, Оршу. Гэта падтрымлівала, падымала баявы дух.

Толькі праз некалькі дзён з-пад Шчучына вярнуліся Аляксей Нізоўцаў і Мікалай Гомельскі, яны паведамілі, што ворагі разышліся па сваіх гарнізонах. Шлях для выканання новых аператыўных заданняў быў адкрыты.

Але перш за ўсё трэба было пераправіцца на процілеглы бераг Нёмана і назапасіць харчавання. Стварылі дзве групы: адна з іх пайшла на паўночны захад, а другая – у кірунку паўночней Дзятлава. Трэцяй групе было даручана дастаць некалькі лодак для пераправы праз Нёман. Часу мала – заўтра вечарам павінны быць за Нёманам. А самае галоўнае, трэба сустрэць людзей, якія павінны перадаць новыя звесткі пра абстаноўку.

Да Нёмана прыйшлі ў сем вечара. Цеплыня, хацелася кінуцца ў ваду, пакупацца, змыць з сябе пот і бруд, але нельга: вакол вораг. Пераправіліся ў трох лодках. Рыгор Бондзіч і дзесяць байцоў засталіся разам з гаспадарчым узводам у Ліпічанскай пушчы. Яны затаіліся і ўважліва сочылі за супрацьлеглым берагам. Калі раптам пачнецца абстрэл лодак, яны прыкрыюць партызан і дапамогуць высадзіцца на бераг. Жолабаў спецыяльным загадам, які зачытаў перад строем, прызначыў Бондзіча камандзірам. Цяпер ён адказны за маёмасць атрада: дакументы, частку ўзрыўчаткі, зброю, якая схавана ў схронах. Да шостага ліпеня Бондзіч павінен падрыхтаваць схрон для прадуктаў. Ён разумее адказнасць і ўсё зробіць як трэба. Сярод людзей, якія засталіся ў распараджэнні Бондзіча, былыя салдаты РВНА, якія перайшлі на бок партызан. Жолабаў просіць адносіцца да іх аб’ектыўна, не чапляцца, каб не ўзнік канфлікт.

За Нёман пераправіліся без прыгод і вырашылі завітаць на бліжэйшы хутар, каб падмацавацца. Хутар стаяў метраў за дзвесце ад дарогі. Вакол палі, засеяныя жытам, ячменем і аўсом. Гаспадар выйшаў насустрач. Адразу відаць: сустракацца з партызанамі яму не вельмі хочацца. Адказваў на пытанні суха, без жадання, абвінавачваў Саветы за няправільныя адносіны да хутарскіх аднаасобнікаў, адмоўна адзываўся пра калгасы. Сядзеў пазней за сталом як на іголках, быццам баяўся, што яго вось-вось выкрыюць як злачынцу. Коней таксама адразу не хацеў даваць. Ад усяго, што адбывалася на хутары, было неспакойна на сэрцы. Нешта хвалявала, увесь час здавалася, што за партызанамі сочаць. Тым больш што дачка гаспадара шапнула Гомельскаму: у хаце быў госць.

Калі выехалі на двух конях з хутара, нарваліся на засаду. Трэба было прабірацца на палявую дарогу за гарой. Кінулі каня і, адкрыўшы агонь, пабеглі да гары, потым праз жытнёвае поле на захад. Хутка праследаванне прыпынілася і партызаны заўважылі, што няма Шайтара і сумкі з батарэямі для перадатчыка. Дзе ён падзеўся? Вярнуцца назад да вёскі? Гэта было небяспечна, можна загубіць людзей. Калі дабраліся да бяспечнага месца, стомленыя, тут жа заснулі. Жолабаву не спалася, ён аналізаваў тое, што адбылося, і разумеў: ім пашанцавала, бо была наладжана засада, усіх маглі перастраляць.

Раніцай усё склалася выдатна: партызаны своечасова прыбылі на сустрэчу  ў маёнтак у Жалудку, дзе іх чакаў Эдуард Уладзіслававіч, і правялі яе па-дзелавому. Тут высветлілася, што польскія патрыёты апошнім часам падзяліліся на два лагеры. Адны чакаюць Чырвоную Армію, жадаюць ваяваць разам з партызанамі, а тыя, хто падтрымлівае лонданскі ўрад, выступаюць супраць кантактаў з партызанамі. Крыху пазней таксама высветлілася, што Шайтар быў забіты і немцы павезлі яго для апазнання, таму што быў апрануты ў вайсковую форму. Разам з ім паехалі і батарэі для рацыі. У той момант Жолабаў упершыню адчуў, наколькі дарагім быў для яго Шайтар, як шмат ён зрабіў для іх групы – групы савецкіх разведчыкаў. Разведчыкі ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання. Настрой быў невясёлы. Акрамя сустрэчы з сувязным, дзейнічалі ўпустую, ніякіх вынікаў. Адно суцяшала: Смальянаў дамовіўся з палякам-абходчыкам, што той дасць сігнал, калі пройдуць немцы, каб разведчыкі маглі перайсці праз чыгунку і рушыць у патрэбным кірунку, да новага лагера ў Шчучынскім лесе. Паляку далі за дапамогу 600 нямецкіх марак. Спусціліся ў лог, потым дабеглі да лесу і рынуліся, зняможаныя, на зямлю. Хвілін пяць адпачынку – і зноў у паход. Разведчыкі павінны дайсці туды, дзе размешчана іх новая база.

(працяг будзе)

            Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian